У ЕС прапанавалі лічыць газавую і атамную энергетыку «зялёнымі». Пры пэўных умовах

Еўракамісія прапанавала лічыць газавую і атамную энергетыку «зялёнымі» пры пэўных абставінах. Праект дакумента разасланы краінам — сябрам ЕС, паведамляюць нямецкае агенцтва DPA і газета Financial Times.

1576449423_0_168_3070_1895_1920x0_80_0_0_2919f307c0d53e32cc0fb64efcea13a0.jpg


Прапанова зробленая ў рамках прыняцця праграмы доўгатэрміновага фінансавання ЕС і выкліча жорсткія спрэчкі, адзначае DPA. Стаўленне да гэтых відаў энергетыкі радыкальна адрозніваецца ў розных краінах ЕС.

Прыхільнікі газавай энергетыкі адзначаюць, што яна чысцейшая за вугальную, прыхільнікі атамнай — што яна не ўплывае на выдзяленне вуглякіслага газу.

Электрастанцыі, якія працуюць на прыродным газе, будуць жорстка абмежаваныя ў вытворчасці парніковых газаў, калі будуць будавацца пасля 2030 года, вынікае з прапановы. Атамныя праекты будуць лічыцца «зялёнымі», калі атрымаюць дазвол на будаўніцтва да 2045 года.

Праціўнікі лічаць, што, калі гаворка ідзе аб газавых станцыях, «больш чыста» не азначае «чыста», а атамная энергетыка патрабуе ўтылізацыі небяспечных адкідаў і мае рызыку небяспечных аварый.

Адзін з самых сур’ёзных праціўнікаў атамнай энергетыкі — першая па памеры эканомікі краіна ЕС — Германія. 31 снежня Берлін закрыў тры з шасці атамных электрастанцый, якія засталіся ў краіне. Астатнія тры плануецца закрыць да канца гэтага года.

У той жа час другая эканоміка ЕС, Францыя, вырабляе на атамных электрастанцыях 70 % электраэнергіі і плануе аднавіць будаўніцтва АЭС, апошняя з якіх была запушчана амаль 20 гадоў таму.

Для таго, каб адхіліць прапанову Еўракамісіі, супраць яе павінна выступіць кваліфікаваная большасць краінаў-удзельніц. Гэта значыць, не менш за 20 з 27 урадаў, якія прадстаўляюць не менш за 65 % насельніцтва ЕС, або 353 з 705 дэпутатаў Еўрапарламента.