Дапамагчы кату Шпроту

Дзеці даўно мусяць дазнацца праўду пра атракцыёны ў мінскім Парку Чалюскінцаў!

vokladka_9.jpg

На краўдфандынгавай платформе «Улей» распачаўся збор сродкаў на выданне кнігі для дзяцей 6-10 гадоў «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў». Аўтар –перакладчыца Ганна Янкута, ілюстрацыі – Лілі Давыдоўскай.

Краўдфандынгавая кампанія працуе па прынцыпе перадзамовы, і падтрымаўшы праект, чытачы атрымаюць кнігу па самым нізкім кошце.
Аднойчы кот Шпрот, які любіць уначы цішком збегчы з балкона і паблукаць па ваколіцах, знаёміцца з прывідамі, што жывуць пад вокнамі яго дома. Так пачынаюцца прыгоды ката і хлопчыка Алеся ў Парку Чалюскінцаў, завязваецца іх сяброўства з суседзямі – прывідамі, вераб’ямі і мышамі. Героі кнігі ратуюць сяброў, якія трапілі ў загадкавую пастку, і вучацца разам спраўляцца з нягодамі.

vokladka_front.jpg

Чым кніга асаблівая? Па-першае, дзеянне адбываецца ў сапраўдных сённяшнім Мінску: вы пабываеце ў завулку Калініна, бульвары Талбухіна, Парку Чалюскінцаў. Па-другое, «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў» – толькі першая кніга з серыі пра незвычайнага ката і яго сяброў. Чытачоў чакае працяг – каб сабраць усю калекцыю, варта пачынаць ужо цяпер! Па-трэцяе, ілюстрацыі ў кнізе жывуць асобным жыццём: калі іх уважліва разгледзець, то можна ўбачыць, што персанажаў трошкі больш чым у тэксце, і ў гэтых загадкавых персанажаў таксама ёсць свая цікавая гісторыя.
Кнігу напісала вядомая перакладчыца кніг для дзяцей і дарослых Ганна Янкута. Дзякуючы ёй па-беларуску з'явіліся на свет гісторыі пра Шэрлака Холмса, зімовая казка з прывідамі «Калядны харал» Дыкенса, кніга жахаў «Замак Отранта» Уолпала і шмат чаго яшчэ. Арыгінальныя малюнкі стварыла Ліля Давыдоўская – ілюстратарка і дызайнерка, выпускніца Акадэміі мастацтваў, якая жыве і працуе ў Каіры (Егіпет). Замалёўкі з розных гарадоў і краін можна паглядзець у яе акаўнце Instagram.

001_big.jpg

Выхад кнігі плануецца на чэрвень 2018 года. Яна будзе мець прыкладна 80 старонак фармату, набліжанага да А4, у цвёрдай вокладцы, на шчыльнай крэйдаванай паперы. Усе ілюстрацыі (а іх будзе больш за 70) будуць каляровымі.
Паводле прэс-рэліза