У NATO патлумачылі, чаму Украіну не бяруць у альянс
Намеснік генеральнага сакратара Паўночнаатлантычнага альянсу Роўз Гетэмюлер настойвае, што Ўкраіна адрозніваецца ад іншых краін, якія імкнуцца да сяброўства ў NATO, паведамляе «Радыё Свабода».
У сваім выступе на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, Гетэмюлер нагадала, што сёлета спаўняецца 10 гадоў ад саміту ў Бухарэсце, дзе Кіеў атрымаў адмову ў атрыманні Плану дзеянняў адносна ўдзелу.
Але разам з тым Альянс прыняў рашэнне, што Украіна калі-небудзь будзе прынятая ў NATO.
З тых часоў, адзначыла намеснік генеральнага сакратара, засталіся 4 краіны, якія зацікаўленыя ў сяброўстве ў NATO — Боснія і Герцагавіна, Македонія, Украіна і Грузія. Яшчэ адна дзяржава, Чарнагорыя, за гэты час была прынятая ў альянс.
«Усе гэтыя чатыры краіны маюць цікавасьць датычна NATO, але Украіна — адзіная, якая не заявіла пра гэта як пра частку нацыянальнай палітыкі, што яна імкнецца да атрымання Плану дзеянняў адносна ўдзелу, а менавіта гэта — шлях да сяброўства ў NATO», — заявіла Роўз Гетэмюлер.
NATO з мінулага году часта адмаўляецца прызнаваць, што Украіна дэкларуе еўраатлантычныя імкненні, і не ўключае Ўкраіну ў спіс «краін-аспірантаў». Заява Гетэмюлер стала першай спробай чыноўнікаў NATO абгрунтаваць гэтую палітыку.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас сустрэчы ў Мюнхене з генеральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбергам выказаў зацікаўленасць у прыцягненні большай дапамогі NATO для рэфармавання абароннага сектару.