Упершыню з часоў вайны: Францыя адклікае свайго амбасадара ў Італіі
Міністэрства замежных спраў Францыі вырашыла адклікаць для кансультацый свайго амбасадара ў Італіі з-за беспрэцэдэнтнай сітуацыі, якая склалася ў адносінах дзвюх краін.
Урад французскага прэзідэнта Эмануэля Макрона адклікаў свайго амбасадара ў Рыме ў чацвер, 7 лютага, з-за беспрэцэдэнтнай з часоў Другой сусветнай вайны сітуацыі і заявіў, што яму надакучылі "сістэмныя, беспадстаўныя" атакі італьянскіх палітычных лідараў супраць Францыі.
Дыпламатычныя крыніцы паведамілі, што Парыж вырашыў дзейнічаць так пасля славесных нападак з боку італьянскіх міністраў, якіх узначальвае намеснікам кіраўніка ўрада Луіджы дзі Маё, кіраўнік партыі “Рух пяці зорак”.
"Францыя на працягу некалькіх месяцаў была аб'ектам неаднаразовых, беспадстаўных нападаў і скандальных заяў", — заявілі ў МЗС Францыі.
"Існаванне рознагалоссяў — гэта адно, але маніпуляванне адносінамі дзеля выбарчых дывідэндаў — гэта іншае", — дадалі ў міністэрстве, і назвалі паводзіны Італіі горшымі з часоў Другой сусветнай вайны, калі Беніта Мусаліні абвясціў вайну Францыі ў 1940 годзе.
Асабліва абурыла Францыю тое, што віцэ-прэм'ер Італіі Луіджы дзі Майо 5 лютага сустрэўся з актывістамі французскага пратэстнага руху "жоўтых камізэлек". У студзені дзі Маё ўжо выказваў салідарнасць з "жоўтымі камізэлькамі". Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства Францыі заклікаў італьянскага віцэ-прэм'ера "сачыць за тым, каб сваім неаднаразовым умяшаннем не падарваць двухбаковыя адносіны".
Чытайце таксама:
Італія. Увесці санкцыі супраць каланізатараў
Хоць Францыя ўпершыню адклікае свайго амбасадара з Італіі з 1945 года, такія дзеянні не з'яўляецца беспрэцэдэнтным сярод сябраў ЕС. У 2016 годзе Грэцыя адклікала свайго амбасадара з Аўстрыі, а ў 2017 годзе Венгрыя адклікала свайго прадстаўніка ў Нідэрландах.
Нагадаем, "жоўтыя камізэлькі" праводзяць акцыі пратэсту штосуботу з лістапада 2018 года. Спачатку яны пратэставалі супраць палітыкі французскіх уладаў і патрабавалі зніжэння коштаў на бензін і павышэння пакупніцкай здольнасці. Затым дадаўся шэраг іншых патрабаванняў.
Паводле telegraf.by, www.dw.com