Сусветныя цікавосткі: Шалёны конь побач з прэзідэнтамі, Марына Мнішак - здрада ці перамога, што агульнага ў Беларусі і Ірана
У штаце Паўднёвая Дакота побач з гарой Рашмор, дзе высечаны партрэты амерыканскіх прэзідэнтаў, можа паўстаць помнік правадыру індзейцаў Шалёнаму каню. Чаму на Львоўшчыне не дазволілі выставу пра Марыну Мнішак. Новыя версіі смерці Аляксея Навальнага. Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».
Побач з прэзідэнтам — помнік Шалёнаму каню
У штаце Паўднёвая Дакота ёсць вядомая гара Рашмор вышынёй 1800 метраў, якую ў 1941 годзе ператварылі ў мемарыял. У скале высеклі барэльеф са скульптурнымі партрэтамі чатырох прэзідэнтаў ЗША: Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэферсана, Тэадора Рузвельта і Аўраама Лінкальна. Але аўтары манумента праігнаравалі той факт, што Рашмор — святое месца для мясцовых індзейцаў. Таму скала з прэзідэнтамі стала для чырванаскурых сапраўднай траўмай. І вось нарэшце гістарычная справядлівасць, магчыма, пераможа. Не, скала з прэзідэнтамі застанецца. Проста недалёка на вяршыню адной з гор збіраюцца паставіць помнік у гонар Шалёнага каня (1842-1877) — легендарнага правадыра племені аглала. Менавіта пад яго кіраўніцтвам у 1876 годзе быў разбіты вялікі атрад амерыканскіх салдат. Гэты бой, вядома, не мог вызначыць вынік усёй вайны. Індзейцаў усё роўна загналі ў рэзервацыю, а сам правадыр быў забіты.
Яшчэ ў 1930-я, па ходзе будаўніцтва манумента на скале Рашмор, узнікла ідэя паставіць побач статую ў гонар Шалёнага каня. Цікава, што аўтарам ідэі быў амерыканец польскага паходжання Корчак Цыялкоўскі. Аднак праз матэрыяльныя праблемы грошы на статую не знайшлі. А вось зараз, падобна, справа рушыла. Праца над статуяй правадыра індзейцаў ідзе вельмі актыўна. Цікава, што майстры адмовіліся ад дапамогі федэральных улад ЗША і ўсё робяць за кошт данатаў ад індзейцаў. Так ці інакш, абяцаюць, што праз 3-4 месяцы помнік будзе гатовы. Дарэчы, ён будзе вышэйшы за помнікі прэзідэнтам ЗША на суседняй скале Рашмор.
Марына Мнішак — «здрада ці перамога»?
У Львоўскай вобласці цікавы скандал. У школе ў вёсцы Мураванае Самборскага раёна вырашылі адкрыць экспазіцыю, прысвечаную Марыне Мнішак, якая нарадзілася тут у 1589 годзе. Марына Мнішак, нагадаем, адна з самых вялікіх авантурыстак у гісторыі. Спачатку яна выйшла замуж за першага Лжэдзмітрыя, потым за другога, потым за казацкага атамана Заруцкага, спрабавала еўрапеізаваць Маскву, нарадзіла дзіця, якое прэтэндавала на маскоўскі пасад замест прадстаўніка дынастыі Раманавых, за што маленькі хлопчык быў павешаны. Біяграфія — проста сюжэт для чарговага серыяла або як мінімум нагода прыцягнуць у Мураванае турыстаў. Але тут сваё слова сказала пільная патрыятычная грамадскасць, якая аператыўна напісала гнеўныя лісты ў СБУ, міністэрства адукацыі і навукі і яшчэ ў кучу інстанцый — маўляў, у сэрцы Галічыны мае месца варожая дыверсія: адкрытая выстава, прысвечаная рускай царыцы! Пры гэтым ніхто не звяртае ўвагу, што ў расійскай гістарыяграфіі Марыну, мякка кажучы, не любяць. Так ці інакш, экспазіцыю, падобна, закрыюць. Дарэчы, на радасць не толькі патрыётам. У захапленні ад гэтай гісторыі таксама аматары жартаў. Тыя ўжо запусцілі ў сеціва хохму пра тое, што ўкраінскія чыноўнікі, якія адказваюць за гістарычную палітыку, правёўшы дэкамунізацыю і дэрусіфікацыю гісторыі, паглыбіліся ў Сярэднявечча.
Спекуляцыі на тэме смерці Навальнага
Смерць Аляксея Навальнага спарадзіла самыя неверагодныя версіі і тэорыі ў расійскім палітычным дыскурсе. Магчыма, самая арыгінальная пра тое, што Уладзімір Пуцін, якому з усіх бакоў смерць Аляксея Навальнага нявыгадная, разглядае яе як варыянт унутранай здрады з боку сілавога блока краіны і ў першую чаргу кіраўніцтва ФСБ Расіі. Менавіта ФСБ курыруе сістэму пенітэнцыярных устаноў у РФ. Прычым Пуцін не проста лічыць, што «спантанная» смерць апазіцыйнага палітыка ў цяперашні турбулентны перыяд — гэта сур'ёзны пралік спецслужбаў (яны абавязаны былі гарантаваць бяспеку вязня), але і бачыць тут прыкметы магчымай змовы. Больш за тое, нібыта Пуцін правярае і версію, паводле якой Навальны жывы! Маўляў, сітуацыя з яго нібыта гібеллю — гэта спецыяльны манеўр, які адцягвае ўвагу, каб Навальны ў будучыні ў патрэбны момант «уваскрос» для арганізацыі пратэсных мерапрыемстваў у Расіі. Новую спробу рэвалюцыі, быццам, плануюць рэалізаваць ужо вясной гэтага года. І натуральна нечаканае «ўваскрашэнне Навальнага» стане яе галоўнай фішкай для матывацыі ўдзельнікаў пратэстаў.
Як зрабіць яўку?
Аказваецца, не толькі ў РБ улады не ведаюць, як зацягнуць народ на выбары. Падобная праблема ёсць таксама ў іранскага рэжыму. 14 лютага ў Іране пачалася перадвыбарная кампанія для кандыдатаў у Савет экспертаў — дзяржорган, ключавой функцыяй якога з'яўляецца абранне вярхоўнага духоўнага лідара краіны. Галасаванне, да якога застаецца менш за тры тыдні, павінна прайсці паралельна з выбарамі ў Меджліс — мясцовы парламент. Найбольшыя асцярогі ўлад звязаны з яўкай. На днях праўладны Сацыялагічны Цэнтр іранскіх студэнтаў (ISPA) выявіў, што менш за 28% рэспандэнтаў жадаюць прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Гэта гістарычны антырэкорд. Таму ўлада спрабуе забараніць публікацыі новых вынікаў сацапытанняў, якія маглі б праліць святло на апатыю выбаршчыкаў. У сувязі з гэтым Тэгерану відавочна трэба нешта прыдумляць, каб тую яўку забяспечыць. Аднак тут ёсць цікавы аспект: у апошнія гады ўлада прызнавала, што масавыя фальсіфікацыі — патэнцыйна дэструктыўныя. Да гэтай высновы ўлада прыйшла пасля выбараў 2009 года, калі перамог кансерватар Махмуд Ахмадзінежад. На іх, мяркуючы па ўсім, былі сапраўды маштабныя фальсіфікацыі, якія і зрабілі яго пераможцам у першым туры. Тады прайшлі самыя маштабныя да гэтага часу пратэсты як мінімум у межах Тэгерана. З таго моманту ўлада не адважвалася звяртацца да масавых фальсіфікацый. Цікава, як будзе зараз?