Мытны камітэт Беларусі заявіў пра выкрыты канал паставак зброі з Украіны

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Юры Сянько ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» заявіў аб выкрыцці транзіту зброі з Украіны праз Беларусь, паведамляе Радыё Свабода.

Юры Сянько, архіўнае фота

Юры Сянько, архіўнае фота

Паводле Юрыя Сянько, разам з КДБ ягоны камітэт правяраў звесткі аб тым, што з Украіны праз Беларусь перамяшчалі ў Літву, а адтуль у Расею часткі зброі. У Расеі правялі спецаперацыю і выявілі шмат нелегальнай зброі: аўтаматы, пісталеты, вінтоўкі, каля 9 тысяч адзінак боепрыпасаў.
Ён таксама расказаў, што на мяжы з пачатку году канфіскавалі 626 кг наркатычных рэчываў, калі летась за той жа перыяд было толькі 156 кг. З канфіскаванага абсалютная большасць «была прызначана для расейскіх спажыўцоў», адзначыў Сянько, і наркотыкі ўвозілі расейскія кур’еры для транзіту праз Беларусь.
Сянько не паведаміў шмат падрабязнасцяў пра цяперашнюю аперацыю з пастаўкамі зброі. Расейскія СМІ не перадавалі звестак пра такую аперацыю. Падобныя заявы гучалі і раней, але пасля ўскосна абвяргаліся.
Год таму, у верасні 2018-га, Аляксандр Лукашэнка загадаў узмацніць мяжу з Украінай, каб спыніць нелегальны перавоз зброі. Пра пастаўкі зброі казалі і Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі, і старшыня памежнага камітэту. Але ні беларускія, ні ўкраінскія памежнікі тады не знайшлі каналаў паставак зброі з Украіны, пра якія казаў Лукашэнка.
Сёлета ў пачатку верасня Лукашэнка зноў заявіў пра пастаўкі зброі з Украіны, а таксама пра тое, што з Украінай «цалкам закрылі мяжу». У якім сэнсе мяжа перакрытая, невядома: праз яе прапускаюць грамадзян у ранейшым рэжыме. Украінскія памежнікі ў дзень заявы Лукашэнкі паведамілі, з пачатку 2019 году сапраўды выяўлялі незаконную зброю, але толькі 40 адзінак, што на 40% менш, чым летась.