Венграм можа пагражаць да года турмы за дапамогу нелегальным мігрантам
Улады Венгрыі падрыхтавалі законапраект аб крымінальным пакаранні для тых, хто дапамагае нелегальным мігрантам, якія запытваюць прытулак.
Калі закон будзе прыняты ў цяперашнім выглядзе, друк улётак з інфармацыяй для бежанцаў, прапанова ім ежы або прававой дапамогі будзе лічыцца злачынствам.
Таксама венгерскія ўлады збіраюцца памяняць канстытуцыю, каб іншыя краіны Еўрасаюза не высылалі просьбітаў прытулку назад у Венгрыю.
Венгерскае выданне “Magyar Hirlap” піша, што турэмныя тэрміны ад некалькіх дзён да года чакаюць тых, хто будзе правозіць мігрантаў, дапамагаць ім у атрыманні прытулку і для тых, хто фінансуе нелегальную іміграцыю.
Прэм'ер-міністр Віктар Орбан адмовіўся прыняць удзел у праграме перасялення бежанцаў у Еўрасаюз. Ён — вядомы еўраскептык, які выступае супраць далейшай інтэграцыі ў ЕС.
Акрамя Венгрыі, планам ЕС размясціць 160 тысяч бежанцаў з Сірыі супрацьстаялі Польшча, Чэхія і Славакія. Лагера бежанцаў у Італіі і Грэцыі перапоўненыя.
Карэспандэнт ВВС ў Будапешце Нік Торп перадае, што венгерскія парламентарыі спрачаюцца з нагоды законапраекта, хоць нямногія мігранты могуць цяпер патрапіць у Венгрыю — з-за падвойнага плота з калючым дротам, усталяванага на паўднёвай мяжы.
Правая партыя Орбана "Фідэс" складае дзве траціны ў парламенце. Галасаванне па гэтым законапраекце чакаецца на наступным тыдні.
Законапраект называецца "Стоп Сорасу", і выказвае антыпатыю ўладаў да амерыканскага мільянера-філантропа Джорджу Сораса, які нарадзіўся ў Венгрыі. Яго абвінавачваюць у заахвочванні міграцыі мусульман у Еўропу.
Сорас адхіліў гэтыя абвінавачванні ў аўторак у сваёй прамове ў Еўрапейскім савеце па міжнародных адносінах у Парыжы. Ён заявіў, што Орбан кідае выклік ключавым каштоўнасцям Еўрасаюза.
У 2015 годзе шлях мільёна просьбітаў прытулку ляжаў праз Венгрыю. Многія з іх беглі з Сірыі, Ірака і Афганістана. Большасць з іх адправіліся ў Германію.
Узвядзенне ў 2016 годзе платоў з боку Балкан рэзка скараціла прыток бежанцаў у краіну.
Паводле www.bbc.com