Ва Украіне з'явіцца першы моўны амбудсмен

Украінскі палітык Тарас Крэмінь стаў першым у гісторыі краіны моўным амбудсменам. Такая пасада з’явілася ў межах выканання закона аб мове, што паспела прыняць старая Вярхоўная Рада.

Фота uain.press

Фота uain.press


Паводле закону, амбудсмен павінен сачыць за тым, каб украінская мова прысутнічала і ўжывалася ва ўсіх сферах, пазначаных законам: адукацыя, ахова здароўя, СМІ, медыцына, суда- і справаводства. Пры гэтым амбудсмен павінен рэагаваць на ўсе скаргі, у тым ліку ананімныя.

Шмат хто чакае ад Крэміня дастаткова жорсткага курсу. У тым ліку таму, што ён — сын украінскага паэта і перакладчыка Дзмітрыя Крэміня, а з 2010 года ўваходзіў у нацыяналістычную партыю Арсенія Яцанюка «Народны фронт» і быў суаўтарам закона пра адукацыю, які забараняе нацменшасцям вывучаць свае мовы ў школах.

Аднак, каб заняць пасаду амбудсмена, Крэміню, паводле закона, яшчэ трэба згода Кабміну і, напэўна, ухваленне самога Зяленскага. Апошні падчас выбарчай кампаніі жорстка крытыкаваў Закон аб мовах і абяцаў у выпадку перамогі ўлічваць інтарэсы рускамоўных украінцаў.

Праўда, пакуль у гэтай сферы ўсё застаецца па-ранейшаму. Таму можна дапусціць, што кандыдатуру Крэміня ўкраінскі прэзідэнт зацвердзіць, аднак яго дзейнасць будзе пад кантролем прэзідэнцкай адміністрацыі, і ўсё абыдзецца без гучных скандалаў.