Сусветныя цікавосткі: Два Тайваня, Wi-Fi ці смерць, каты і турма
Ці будзе два Тайвані — адзін будзе імкнуцца да рэінтэграцыі ў склад Кітая, а другі змагацца за незалежнасць ад Пекіна. Як мексіканская мафія ўзбагачаецца на тэхналогіях. Турэмны бунт праз катоў.

SAM YEH / AFP
Замест аднаго Тайваня будзе два?
У мінулы ўік-энд на Тайвані прайшлі прэзідэнцкія выбары, на якіх перамаглі прыхільнікі незалежнай тайваньскай дзяржавы. Вынікі выбараў тлумачаць як імкненне тайваньцаў да незалежнасці, але на самай справе не ўсё так проста. Карта вынікаў тайваньскіх выбараў вельмі дакладна паўтарае этналінгвістычную карту Тайваня. Пракітайская партыя «Гаміньдан» атрымала галасы кітайцаў, якія ў свой час перасяліліся з мацерыка і таму гавораць на паўночнакітайскім дыялекце кітайскай мовы. Яны, як правіла, пражываюць на поўначы выспы. У сваю чаргу партыя, якая выступае за незалежнасць з апорай на падтрымку ЗША, не карыстаецца падтрымкай у гэтым рэгіёне. Яе сацыяльная база — правінцыі, дзе акрамя гэтай агульнакітайскай мовы распаўсюджаны тайваньскі дыялект «хокло», а насельніцтва вядзе сваё паходжанне з прыморскай правінцыі Фуцзянь. Насельніцтва Фуцзяні і іншых паўднёвых правінцый моцна адрозніваецца ад ханьскай большасці ў культурным плане. Такім чынам, не выключана, што ў будучыні мы атрымаем два Тайвані — адзін будзе імкнуцца да рэінтэграцыі ў склад Кітая, а другі змагацца за незалежнасць ад Пекіна.
Паводле брытанскай прэсы
Wi-Fi ці смерць!

Фота: pixabay.com
Мексіканская мафія адкрыла новую крыніцу ўзбагачэння. Мафіёзі пагражаюць уладальнікам і жыхарам кватэр праблемамі, калі яны не будуць карыстацца (відавочна, не бясплатна) сеткай Wi-Fi, падкантрольнай крыміналу. Прычым пакаранне за нежаданне карыстацца той Wi-Fi можа быць вельмі суровым — аж да забойства. Практыка атрымала такі маштаб, што прыйшлося ўмяшацца ўладам. На мінулым тыдні ў горадзе Мічаакана федэральная паліцыя пачала канфіскоўваць антэны, камп'ютарнае абсталяванне і маршрутызатары мясцовага злачыннага картэля. У ходзе аблавы ў рукі паліцыі патрапілі дакументы, якія дазвалялі ацаніць гешэфты ад такога бізнесу. На прымусе людзей выкарыстоўваць свой Wi-Fi мафія зарабляла да 150 тысяч долараў ЗША ў месяц. Пры гэтым часцяком мексіканцам проста не заставалася іншага выйсця, як фінансава падтрымліваць мафію праз падпіску на іх сетку Wi-Fi. Картэль выразаў доступ у горад іншых інтэрнэт-правайдараў шляхам разбурэння тэлефонных ліній і абсталявання, якое належыць тэлекамунікацыйнаму гіганту Telmex. З іншага боку, нічога дзіўнага няма. Аналітыкі пішуць, што наркакартэлі ў апошнія гады дыверсіфікавалі сваю дзейнасць, каб любым чынам вымагаць грошы з тэрыторыі, якую яны кантралююць.
Па матэрыялах амерыканскай прэсы
Каты і турма

Фота: pixabay.com
Незвычайны бунт адбыўся на днях у чылійскім турэмным комплексе Санцьяга-Паўднёвы. Прычынай стала ідэя адміністрацыі стэрылізаваць катоў, якія жывуць у турме. Без туалетных латкоў сотні катоў спаражняюцца «дзе хочуць», ператварыўшы турму ў крыніцу інфекцый. Аднак у адказ прыкладна 4500 зняволеных вырашылі сабаціраваць план адміністрацыі. Калі ў камеры прыходзілі супрацоўнікі з мэтай стэрылізацыі катоў, якія тут жывуць, зняволеныя хавалі жывёлаў або перадавалі ў суседнія камеры. Прычына такіх паводзін вельмі просты — каты для многіх зэкаў з'яўляюцца лепшымі сябрамі. Злачынцы, многія з якіх, дарэчы, з'яўляюцца закаранелымі членамі банд, гуляюць з коткамі, клапоцяцца пра іх і нават кормяць за кошт перадач з волі. Пасля таго, як план кастрацыі праваліўся, турэмныя чыноўнікі вырашылі адмовіцца ад папярэдняй ідэі. Больш таго — цяпер зняволеным, якія адбылі свой тэрмін, будуць прапаноўваць забраць катоў дадому. Улады спадзяюцца, што «адданасць і любоў зняволеных да сваіх гадаванцаў» паставяць многіх злачынцаў на шлях перавыхавання.
Па матэрыялах іспанскай прэсы
Замест бяздумных вечарынак — задуменныя вечары

Веньямін Кандрац’еў, кіраўнік Кубані, прапанаваў забараніць «бяздумныя вечарынкі» ў рэгіёне на час вайны ва Украіне. «Мая пазіцыя па забаўляльных мерапрыемствах адназначная: нельга ладзіць бяздумныя вечарынкі, пакуль хтосьці на перадавой чакае світанак у акопе», — сказаў кіраўнік краю. Рэкамендацыю губернатара чыноўнікі таксама патлумачылі тым, што «нашы воіны змагаюцца з адкрытым аб'яднаным сатанізмам на франтах сённяшняй СВА». Пры гэтым тэатры, музеі і ўстановы культуры, на думку Кандрацьева, павінны працаваць. Трэба сказаць, што гэта не першая арыгінальная ініцыятыва Кандрацьева, які любіць сцвярджаць, што «рэгіёну неабходна «трансфармацыя ўсвядомленасці». У 2017 годзе Веньямін Кандрацьеў адрапартаваў аб тым, што на Кубані цалкам перамаглі «валянцінкі і хэлоўінкі». У 2023 годзе ў Краснадарскім краі заклікалі школьнікаў адзначаць дзень святога Лукі замест Хэлоўіна. Так ці інакш усе чакаюць, калі губернатар на ўласным прыкладзе пакажа, як праводзіць «задуменныя вечары», якія павінны прыйсці на месца «вечарынак».
Па матэрыялах расійскай прэсы