Сусветныя цікавосткі: якога колеру "саўбелка" і хто палюе на турэмшчыкаў у Эквадоры?

Гісторыкі згадалі, што раней была яшчэ і «зялёная прэса». І цяпер мы думаем, якога колеру «саўбелка» — жоўтага ці зялёнага? Хто палюе на турэмшчыкаў у Эквадоры? Каму патрэбны ісламскі «шэнген»? І чаму прэзідэнт Алжыра не пагадзіўся з сваёй перамогай на выбарах. Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках». 

Якога колеру «саўбелка»?

moshed_2024_9_16_12_32_7_1.jpg

Усе ведаюць, што такое «жоўтая прэса». Аднак раптам некаторыя гісторыкі згадалі, што на пачатку ХХ стагоддзя існавала таксама паняцце «зялёная прэса». Так яшчэ ў часы рэвалюцыі 1905-га называлі рэакцыйныя, кансерватыўныя выданні, якія выступалі супраць прагрэсіўных поглядаў. Сама назва паходзіць ад зялёнага колеру цвілі, якая, вобразна кажучы, тармазіла пазіцыі і думкі аўтараў апазіцыйных царскай адміністрацыі выданняў. У 1917 годзе бальшавікі абгрунтоўвалі прычыну закрыцця шэрагу кансерватыўных газет тым, што яны «зялёныя».

Так ці інакш, але сучасныя гісторыкі заклікаюць адрадзіць старыя дэфініцыі і называць праўладныя медыя «зялёнымі СМІ». Ва ўсёй полісемантыцы гэтага слова. Але цяжка сказаць, ці прыжывецца адносна «Саўбелкі» ці праекту Азаронку характарыстыка «зялёны».

Паляванне на турэмшчыкаў

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

У Эквадоры беспрэцэдэнтная з'ява — тут пачалі пагалоўна забіваць дырэктараў мясцовых турмаў. Напрыклад, у мінулую суботу была забітая дырэктарка найбуйнейшай нацыянальнай турмы Марыя Ікаса. На чыноўніцу і яе спадарожніка напалі на шашы недалёка ад горада Гуаякіль каля 18 гадзін вечара. Машыну перахапілі і па Ікасе, якая сядзела на пасажырскім сядзенні, адкрылі агонь. Марыя Ікаса была тэрмінова дастаўлена ў бліжэйшую бальніцу, але памерла ад агнястрэльных раненняў. Цяпер МУС прыносіць спачуванні сваякам і блізкім нябожчыцы, а журналісты канстатуюць, што гэта ўжо другі такі выпадак за апошнія 10 дзён: 3 верасня быў забіты дырэктар іншай турмы з іншага гораду - нехта Алекс Гевара. Прычым пры падобных абставінах. Наўрад забойствы маюць палітычны падтэкст. У апошні час Эквадор стаў краінай, дзе актывізавалася наркамафія, што прымусіла ўлады прыняць радыкальныя меры ў выглядзе затрымання яе лідараў. Магчыма, мафіёзі, якія засталіся на волі, вырашылі адпомсціць ураду, вынішчаючы дырэктараў турмаў. 

Ці будзе ісламскі «Шэнген»?

Масуд Пезешкіан. Фота Tasnim News Agency, commons.wikimedia.org

Масуд Пезешкіан. Фота Tasnim News Agency, commons.wikimedia.org

Абраны ў ліпені прэзідэнтам Ірана Масуд Пезешкіан выказаўся за скасаванне кантролю над межамі паміж ісламскімі краінамі. Сваю ідэю ён агучыў падчас першага замежнага візіту — у Ірак. Мабыць, гэта адзіная краіна, з якой афіцыйны Тэгеран сапраўды можа правесці гэты эксперымент пры ўмове, што яе кіраўніцтва ён не падасца занадта радыкальным. Самае незвычайнае заключаецца ў тым, што Ірак - суседняя дзяржава, з якой Іран у канцы мінулага стагоддзі вёў кровапралітную вайну, але зараз з'яўляецца амаль саюзнікам Тэгерана. Ідэя скасаваць памежны кантроль, з якой Пезешкіан выступіў у размове з ірацкім калегам, была таксама ім увязана са знешнепалітычным фактарам. Ісламскі «шэнген», паводле яго слоў, дазволіў бы «нейтралізаваць заходнія санкцыі». Актуальная тэма для Ірана, а ў апошнія дні — асабліва. Новыя санкцыі супраць краіны (на гэты раз ёй інкрымінуецца пастаўка ракет Расіі) ЗША і іх еўрапейскія саюзнікі якраз уводзяць на гэтым тыдні. Ірацкі суразмоўца Пезешкіана, зрэшты, упадабаў звярнуць увагу на іншыя сферы іранска-ірацкага супрацоўніцтва. Так што ідэя Пезешкіана застаецца пакуль толькі ідэяй, прычым не сказаць, каб вельмі арыгінальнай. Нядаўна аб неабходнасці большай кааперацыі ісламскіх краін гаварыў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. Праўда, ён меў на ўвазе ваенную кааперацыю

Прэзідэнт не пагадзіўся са сваёй перамогай на выбарах

Фота islamnews.ru

Фота islamnews.ru

У Алжыры адбылася неверагодная гісторыя. Там напярэдадні абіралі прэзідэнта. Алжырцы чакалі прадказальнага выніку прэзідэнцкіх выбараў, паколькі мясцовыя выбары рэжысуюцца кіруючай элітай і вайскоўцамі. Усё да гэтага і ішло. Да пяці гадзін вечара ў суботу яўка на выбарах складала 26,5%, аднак да моманту закрыцця выбарчых участкаў а восьмай вечара ЦВК дала справаздачу аб тым, што ў галасаванні прынялі ўдзел 48% выбаршчыкаў. Пры гэтым па даных Цэнтрвыбаркама за цяперашняга прэзідэнта Абдэльмаджыда Тэбуна аддалі галасы 94,7% грамадзян. Нядзіўна, што супернікі заявілі аб фальсіфікацыі выбараў і былі нямала здзіўленыя, калі іх словы падтрымаў ... пераабраны прэзідэнт Абдэльмаджыд Тэбун. Ён падтрымаў сваіх апанентаў у тым, што афіцыйныя вынікі, абвешчаныя выбарчай камісіяй, супярэчаць даным аб яўцы і падліках на мясцовых выбарчых участках. Такая заява заканамерна дала падставу апазіцыі патрабаваць адмены выбараў. Ці будуць новыя выбары, пакуль невядома. Таксама цяжка растлумачыць, навошта Тэбун заявіў аб фальсіфікацыях? Пакуль адзіная версія: дзеянні Тэбуна азначаюць раскол з вайскоўцамі, якія кантралююць алжырскую палітыку і праводзяць ліпавыя выбары, каб падтрымліваць бачнасць дэмакратыі.