Алег Сянцоў спаліў сваю турэмную робу (відэа)

Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, які правёў больш за 5 гадоў у зняволенні ў Расіі і быў нядаўна вызвалены ў рамках абмену зняволенымі паміж Масквой і Кіевам, паказальна спаліў сваю турэмную робу.

259d2a32_e60e_4fb9_a90d_6568e77fb998_w1023_r1_s.jpg


"Гэта роба зняволенага, самая ненавісная рэч на зямлі. Зараз я яе спалю", — сказаў Сянцоў, пасля чаго абліў спецвопратку бензінам і падпаліў пад словы аднаго з гледачоў "Гары ў пекле, ФСВП Расіі".


У пятніцу Сянцоў выступіў у Кіеве на форуме YES ("Ялцінская еўрапейская стратэгія"). Ён заклікаў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага хутчэй дамагчыся вызвалення ўкраінцаў, якія застаюцца ў зняволенні ў Расіі.
Сам Зяленскі ў сваім выступе падкрэсліў, што Украіна ўжо рыхтуецца да наступнага этапу абмену з Расіяй, але не ўдакладніў, калі ён можа адбыцца.
Прэзідэнт Украіны таксама заклікаў краіны Захаду не здымаць санкцыі з Расіі, назваўшы іх "падаткам на мір". Пры гэтым Зяленскі вельмі асцярожна пракаментаваў ідэю размяшчэння міратворцаў у Данбасе, сказаўшы, што не хоча ператварэння рэгіёну ў новае Прыднястроўе. Гаворачы аб анэксаваным Крыме — жыхаром якога, у прыватнасці, быў Сянцоў, — Зяленскі сказаў, што ў яго ёсць некаторыя ідэі, якія павінны спрыяць яго вяртанню пад кантроль Украіны, але казаць пра іх пакуль рана.
Алег Сянцоў — украінскі рэжысёр, актывіст Майдана, які выступаў супраць анэксіі Расіяй Крыма. У маі 2014 года ён быў арыштаваны расійскімі спецслужбамі, абвінавачаны ў падрыхтоўцы тэракту і асуджаны на 20 гадоў пазбаўлення волі. Сянцоў адмаўляе, што рыхтаваў тэракт. Утрымліваўся ў калоніі ў пасёлку Харп за Палярным кругам. У мінулым годзе ён некалькі месяцаў трымаў галадоўку з патрабаваннем вызваліць украінскіх палітвязняў. 7 верасня ён у ліку іншых украінцаў быў абмяняны па формуле "35 на 35".
Паводле svoboda.org