Прэзідэнт Літвы прапанаваў адмяніць надзвычайнае становішча, уведзенае праз міграцыйны крызіс

З боку мяжы з Беларуссю пагрозы больш няма?

nauseda_voennye_na_hranice_v_druskininkaj_4.jpg

Прэзідэнт Літвы Гітанас Науседа прапанаваў адмяніць надзвычайнае становішча, уведзенае праз міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю, паведамляе «Літоўскі кур'ер».

«Я мяркую, што ў той сітуацыі, якая склалася цяпер, было б мэтазгодна абмяркоўваць адмену надзвычайнага становішча, бо гэта моцны інструмент, які мы павінны выкарыстоўваць у асаблівых абставінах», — раніцай у аўторак сказаў прэзідэнт у інтэрв'ю радыёстанцыі Ziniu radijas.

Ён таксама заявіў, што «праблема з мігрантамі ў цяперашні час ужо вырашана», а пры ўскладненні сітуацыі надзвычайнае становішча можна ўвесці зноў.

Надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю было ўведзена 10 лістапада і падоўжанае да 14 студзеня.

Нелегальна перайшлі мяжу Літвы з Беларуссю летась звыш 4,2 тыс. мігрантаў, большасць з іх — іракцы. Таксама з патокамі нелегальнай міграцыі сутыкаюцца Польшча і Латвія. Службовыя асобы Літвы называюць патокі незаконнай міграцыі гібрыднай агрэсіяй беларускага рэжыму.