Сусветныя цікавосткі: «правільныя» імёны ў КНДР, хабар супраць цэнзуры і ці выратуе клей клімат

Якія незвычайныя імёны рэкамендуе даваць маленькім паўночнакарэйцам урад? Колькі каштуе доступ да «забароненых» сайтаў у Туркменістане? Экаактывісты засвоілі новы спосаб барацьбы за клімат. Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.

Фота news.sky.com

Фота news.sky.com


Поспехі Паўночнай Карэі ў галіне стварэння атамных ракет атрымалі нечаканы працяг. Урад запатрабаваў ад бацькоў даваць дзецям імёны ў гонар перамог ВПК, такія як «Бомба», «Гармата» і «Спадарожнік». Не забыліся і на тых дзяцей, хто раней ужо атрымаў «няправільнае» імя. Першым чынам гэта тычыцца тых, хто мае ласкавыя імёны накшталт А Ры (каханая) і Су Мі (суперпрыгажуня). Кіраўніцтва КНДР лічыць такія імёны ідэалагічна шкоднымі, паколькі яны занадта «мяккія» і могуць паўплываць на характар чалавека ў будучыні.
Афіцыйныя асобы Паўночнай Карэі таксама заяўляюць, што імёны грамадзян краіны не павінны быць падобнымі да імёнаў у Паўднёвай Карэі, паколькі гэта з'яўляецца праявай культурнай дэградацыі. На гэтым курс партыі ў галіне дзіцячых імёнаў не вычэрпваецца. Пад рэпрэсіі патрапілі таксама імёны замежнага паходжання, напрыклад, кітайскага і японскага.
Як не дзіўна, але людзі знайшлі спосаб супраціўляцца нават у цяжкіх паўночнакарэйскіх умовах. У адказ на заклік даваць дзецям патрыятычныя імёны бацькі называюць іх як называлі ў старажытныя часы, напрыклад, Ёнг Чхол. Гэта тое самае, калі б нехта ў Беларусі назваў свайго сына Святаполк. Як кажуць самі паўночнакарэйцы, вядома, імя Ёнг Чхол гучыць не вельмі прывабна, але лепш, чым «Бомба».
Па матэрыялах брытанскай прэсы

Хабар супраць цэнзуры ў інтэрнэце

Як і іншыя аўтарытарныя постсавецкія рэжымы, улады Туркменістана даўно ваююць з інтэрнэтам. І тут яны зайшлі далей за ўсіх. У Туркменістане заблакаваныя звыш 2,5 млрд IP, гэта значыць, больш за палову з 4 млрд, якія існуюць у свеце. А хуткасць інтэрнэту ў краіне з'яўляецца адной з самых марудных на планеце.
І гэта яшчэ не ўсё. Летась у Ашхабадзе было абвешчана аб стварэнні Нацыянальнай лічбавай сеткі, не звязанай з «сусветным павуціннем». Вядома, што сёння такая сістэма дзейнічае толькі ў Паўночнай Карэі. Аднак нечакана ў сістэме татальнай блакады знайшлася шчыліна. Аказалася, што Служба кібербяспекі Туркменістана, якая адказвае за тое, каб туркмены не чыталі крамольныя інтэрнэт-выданні, наладзіла новы бізнес. Такім чынам за $1-2 тысячы ў месяц спецыялісты ўносяць заблакаваны сайт у «белы спіс» і адкрываюць да яго агульны доступ. Акрамя забароненых вэб-рэсурсаў служба кібербяспекі, калі ёй «даць на лапу», таксама ўносіць у «белыя спісы» IP-адрасы, раней заблакаваныя з-за таго, што іх выкарыстоўвалі сэрвісы VPN. Такім чынам, пасля аплаты хабару любы грамадзянін можа наведваць любыя сайты, нават апазіцыйныя. Паводле СМІ, служба кібербяспекі паставіла бізнес на паток, і выручка ад унясення «забаронкі» ў «белы спіс» вылічаецца дзясяткамі тысяч долараў штомесяц. У сувязі з гэтым узнікае сумненне, што «нацыянальная лічбавая сетка» дапаможа ізаляваць туркменаў ад свету.
Па матэрыялах туркменскай прэсы

Ці выратуе клімат клей?

Заходняя прававая сістэма сутыкнулася з новым незвычайным выклікам у выглядзе т. зв. кліматычных актывістаў — барацьбітоў супраць палітыкі бяздзейнасці ўладаў у галіне глабальнага пацяплення. Каб прыцягнуць увагу да праблемы клімату, яны прыляпляюць сябе моцным клеем да самых незвычайных прадметаў. Пакуль спыніць гэтую навалу не ўдаецца, пра што сведчыць вар'яцкі выпадак у берлінскім судзе 23 лютага. Там судзілі 25-гадовага радыкальнага эколага Хенінга Ешке (Henning Jeschke) за супраціўленне прадстаўнікам праваахоўных органаў пры спробе разблакаваць аўтамабільную шашу. Экалагічнаму актывісту пагражалі крымінальныя артыкулы і адпаведны штраф. Падчас працэсу падсудны нечакана выбег да суддзі, скокнуў на яго стол і прыклеіў сябе да яго. Прысутныя былі ў шоку. Тым больш, што спробы адклеіць актывіста ад мэблі не ўдаліся. Тады суддзя прыняў незвычайнае рашэнне — працягнуць працэс без падсуднага (закон дазваляе такую працэдуру). У выніку актывіст адправіўся дадому прыклееным да стала. Як ён будзе адклейвацца — яго справа. Ясна толькі тое, што гэтая гісторыя толькі натхніла радыкалаў. Хенінг Ешке выклаў у твітары сваё фота са сталом, якое выклікала вялікае захапленне сярод яго аднадумцаў.
Па матэрыялах нямецкай прэсы

Вяртанне мера

Апублікаваны чарговыя фрагменты апошняга Усерасійскага перапісу насельніцтва. У выніках перапісу ў спісе этнасаў, якія мешкаюць у Расеі, нечакана з'явіліся мера. Мера, меране — старажытнае фіна-угорскае племя, якое пражывала ў Верхнім Паволжы і было асіміляванае славянскім насельніцтвам. Апошні раз гэты народ згадваецца ў летапісах ажно XVII стагоддзя. І вось нечакана мера павярнуліся. Падчас перапісу да гэтага народа аднеслі сябе 109 чалавек. Самі актывісты руху мера лічаць, што дабіліся такога прарыву праз папулярызацыю краязнаўства. «Калі чалавек пачынае любіць сваю малую радзіму, адпаведна, ён пачынае яе і вывучаць», — кажа адзін з аматараў руху за адраджэнне народа мера. Наступная задача, якую ставяць перад сабою актывісты мера — адрадзіць родную мову, якая, як лічаць гісторыкі, цалкам знікла ў XVIII стагоддзі. Задача не лёгкая, паколькі помнікаў пісьменства не засталося. Ёсць хіба нейкі фальклор, які і будзе базай для будучай працы. Застаецца нагадаць кур'ёзны факт — эпатажны дэпутат Дзяржаўнай думы РФ Віталь Мілонаў («Адзіная Расія») публічна называе сябе «нашчадкам старажытнага фіна-угорскага племені мера».
Па матэрыялах расейскай прэсы