Сусветныя цікавосткі: Новы план Захаду па знішчэнні Расіі, яйка з смерцю Пуціна, канец эпохі налепак Panini

Ці разваляць Расію бяздомныя сабакі, дзе хаваецца смерць Пуціна, прычоска як нагода для дыскрымінацыі — у нашай падборцы сусветных кур'ёзаў.

mycollages__9__2.jpg


Бяздомныя сабакі разваляць Расію?

Дэпутат Заканадаўчага збору Забайкальскага краю Аляксандр Міхайлаў вылічыў новы план Захаду па знішчэнні расейцаў і расейскай дзяржавы. Паводле Міхайлава, «натаўскім прыхвастням» мала таго, што яны заахвочваюць разбэшчванне псеўдамастацтвам расійскай моладзі. Як кажа дэпутат, зараз на Захадзе задумалі труціць расейцаў бяздомнымі сабакамі. На яго думку, існуе нейкі замежны праект падрыву бюджэтнага балансу ў рэгіёнах РФ. Адзін з кірункаў яго рэалізацыі — выратаванне бяздомных сабак. Соцыуму, маўляў, навязваецца ідэя, што такіх жывёл трэба лавіць, стэрылізаваць і чыпіраваць, а лепш ствараць для іх прытулкі. У выніку фінансавання праграм на абарону жывёл у бюджэтах рэгіёнаў з'яўляюцца дзіркі, мяркуе палітык. Пры гэтым празорлівы дэпутат прапануе не толькі высветліць крыніцы фінансавання аматараў жывёл, а іх лічыць замежнымі агентамі. На думку Міхайлава, зоаабаронцаў, якія змагаюцца з адстрэлам бяздомных сабак, трэба ставіць да сценкі, як «пятую калону», якая фінансуецца з-за мяжы з мэтай знішчэння Расіі. Па матэрыялах расійскай прэсы

Канец вялікай эпохі

Старыя еўрапейскія фанаты футбола і культуролагі ў жалобе. Скончылася вялікая эпоха налепак італьянскай кампаніі Panini. Гаворка пра налепкі з выявай футбалістаў той ці іншай каманды — удзельнікаў буйных турніраў. Гэтыя налепкі трэба было сабраць і ўклеіць у спецыяльны калекцыйны альбом, які напярэдадні турніру друкавала фірма Panini, пачынаючы з далёкага 1976-га. Цяпер ужо цяжка ўявіць які ажыятаж яшчэ нядаўна выклікала калекцыянаванне гэтых налепак сярод еўрапейскіх школьнікаў. У тым ліку таму, што любая налепка мела свой кошт на рынку аматараў прадукцыі. Некаторыя каштавалі вельмі дорага. Узаемны абмен карцінкамі таксама быў важнай часткай працэсу сацыялізацыі дзяцей-калекцыянераў: абмеркаванне, абмен, дасягненне дамоўленасці. Аднак усяму прыходзіць фінал. Са з'яўленнем камп'ютарных гульняў пагоня за налепкамі стала менш папулярнай сярод дзяцей. Адпаведна архаізмам сталі і буклеты Panini. І вось зараз, падобна, у гэтай гісторыі пастаўленая кропка. Да чэмпіянату Еўропы па футболе 2024 года альбом для налепак і самі налепкі друкавацца не будуць. Зрэшты, правы ў Panini на гэты бізнес купіла амерыканская кампанія Topps, якая абяцае надаць старому хобі новы імпульс. Аднак большасць скептычна ставіцца да падобных абяцанак. Па матэрыялах нямецкай прэсы

Яйка, дзе хаваецца смерць Пуціна

Напярэдадні апошняга Вялікадня ўкраінцы ўспомнілі пра значэнне яек у найноўшай гісторыі краіны. Гаворка не толькі пра знакаміты замах на кандыдата-рэгіянала Віктара Януковіча з дапамогай яйка, якое кінуў у палітыка студэнт падчас прэзідэнцкай кампаніі ў 2004-м. Аказваецца, было яшчэ адно яйка. У 2014-м падчас падзей на Майдане львоўскі мастак Юрый Гайда стварыў шкляное яйка-пісанку «Палітычная смерць Януковіча». Львоўская пісанка ў лютым 2014 года была завезена ў Кіеў і перададзена сотнікам Майдана. Яе ўстанавілі ў холе Украінскага Дома. А праз некалькі дзён Януковіч уцёк з Кіева. Праўда, на жаль, падчас штурму Украінскага Дома магічнае яйка разбілі. Але ў Львове не супакоіліся і ў 2019-м стварылі новую пісанку. На гэты раз яна атрымала назву «Палітычная смерць Пуціна». У тым жа годзе яе перадалі ў кіеўскі музей Рэвалюцыі годнасці. Музейныя супрацоўнікі пра той падарунак адразу забыліся, але зараз на фоне трывожнай абстаноўкі на франтах пра цудоўнае яйка зноў узгадалі. Яго выцягнулі са склада, паставілі на прыкметнае месца ў музеі і спадзяюцца, што яно неяк дапаможа ў абароне краіны. Па матэрыялах украінскай прэсы

Права на прычоску

Талерантнасць набывае новы маштаб! Амерыканская прэса заклікае кангрэс прыняць закон аб праве грамадзян на прычоску. Яго мэта — забяспечыць юрыдычную абарону афраамерыканцам ды іншым людзям, якія сутыкаюцца з дыскрымінацыяй з-за тыпу іх валасоў. Калі верыць прэсе, вялікая колькасць афраамерыканцаў яшчэ ў школе маюць праблемы праз свае прычоскі. Спачатку настаўнікі, а потым менеджэры на працы забараняюць ім рабіць выбар на гэты конт. Многім нават адмовілі ў прасоўванні па службе ці звольнілі з-за прычоскі. Нядаўняе апытанне паказала, што афраамерыканкі ў параўнанні з белымі жанчынамі на 80% часцей кажуць, што ім даводзілася мяняць прычоску, каб адпавядаць крытэрам працадаўцы. «Даўно пара нам скончыць з гэтай згубнай, формай дыскрымінацыі», — лічыць прагрэсіўная прэса. Зрэшты ёсць і іншае меркаванне. Адзін з кангрэсменаў-рэспубліканцаў заявіў, што Кангрэсу неабходна ў цяперашні час «засяродзіцца на рэчах, якія сапраўды важныя для амерыканскага народа». Па матэрыялах амерыканскай прэсы