У Анкары разагналі пратэстоўцаў супраць усталявання дыктатуры

Дэбаты ў парламенце Турцыі па пашырэнні паўнамоцтваў прэзідэнта пачаліся на фоне акцый пратэсту. Крытыкі канстытуцыйнай рэформы асцерагаюцца ўстанаўлення дыктатуры.

Акцыя пратэсту ў Анкары супраць канстытуцыйнай рэформы

Акцыя пратэсту ў Анкары супраць канстытуцыйнай рэформы


У Анкары паліцыя разагнала дэманстрацыю супраць запланаванай канстытуцыйнай рэформы, паведамляе www.dw.com.

У панядзелак, 9 студзеня, паліцэйскія ўжылі слезацечны газ і вадамёты ў дачыненні да  пратэстоўцаў, што сабраліся перад будынкам парламента Турцыі, перадае агенцтва DHA. Сярод удзельнікаў акцыі пратэсту былі і прадстаўнікі найбуйнейшай апазіцыйнай Народна-рэспубліканскай партыі. Некаторыя з дэманстрантаў атрымалі раненні.

 

Парламент абмяркоўвае рэформу канстытуцыі

 

Раней у той жа дзень кіруючая Партыя справядлівасці і развіцця і правая Партыя нацыяналістычнага руху ўнеслі ў парламент законапраект аб змяненнях у канстытуцыю.

У другой палове дня дэпутаты распачалі дэбаты. Прапанаваныя папраўкі ў асноўны закон, ухваленыя парламенцкай камісіяй 30 снежня, прадастаўляюць прэзідэнту і віцэ-прэзідэнту выканаўчыя паўнамоцтвы. Кіраўнік дзяржавы становіцца галоўнакамандуючым і атрымлівае права рабіць прызначэнні на важныя вайсковыя пасады.

Адначасова павінна быць скасавана пасада прэм'ер-міністра, узроставы цэнз для дэпутатаў парламента зніжаецца з 25 да 18 гадоў, а колькасць дэпутатаў у сувязі з ростам насельніцтва краіны павялічваецца з 550 да 600.

Прэзідэнт атрымае паўнамоцтвы кіраваць з дапамогай дэкрэтаў і зможа ў любы момант распусціць парламент. Акрамя таго, ён будзе нададзены правам кантраляваць судовую сістэму, у прыватнасці канстытуцыйны суд.

Дэбаты вакол канстытуцыйнай рэформы працягнуцца некалькі тыдняў. Акрамя Народна-рэспубліканскай партыі, супраць яе рэзка выступае пракурдская Партыя дэмакратыі народаў. Крытыкі законапраекта асцерагаюцца ўсталявання ў краіне дыктатуры.