У Нямеччыне выйшла кніга беларускага габрэйскага пісьменніка, закатаванага НКВД у 1937-м

Раман «Зельманцы» Майсея Кульбака выйшаў у новым нямецкім перакладзе. Пра гэта паведаміла Радыё Свабода

1e484db1_5fbe_44ab_b95b_dbe73b12fba5_cx0_cy22_cw0_w1023_r1_s.jpg

Гэтаму твору ды яго аўтару была прысвечана праграма на нямецкім радыё Deutschlandfunk.
Майсей Кульбак (20 сакавіка 1896, Смаргонь — 29 кастрычніка 1937, турма НКВД, Мінск), падае аўтар перадачы Карстэн Гюк (Carsten Hueck), быў паэтам , празаікам і драматургам і лічыўся «зоркай літаратуры ідыш». Гэтая мова ў 1920-30-х гадах была адной з чатырох афіцыйных моваў БССР. Раман «Зельманцы» выйшаў у Мінску дзвюма кнігамі — у 1931 і 1935 гадах. Гэты твор быў перакладзены на розныя мовы, у тым ліку беларускую, расійскую, ангельскую ды нямецкую.
Героямі раману, які чыталі ў розных краінах, сталі некалькі пакаленняў вялікай сям'і старога рэбэ Зельмеле, «чорнавалосыя, касцістыя, з шырокім ілбом, мясістым носам, ямачкамі на шчоках» рамеснікі, якія жылі ў адным з раёнаў цяперашняга Мінску (вуліцы Аранская і Кастрычніцкая, там дзе фабрыка «Камунарка» ды сучасныя арт-пляцоўкі). Цяпер гэты квартал захаваўся выключна геаграфічна. Сто гадоў таму, у часы Кульбака, тут, як і ў астатніх гарадах БССР, шмат дзе гучаў ідыш, да дзьвярэй дамоў былі прымацаваныя мэзузы — скруткі пергамэнту са скуры рытуальнай кашэрнай жывёлы, дзе змяшчалася цытата з габрэйскай малітвы. Гарадскія двары былі невялікія, з няхітрым побытам, у іх пастаянна гучалі габрэйскія песенькі.

8b61aaed_40c8_41e4_805e_c463ca5d92fd_w250_r0_s.jpg

Майсей Кульбак, адзначае Карстэн Гюк, апісвае ўсю гэтую сацыяльную рэальнасць з гумарам, цеплынёй і алюзіямі на Гайнэ, Шэкспіра, Чэхава і Бабеля. Само стварэнне раману прыпала на час, калі ішло змаганне Сталіна за ўладу ўнутры Палітбюро, і нарэшце ў 1929 годзе ён выйграў гэтую барацьбу. Пад пагрозай апынуліся і габрэі, хоць на той час іх традыцыі, мова і ідэнтычнасць ўсё яшчэ працягваліся. Але ўжо у 1930 годзе Беларуская акадэмія навук на 120 старонках патлумачыла, што менавіта гэтыя традыцыі і ідэнтычнасць контрарэвалюцыйныя і рэакцыйныя.
На той час творы Майсея Кульбака, які ў 1928 годзе пераехаў з Вільні ў Менск, усё яшчэ выходзілі. У 1934 годзе адбыўся першы зьезд Саюзу пісьменнікаў СССР, які абвясьціў сацыялістычны рэалізм у якасці дактрыны. У яе раман «Зельманцы» ня ўпісваўся. У ім не было сацыялістычных герояў. Да таго ж аўтар ніяк не ўхваляў пачатак знікнення традыцыйнага для Беларусі габрэйскага культурніцкага пласту, якое ён апісваў у сваім творы.

7c125b63_2715_4f83_8ad7_e1a20bfc6b7f_w650_r0_s.jpg

Майсей Кульбак быў арыштаваны ў верасні 1937-га ў Менску. Яго асудзілі як чальца контрарэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай групоўкі да найвышэйшай меры пакарання — расстрэлу.
Сёння, адзначае Карстэн Гюк, мы чытаем раман як гістарычнае сведчаньне і як магутнае, паэтычнае разьвітаньне з сьветам, які існаваў яшчэ параўнальна нядаўна і гібель якога вельмі балюча ўсвядоміў ягоны аўтар.
Новае выданьне «Зельманцаў» — гэта ўжо другі пераклад раману на нямецкую мову. Першы выйшаў у 1973 годзе ў бэрлінскім выдавецтве Volk und Welt.
Летась у нямецкім выдавецтве fotoTAPETA выйшаў іншы раман Кульбака — «Панядзелак», які ўпершыню быў выдадзены ў 1926 годзе ў Варшаве. Сёлета рыхтуецца выданне гэтага раману на беларускую мову.
Паводле svaboda.org