Сусветныя цікавосткі: Элегантныя выбары ў старажытным Рыме, краіна Ізраціна, сто гадоў велічы Брытаніі

Сто гадоў таму адбылася падзея, дзякуючы якой Брытанская імперыя валодала больш за пятай часткай сушы. Праўда, зараз гэтая дата прайшла амаль незаўважна. А вось гісторыкі працягваюць знаходзіць усё новыя доказы таму, што подкуп выбаршчыкаў — зусім не вынаходніцтва нашага часу. Пра гэта і іншыя — чытайце ў нашай падборцы кур'ёзаў з усяго свету. 

ensign_of_the_palestine_mandate__1927_1948_.svg.png


Сто гадоў велічы Брытаніі

Практычна незаўважанай у Брытаніі аказалася дата 29 верасня. Між тым, на думку некаторых гісторыкаў, менавіта ў гэты дзень сто гадоў таму ў 1923 годзе Брытанская імперыя дасягнула тэрытарыяльнага піку. У гэты дзень Лондан атрымаў мандат на Палесціну, павялічыўшы сваю тэрыторыю да фантастычных маштабаў. Пад брытанскай каронай на той момант знаходзіліся такія сёння незалежныя дзяржавы, як Канада, Аўстралія, Індыя, Новая Зеландыя, Паўднёвая Афрыка, Егіпет і г. д. Тэрыторыя імперыі складала каля 22% зямной сушы, а агульная колькасць насельніцтва налічвала 480 млн чалавек (прыкладна адна чацвёртая частка чалавецтва).

Пашпарт часоў мандата Брытаніі ў Палесціне

Пашпарт часоў мандата Брытаніі ў Палесціне

Зрэшты, не паспела імперыя дасягнуць свайго зеніту, як пачаўся працэс яе дэфрагментацыі. У Індыі пачаўся рух за незалежнасць, дамініёны ўсё часцей ігнаравалі інструкцыі метраполіі (ужо ў 1923-м Канада і Паўднёвая Афрыка адмовіліся дасылаць свае войскі змагацца супраць Атацюрка), у 1937-м Ірландыя абвясціла сябе вольнай дзяржавай. Англія, якая выйшла з Першай сусветнай эканамічна вельмі аслабленай, не змагла спыніць гэты трэнд, хаця такія спробы мелі месца прыкладна да Суэцкага крызісу 1956-га.

Па матэрыялах брытанскай прэсы

Подкуп выбаршчыкаў. Старажытнарымскі варыянт


6303887cea43c_img_desktop.jpg

Падчас раскопак у Пампеях на поўдні Італіі на сценах дома знойдзены перадвыбарныя лозунгі ў выглядзе заклікаў галасаваць за аднаго з кандыдатаў. На думку экспертаў, такога кшталту палітычная рэклама даказвае, што ў далёкай антычнасці ўжо існаваў подкуп галасоў на выбарах. Справа ў тым, што перадвыбарныя пракламацыі ў Пампеях звычайна размяшчаліся на фасадах будынкаў, на якіх жыхары маглі прачытаць імёны кандыдатаў на дзяржаўныя пасады. Аднак гэты надпіс знойдзены ўнутры дома. Гэта можна растлумачыць, на думку гісторыкаў, звычаем арганізоўваць сустрэчы ці вячэры ў дамах кандыдатаў і іх сяброў для выбаршчыкаў з мэтай прасоўвання сваіх кандыдатур на выбарах. Знойдзеныя надпісы заклікаюць прагаласаваць за нейкага Аўла Рустыя Вера, які балатаваўся на пасаду адказнага за будаўніцтва ў горадзе. Дом, дзе зараз ідуць раскопкі, належаў яго прыхільніку. Падчас папярэдніх работ на тэрыторыі гэтага дома была знойдзена пякарня з рэшткамі даменнай печы, а таксама рэшткі дзвюх жанчын і дзіцяці. Судзячы па ўсім, гэтыя людзі рыхтавалі пачастунак для подкупу выбаршчыкаў, калі прачнуўся Везувій.

Па матэрыялах польскай прэсы

Кім Чэн Ын і Джэймс Бонд


Кадр з фільма «Шпіён, які мяне кахаў»

Кадр з фільма «Шпіён, які мяне кахаў»

Хто б падумаў, што фільмы пра прыгоды агента 007 могуць стаць крыніцай натхнення ў дыктатараў. Менавіта такое адбылося ў Паўночнай Карэі. Мясцоваму дыктатару Кім Чэн Ыну спадабалася сцэна з фільма «Шпіён, які мяне кахаў» (1977). А менавіта тое, як злыдзень Карл Стромберг пакараў смерцю сваіх ворагаў, кінуўшы іх у акварыум, напоўнены акуламі. Днямі выданне mirror.co.uk паведаміла, што Кім пакараў смерцю генерала, кінуўшы яго ў акварыум з піраннямі. Генерал, імя якога не выдаецца, быў нібыта абвінавачаны ў планаванні дзяржаўнага перавароту, але ў выніку стаў ахвярай экзатычнага метаду пакарання. Таксама паведамляецца, што гіганцкі акварыум быў пабудаваны ўнутры рэзідэнцыі Кіма Ронсонг. Лічыцца, што ў акварыуме Кіма жыве некалькі сотняў піранняў, спецыяльна імпартаваных з Бразіліі. Цяжка сказаць, ці праўдзівая гэтая гісторыя, але перыядычна ў Паўночнай Карэі караюць смерцю прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва. Гэта не першы выпадак забойства прадстаўнікоў генералітэту КНДР  з дапамогаю піранняў. Апошні раз генерала пакаралі падобным чынам у 2019-м. Раней Кім пакараў смерцю галоўнакамандуючага сваёй арміяй, генеральнага дырэктара Цэнтральнага банка Паўночнай Карэі і паслоў на Кубе і ў Малайзіі. Па падліках ён забіў ужо 16 высокапастаўленых чыноўнікаў з таго часу, як прыйшоў да ўлады ў 2011 годзе. Як піша Daily Star са спасылкай на брытанскую разведку: «Кім кіруе страхам. Многія ворагі дзяржавы караюцца смерцю публічна. Ён жадае, каб усё ведалі, уключаючы яго самых давераных асобаў, што ім пагражае вельмі непрыемная смерць, калі ён западозрыць, што яны здраднікі».

Па матэрыялах брытанскай прэсы

Ізраціна як рэцэпт рашэння палесцінскага пытання?


Муамар Кадафі, 2009. Фота U.S. Navy 

Муамар Кадафі, 2009. Фота U.S. Navy 

На фоне канфлікту на Блізкім Усходзе эксперты ўспомнілі аб праекце «Ізраціна», які Муамар Кадафі прапаноўваў у якасці вырашэння палесцінскага пытання. Кадафі прапанаваў стварыць «Ізраціну» — дзяржаву на месцы Ізраіля, у якой павінны мірна існаваць габрэі і палесцінцы. Сваю ідэю Муамар Кадафі агучыў у 2002 годзе. Узорам для новай дзяржавы быў Ліван. Тамака адносна паспяхова ўжываюцца мусульмане і хрысціяне. Паводле «ліванскай мадэлі» дзяржаўнага кіравання, прэзідэнтам краіны можа быць толькі хрысціянін-мараніт, прэм'ер-міністрам — мусульманін-суніт, спікерам парламента — мусульманін-шыіт. Пры гэтым Ліван — парламенцкая рэспубліка, а ў яго парламенце павінна быць пароўну прадстаўнікоў дзвюх асноўных канфесій. У Ізраілі, паводле прапановаў Кадафі, таксама павінен быць аб'яднаны араба-ізраільскі парламент. Цікава, што з самага пачатку Кадафі дапускаў, што прапанаваная ім назва краіны «Ізраціна» многім не спадабаецца. Аднак усе пярэчанні ён загадзя назваў «бескарыснымі» і «шкоднымі». Так ці інакш, праект «Ізраціна», як і многія іншыя ідэі лівійскага лідара, застаўся непачутым. Яго адмовілася падтрымаць нават Ліга арабскіх дзяржаваў. Гэта стала адной з прычынаў, чаму Лівія выйшла з арганізацыі. Пры гэтым Кадафі груба заявіў, што Ліга дзейнічае ў інтарэсах урадаў, а не арабскага народа.

Па матэрыялах нямецкай прэсы