У Сенаце ЗША заявілі пра рост расійскай прапаганды пасля выбараў 2016 года

Пасля выбараў у ЗША ў 2016 годзе актыўнасць расійскай «фабрыкі троляў» узрасла больш чым на 200 працэнтаў у Instagram і больш чым на 50 працэнтаў у іншых сацсетках.

170420_instagram_mn_0930_9e1528eb95f7e55d40f73029e43d9f35.nbcnews_ux_2880_1000.jpg

Камітэт Сената ЗША па выведцы заявіў пра ўзмацненне актыўнасці найбольш вядомай структуры, якая ажыццяўляе прапагандысцкую дзейнасць па даручэнні Крамля, пасля мінулых выбараў амерыканскага прэзідэнта. «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» Яўгена Прыгожына, якое базуецца ў Санкт-Пецярбургу, «хутчэй пашырыла, чым згарнула» сваю дзейнасць з моманту галасавання ў лістападзе 2016 года, заявіў у аўторак, 8 кастрычніка, камітэт, які расследуе меркаванае расійскае ўмяшанне.
Пры гэтым актыўнасць звязаных з «фабрыкай троляў» акаўнтаў у Instagram вырасла больш чым на 200 адсоткаў, акаўнтаў у Facebook, Twitter і Youtube — на больш чым 50 адсоткаў, указваецца ў заяве дзвюхпартыйнага камітэта, які ўзначальвае рэспубліканец Рычард Барам.

Прапаганда нацэлена на афраамерыканцаў


Па дадзеных сенатараў, расійская кампанія была накіравана, перш за ўсё, на афраамерыкацаў і мела на мэце абвастрэнне ўнутранай напружанасці і павышэнне шанцаў на перавыбранне прэзідэнтам ЗША Дональда Трампа.
Адначасова камітэт па выведцы рэкамендаваў Кангрэсу разгледзець новыя законы, якія абавязваюць раскрываць інфармацыю аб заказчыках інтэрнэт-рэкламы, звязанай з выбарамі.

Расследаванне Роберта Мюлера

«Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» і іншыя расійскія структуры, што займаюцца прапагандай у Сеціве, знаходзіліся ў фокусе расследавання спецпракурора ЗША Роберта Мюлера, які з траўня 2017 года вывучаў меркаванае ўмяшанне РФ у выбары амерыканскага прэзідэнта ў 2016 годзе.Вынікі даследавання былі прадстаўлены ў сакавіку 2019 года. Па дадзеных Мюлера, умяшальніцтва ў выбары адбывалася праз «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў», якое звязваюць са структурамі бізнесмена Яўгена Прыгожына, а таксама праз хакерскія атакі. Кампанія Масквы па ўмяшанні ў амерыканскія выбары была рознабаковай і скаардынаванай і праводзілася з удзелам дзяржаўных СМІ і агенцтваў, хакераў, праплочаных карыстальнікаў сацсетак («троляў»), блогераў і спецслужбаў.
Расія катэгарычна адмаўляе ўмяшанне ў прэзідэнцкую кампанію ў ЗША ў 2016 годзе. У сваю чаргу Трамп заяўляе, што з'яўляецца ахвярай «палявання на ведзьмаў», і таксама рашуча адмаўляе змову свайго выбарчага штаба з Масквой.
dw.com