31 снежня праз беларуска-польскую мяжу спрабавалі прарвацца 44 чалавекі

У апошні дзень 2021 года парушыць беларуска-польскую мяжу спрабавалі 44 чалавекі, паведамляе пагранслужба Польшчы.

pogran_1_01.jpg

У раёне Ліпска да лініі мяжы падыходзіла група з 20 замежнікаў, а на ўчастку каля вёскі Нарэўка было выяўлена пашкоджанне калючага дроту.

Усяго летась польскія памежнікі налічылі 39,7 тысяч спробаў незаконнага пранікнення ў краіну з тэрыторыі Беларусі. З іх каля 1,7 тысяч — у снежні. Каля тыдня таму прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі казаў, што сітуацыя на мяжы стабілізавалася. Па яго словах, ёсць шанц, што наступіць зацішша.

Памежнікі суседняй Літвы таксама ў навагоднюю ноч прадухілілі спробу парушэння мяжы з тэрыторыі Беларусі — спынілі семярых мігрантаў, паведамляе агенцтва BNS. У Літву летась з Беларусі прыйшлі 4326 нелегальных мігрантаў (год таму, у 2020-м, нагадаем, іх было каля 80).

Паводле «Еўрарадыё».