Туркменістан. Велізарная выхаваўчая сіла фальклора
Туркмены толькі-толькі паспелі адысці ад навагодняй выхадкі гаранта, які прымусіў іх цэлую гадзіну слухаць свае музычныя творы. І вось у Аркадага з’явілася новае захапленне. Гурбангулы Бердымухамедаў не на жарт зацікавіўся фальклорам.
Цяпер ён выдаў новы ўказ, згодна з якім у першай палове гэтага года ва ўсіх рэгіёнах Туркменістана арганізуюць экспедыцыі па зборы і вывучэнні нацыянальных культурных каштоўнасцяў.
У прыватнасці, як удакладняе туркменскі Мінкульт, удзельнікі экспедыцый будуць збіраць звесткі пра звычаі, традыцыі і абрады туркменскага народа, песні і іншыя нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці. Адначасова кіраўнік дзяржавы даручыў сабраць і сістэматызаваць прымаўкі і прыказкі, крылатыя выслоўі, а таксама словы, што выйшлі з ужывання, аднак якія, як лічыць туркменскі лідар, з’яўляюцца неацэнным здабыткам краіны.
Атрыманыя ўзоры вуснай народнай творчасці неабходна рыхтаваць да публікацыі, што, па словах Бердымухамедава, «будзе мець не толькі вялікае пазнавальнае значэнне, але і велізарную выхаваўчую сілу».
Зрэшты, калі верыць прэсе, значна больш насельніцтва хвалюе новы імідж гаранта. Кіраўнік, якога штодня паказваюць па тэлебачанні, у жніўні 2018 года раптоўна змяніўся — яго пякуча-чарнявыя валасы пачалі сівець на вачах. Як вынік, улады патрабуюць ад усіх дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў абнавіць партрэты гаранта. Няма сумневаў, што грошы на абноўленыя партрэты (яны каштуюць прыкладна па 10–15 долараў) вылічаць з заробкаў бюджэтнікаў, якім і так рэгулярна даводзіцца здаваць сродкі на разнастайныя афіцыйныя мерапрыемствы.