Колькасць выяўленых выпадкаў педафіліі павялічылася ў 15 разоў
У 2017 годзе ў параўнанні з 2012-м колькасць выяўленых супрацьпраўных дзеянняў, звязаных з педафіліяй, павялічылася ў 15 разоў. Пра гэта паведаміў старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Віталь Кульбіцкі на міжнароднай канферэнцыі „Супрацьдзеянне гандлю дзецьмі і сексуальнай эксплуатацыі дзяцей: вопыт Беларусі і замежных краін» 16 лютага ў Мінску.
Паводле яго слоў, за 2017 год толькі падраздзяленнямі па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ўстаноўлена 439 пацярпелых ад педафіліі і 247 падазраваных.
„Ва ўсім свеце назіраецца ўстойлівы рост злачынстваў на сексуальнай глебе ў дачыненні да непаўналетніх, а таксама злачынстваў, звязаных з вырабам і распаўсюджваннем дзіцячай парнаграфіі. Не мінула гэтая з’ява і нас”, — сказаў Кульбіцкі. Павелічэнне колькасці злачынстваў звязанае таксама з паляпшэннем выяўлення, адзначыў прадстаўнік МУС, заявіўшы, што для гэтага „ўсе сродкі добрыя”.
Гэта стала магчымым пасля таго, як органы правапарадку ў 2013 годзе атрымалі права распачынаць крымінальныя справы супраць педафілаў без заявы пацярпелага або яго законнага прадстаўніка. Такіх заяў было няшмат. „Ні дзеці, ні бацькі не хацелі з-за пэўных прычын звяртацца ў праваахоўныя органы”, — растлумачыў Кульбіцкі. Найбольшую трывогу, сказаў ён, выклікае латэнтнасць злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці дзяцей. Часцей за ўсё — у 80% выпадкаў — злачынцамі становяцца знаёмыя або сваякі ахвяры. Адным з праяў педафіліі з’яўляецца інцэст, пры якім часцей за ўсё не адбываецца прымянення фізічнай сілы. Бацькі або найбліжэйшыя сваякі прымушаюць дзіця да дзеянняў сексуальнага характару з дапамогай пераканання, што тое, што адбываецца, з’яўляецца нармальным, просяць не расказваць пра „сакрэт” навакольным.
Актыўна выкарыстоўваюць педафілы інтэрнэт. Кульбіцкі прывёў прыклад, калі грамадзянка Беларусі разбэшчвала свайго чатырохгадовага сына, здымала на відэакамеру і прадавала праз інтэрнэт запісаныя файлы грамадзяніну Германіі па 150 еўра за кожны. Беларускія праваахоўнікі выйшлі на жанчыну дзякуючы інфармацыі Інтэрпола, які выявіў відэа сексуальнага характару з удзелам дзяцей у жыхара Германіі і шукаў тых, хто пастаўляў яму файлы. „Грамадзянін Германіі на працягу тыдня быў арыштаваны. Высветлілася, што такіх мам па ўсім свеце было шмат. Жанчына была асуджаная на 12 гадоў пазбаўлення волі. Прыкметы злачынства былі на відэа, апытання дзіця не запатрабавалася. З хлопчыкам працавалі псіхолагі. Яго законным прадстаўніком стала маці бацькі дзіцяці. Мужчына раней быў судзімы за выраб дзіцячай парнаграфіі”, — сказаў Кульбіцкі.
Яшчэ адзін прыклад: мужчына, які займаў пасаду выканаўчага дырэктара адной з мінскіх фірм, у 2015—2016 гадах шукаў дзяўчынак ад 13 да 18 гадоў у інтэрнэце і прапаноўваў займацца прастытуцыяй, абяцаючы захаванне таямніцы і ганарар ад 30 да 100 долараў. Паводле слоў Кульбіцкага, адгукнуліся 38 дзяўчынак з Менска, Вілейскага, Уздзенскага і Чэрвеньскага раёнаў Менскай вобласці. Большасць з іх з няпоўных сем’яў. „Гэта мяккія прыклады, каб не траўмаваць псіхіку прысутных”, — сказаў прадстаўнік МУС. Ён адзначыў рост колькасці выпадкаў, калі педафіламі аказваюцца педагогі, лекары, кіраўнікі. „Іх ахвярамі становяцца дзеці, якія знаходзяцца па-за ўвагай бацькоў, а матэрыяльны статус сям’і значэння не мае. Да кожнага дзіця педафілы знаходзяць індывідуальны падыход. Адным прапануюць грошы, іншых пераконваюць, што тое, чым ім прапануюць займацца, — гэта напрамак, які знаходзіцца ў трэндзе, сорамна не ведаць гэтага. Педафілы часам спецыяльна выбіраюць пэўныя прафесіі”, — падкрэсліў Кульбіцкі.
Паводле «Радыё Рацыя»