Сусветныя цікавосткі: І кабеты палявалі на мамантаў, новая ідэнтычнасць – кат і як сабакі кіравалі немцамі
Жанчыны ў старажытнасці не толькі займаліся збіральніцтвам, але яшчэ і палявалі нароўні з мужчынамі. Новая мода нямецкіх маладзёнаў — лічыць сябе жывёлай. А вось 70 гадоў таму ў Нямеччыне карыкатуры, дзе сабакі памяняліся з людзьмі ролямі, выклікалі абурэнне. Пра ўсё гэта — у новым выпуску сусветных цікавостак.
Калі жанчыны палявалі на мамантаў
Разбураны яшчэ адзін міф, які тычыўся ролі жанчын у гісторыі. На гэты раз даўно існуючы стэрэатып, што ў палеалітных супольнасцях мужчыны звычайна палявалі, а жанчыны займаліся збіральніцтвам раслін і чакалі вяртання мужчын са здабычай у пячорах. Маштабныя даследаванні амерыканскіх вучоных даказалі, што гэты стэрэатып мала звязаны з рэальнасцю. Высновы навукоўцаў заснаваны на вывучэнні рэшткаў мужчын і кабетаў, знойдзеных разам са зброяй, прызначанай для палявання. Як высветлілася, толькі палова паляўнічых у дагістарычнай Амерыцы былі мужчынамі. Гэта азначае, што жаночае паляванне было звычайнай з'явай у паляўнічых супольнасцях. Адначасова амерыканскія навукоўцы паднялі статыстыку 63 дагістарычных пахаванняў паляўнічых у розных кутках планеты. Аказалася, што ў 50 з 63 магілах былі рэшткі жанчын, што пацвярджае іх удзел у паляваннях. Акрамя таго, даныя аб фармаце палявання ў той час гавораць, што жанчыны нароўні з мужчынамі пераследавалі жывёлаў усіх памераў, а не толькі палявалі на дробныя віды.
Па матэрыялах амерыканскай прэсы
Прашу лічыць мяне катом
Нямецкія правыя палітыкі палохаюць грамадства наступствамі анансаванай у краіне рэформы, якая дазволіць немцам ідэнтыфікаваць сябе з іншымі гендэрамі. Між тым, у той жа Германіі хапае тых, хто лічыць сябе ... катамі, сабакамі, лісамі або ваўкамі, прычым абодвух палоў. Аказваецца, гэта досыць папулярная сярод немцаў субкультура. На відэаплатформе TikTok пад хэштэгам «Otherkin» можна знайсці ролікі, якія набралі ў агульнай складанасці больш за 220 мільёнаў праглядаў. Аўтары гэтых ролікаў, як правіла, лічаць сябе жывёламі і дэманструюць, што маюць такія ж звычкі, як і некаторыя прадстаўнікі фауны.
Збольшага гэта, вядома, гумар. Але так ці інакш закон аб свабодзе выбару ідэнтычнасці можа выклікаць у некага жаданне, каб грамадства лічыла яго жывёлай. І дзяржава павінна будзе падтрымліваць гэтае імкненне ў рамках барацьбы супраць дыскрымінацыі. Дэпутаты ад правапапулісцкай партыі Альтэрнатыва для Германіі ўжо звярнуліся да ўладаў адной з земляў ФРГ з пытаннем: як будуць рэагаваць тыя ж настаўнікі старэйшых класаў, калі вучні запатрабуюць лічыць іх катамі ці сабакамі? Дэпутаты ўжо атрымалі адказ з адпаведнага дэпартамента. У ім гаворыцца, што выпадкі, калі школьнікі будуць ідэнтыфікаваць сябе з катамі ці сабакамі, малаверагодныя.
Па матэрыялах нямецкай прэсы
Грэнландыя будзе незалежнай?
Грэнландцы (дарэчы, іх усяго прыкладна пяцьдзясят тысяч чалавек) зрабілі важны крок на шляху да незалежнасці. Пасля пяці гадоў працы Канстытуцыйная камісія Грэнландыі прадставіла праект тэксту Асноўнага закону ў 49 артыкулах, якія складае прававую аснову для аддзялення ад Даніі. Цэнтральным пунктам праекта Канстытуцыі з'яўляецца магчымасць для Грэнландыі заключыць пагадненне аб «свабоднай асацыяцыі» або з іншымі дзяржавамі, або з міжурадавымі арганізацыямі, такімі як Еўрапейскі саюз, напрыклад. Такое пагадненне азначае, што Грэнландыя разарве ўсе фармальныя сувязі з Даніяй, аж да атрыманні асабістай «прапіскі» ў ААН.
У дацкіх палітыкаў ёсць сумневы, што грэнландцы пагодзяцца на авантуру пад назвай незалежнасць. Такі сцэнар, прынамсі на першым этапе, будзе мець цяжкія эканамічныя наступствы. Капенгаген запэўнівае, што не будзе пярэчыць аддзяленню Грэнландыі, але папярэджвае, што перастане выплачваць сваю штогадовую дапамогу, эквівалентную больш за 535 мільёнам еўра (амаль палова грэнландскага бюджэту). Зрэшты, фанаты незалежнасці перакананыя, што гэтыя грошы можна будзе лёгка знайсці. Грэнландыя — дванаццатая па велічыні тэрыторыя ў свеце. Акрамя таго, нарастае барацьба за Арктыку і вялікія дзяржавы будуць зацікаўлены ў тым, каб Грэнландыя была на іх баку. Але такога кшталту гандаль калі і пачнецца, то пасля прыняцця новай канстытуцыі. Пакуль дата магчымага рэферэндуму аб прыняцці Канстытуцыі ўсё яшчэ не вызначана.
Паводле французскай прэсы
Як сабакі кіравалі немцамі
У гэтым ліпені незвычайны юбілей. Як раз 70 гадоў, у ліпені 1953 годзе, пад ціскам чытачоў нямецкі часопіс Stern часова спыніў супрацоўніцтва з славутым ужо тады карыкатурыстам Бернхардам-Віктарам фон Бюлавым пад псеўданімам Лорыа. Чытачоў абурыла серыя малюнкаў Лорыа, якія паказвалі свет, у якім сабакі кіруюць людзьмі. Малюнкі так не спадабаліся чытачам, што яны завалілі рэдакцыю пагрозамі адмовіцца ад падпіскі на часопіс. Сам Лорыа ўспамінаў, што асабліва абражаныя абяцалі расправіцца і з ім. На першы погляд, такая рэакцыя дзіўная. На малюнках сабакі выгульвалі людзей на павадках, чухалі іх за вухам, казалі, што «людзей лепш трымаць на кароткім павадку» і г.д.
Так ці інакш карцінкі з сабакамі больш не публікаваліся ў часопісе. А зараз з’явіўся аналіз той з’явы. Негатыўную рэакцыю немцаў на малюнкі Лорыа даследчыкі гумару ў пасляваеннай Германіі звязваюць з нацыянал-сацыялістычным мінулым краіны. Магчыма, многія сучаснікі Лорыа цяжка перажывалі паражэнне Германіі і расстанне з марай аб сусветнай перавазе арыйскай расы і велічы Германіі. Таму малюнкі, на якіх немцы аказваліся пад кіраваннем звычайных сабак, падаваліся ім занадта балючымі.
Па матэрыялах расійскай прэсы