«Вайну спыніце, утыркі». Расійскія выбары ператварыліся ў антываенны флэшмоб (фота)
8-10 верасня ў Расіі праходзілі рэгіянальныя выбары — губернатараў, дэпутатаў у рэгіянальныя парламенты і іншыя муніцыпальныя органы. Але выбаршчыкі па ўсёй краіне наносілі антываенныя надпісы на бюлетэні, калі там не быў прадстаўлены кандыдат, які выступае супраць уварвання ва Украіну.

Фота з тг-каналу «Можам патлумачыць»
Акцыю «Голас супраць» запусцілі некалькі антываенных рухаў: «Прачніся», «Зялёная стужка», «Голас розуму», «Медыяпартызаны» і «Нацдэм», піша тэлеграм-канал «Можам патлумачыць».
Арганізатары заклікалі абавязкова прыйсці на ўчастак, прагаласаваць за незалежнага кандыдата і/або пакінуць у бюлетэні антываеннае пасланне. І пасля гэтага даслаць фота бюлетэні ў спецыяльныя тэлеграм-боты. «Нізкая яўка і адсутнасць якіх-небудзь дзеянняў грамадзянскай супольнасці — галоўная задача Пуціна на гэтых выбарах. Фальсіфікацыі не адлюстроўваюць рэальнасць. Рэальнасць адлюстроўваюць вашы дзеянні, вашы галасы і ваш пратэст», — гаворыцца на сайце акцыі.
«Самі таго не падазраючы, улады стварылі для нас легальную прастору для выказвання сваёй антываеннай пазіцыі», — сказаў «МП» адзін з арганізатараў.
«Мы лічым, што нежаданне прыходзіць і галасаваць на выбарах у апазіцыйнай грамадзянскай супольнасці — гэта падарунак для рэжыму. А такія бюлетэні [з антываеннымі лозунгамі] падтрымліваюць іншых актывістаў і сеюць сумневы ў элітаў», — патлумачыў «МП» матывы акцыі прадстаўнік руху «Прачніся».
Некалькі прыкладаў пасланняў ад расійцаў:
- «Пуцін — х#йло»;
- «Не вайне»;
- «Вярніце мабілізаваных, калі ваша слова нешта значыць»;
- «П#дарасы, я вас ненавіджу»;
- «Пуціну — смерць»;
- «Міру мір, не вайне»;
- «Расія, прачніся. Не вайне. Пуцін забойца»;
- «Вайну спыніце, утыркі»;
- «Не вайне. Пуціна пад трыбунал».
Нагадаем, на расійскіх выбарах у 21 суб'екце краіны выбіралі вышэйшых службовых асоб. Акрамя таго, адбыліся дадатковыя выбары дэпутатаў Дзярждумы па чатырох вакантных месцах па аднамандатных выбарчых акругах. У Маскве выбіралі мэра і дэпутатаў у 13 муніцыпальных утварэннях Траецкай і Навамаскоўскай адміністрацыйных акругах.
Галасаванне таксама праходзіла на акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторыях — там выбіралі дэпутатаў у мясцовыя парламенты. Яго вынікі не прызнаюцца ні Украінай, ні краінамі Захаду, якія лічаць выбары на захопленых тэрыторыях нелегітымнымі.
Гэта апошняя кампанія перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2024 годзе, пра ўдзел у якіх пакуль яшчэ не заяўляў Уладзімір Пуцін. Прынятыя па яго ініцыятыве папраўкі ў Канстытуцыю дазваляюць яму зноў балатавацца на пасаду прэзідэнта.
Лукашэнка напярэдадні павіншаваў Пуціна з вынікамі выбараў, калі ў еўрапейскай частцы Расіі толькі пачыналі лічыць галасы. Эксперты яшчэ да выбараў казалі аб іх прадказальнасці і адсутнасці рэальнай канкурэнцыі ў праўладных кандыдатаў.