Сусветныя цікавосткі: Свабоду Тыбету, невядомы «Шэнген» і асуджаны на чытанне кніг

Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.

mycollages__21__1.jpg


ЗША падтрымаюць незалежнасць Тыбета

У Кангрэсе ЗША рыхтуецца да слуханняў законапраект, прыняццё якога будзе мець сур'ёзныя наступствы для адносін Пекіна і Вашынгтона. У дакуменце называецца прававы статус Тыбета як «нявырашаны», дэзавуючы тым самым мінулыя заявы Вашынгтона, у якіх дадзеная тэрыторыя прызнавалася часткай Кітая. У праекце «Закона аб садзейнічанні ўрэгуляванню тыбецка-кітайскага канфлікту» таксама гаворыцца, што тыбецкі народ «мае права на самавызначэнне ў адпаведнасці з міжнародным правам». Таксама аўтары дакумента заклікаюць актывізаваць намаганні па барацьбе з «дэзінфармацыяй Пекіна пра гісторыю Тыбета». Гэты пункт цікавы тым, што ў Кангрэсе лічаць цяперашнія межы тыбецкай аўтаноміі гістарычна некарэктнымі і заклікаюць амерыканскія СМІ нагадваць, што ў склад Тыбета павінны ўваходзіць яшчэ шэраг рэгіёнаў КНР. Законапраект павінен быць ухвалены ў абедзвюх палатах амерыканскага парламента. Як пішуць эксперты, дакумент карыстаецца падтрымкай у кансерватараў і дэмакратаў. Застаецца чакаць, наколькі жорсткай будзе рэакцыя Пекіна, які неаднаразова заяўляў, што тыбецкае пытанне даўно вырашана.
Па матэрыялах амерыканскай прэсы

Прысудзілі да чытання

Цікавая інфармацыя прыйшла з Адэсы. Нядаўна спецслужбы вылічылі чалавека, які пісаў у сацсетках пра тое, што Харкаў, Марыупаль, Сумы, Днепрапятроўск і іншыя гарады нібыта «пабудаваны рускімі царамі і князямі», у сувязі з чым, на яго думку, не маюць дачынення да Украіны. Мясцовыя суддзі прызналі гэтыя запісы «замахам на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны» і пакаралі злачынцу чатырма гадамі турмы. Але мужчына атрымаў адтэрміноўку на два гады. За гэты час ён павінен не толькі падумаць, але, як пастанавіў суд, таксама азнаёміцца ​​з зместам дзесяцітомнай манаграфіяй «Гісторыя Украіны-Русі» Міхаіла Грушэўскага. Міхаіл Грушэўскі, нагадаем, быў заснавальнікам украінскай навуковай гістарыяграфіі. У сваіх творах ён даказваў, што Кіеўская Русь была калыскай выключна ўкраінскай дзяржаўнасці.
Прысуд выклікаў іранічныя каментары ў інтэрнэце. Справа ў тым, што «Гісторыя Украіны-Русі» — досыць складаны тэкст, які напісаны акадэмічнай мовай для адпаведнай навуковай аўдыторыі. Так што чытанне дзесяці тамоў твораў Грушэўскага сапраўды выглядае вельмі суровым пакараннем.
Па матэрыялах украінскай прэсы

Невядомы «Шэнген»

Роўна 50 год таму, улетку 1972-га, Усходняя Еўропа перажывала фенаменальны турыстычны бум. Усё таму, што гэта быў першы летні сезон, падчас якога пачаў працаваць бязвізавы рэжым паміж ГДР, Польшчай, Венгрыяй і Чэхаславакіяй, якія ўваходзілі ў савецкі блок. Жыхары згаданых краін натуральна скарысталіся шансам на падарожжа. Толькі ў ГДР за першыя пяць гадоў пасля таго, як пачалі дзейнічаць новыя правілы, было зарэгістравана 50 мільёнаў перасячэнняў мяжы. Паступова вызначыліся прыярытэтныя напрамкі. Так, расслабляцца лепш за ўсё было ў Польшчы, дзе ўлетку адбывалася шмат музычных фэстаў. А вось закупацца тэхнікаў рушылі ў ГДР. Натуральна, аматары піва абіралі маршрут у Прагу. А тыя, хто любіў курорты, аблюбавалі венгерскае возера Балатон. Быў яшчэ адзін незвычайны тур. Усходнія немцы, якіх у дзяцінстве вывезлі з Польшчы і Чэхаславакіі, наведвалі родныя мясціны. Натуральна, такія настальгічныя паездкі выглядалі вельмі крамольна. Таму спецслужбы намагаліся кантраляваць замежных турыстаў. А таксама дысідэнтаў, якія ў рамках бязвізу праводзілі сумесныя сустрэчы па абмену досведам.
Гэта «парадайз» пратрымаўся да 1980-га. Як толькі ў Польшчы пачаліся забастоўкі, урад ГДР закрыў усходнюю мяжу, каб пратэсты не перакінуліся на заходні бок Одэра. Зрэшты, гэта ў выніку не дапамагло. Паколькі мяжа з Венгрыяй для грамадзян ГДР засталася адкрытай, у 1989-м яны масава накіраваліся ў пасольства ФРГ у Будапешце, дзе атрымлівалі дакументы на міграцыю ў заходнюю Германію. Па сутнасці, гэта стала адным з чыннікаў крызісу ўсходне-нямецкага рэжыму.    
Паводле нямецкай прэсы

Як жыць без «Поля цудаў»?

Рунэт не абмінуў увагай чарговую арыгінальную ініцыятыву, якая прагучала ў Дзярждуме. Дэпутат Сяргей Салаўёў заявіў, што ў эфірах айчынных тэлеканалаў трэба паказваць як мага больш патрыятычнага кантэнту. Гэта быў адказ на заяву тэлевядоўцы Леаніда Якубовіча пра тое, што адмена забаўляльных шоу на Першым канале — памылка. Практычна ўсе расцанілі выказванне Салаўёва як намер улады паказваць менш забаўляльных перадач. Невыпадкова адначасова пайшлі чуткі пра тое, што збіраюцца паставіць на паўзу ў тым ліку культавае сярод дарослых людзей шоу «Поле цудаў». Наконт будучыні расійскага ТБ цяпер актыўна спрачаюцца на форумах. Некаторыя спадзяюцца, што адсутнасць на экране шоу нарэшце прымусіць людзей канчаткова забыць пра «зомбіскрыню». Але многія лічаць, што «Поле цудаў» усё ж пакінуць у эфіры, паколькі яго любяць пенсіянеры — аснова пуцінскага электарату. Нарэшце, некаторыя прагназуюць, што сетка трансляцый на расійскім ТБ у хуткім часе будзе выглядаць наступным чынам: «6:00 - 12:00 Салаўёў, 12:00 - 18:00 Скабеева, 18:00 - 06:00 Міхалкоў». А за невыкананне дзённай нормы прагляду тэлевізара — штраф!
Паводле расійскай прэсы