Вяртанне сімвала. Чым падобныя сцягі Беларусі і Грузіі?

З грузінскім сцягам у Беларусь лепш не ездзіць. У час, калі ва ўладаў ідыёсінкразія на ўсё чырвона-белае, ёсць рызыка атрымаць 15 сутак. Кратавалі ж у нас за сцяг Японіі ў «ідэалагічна няправільных колерах»? Грузінскі сцяг — таксама бела-чырвоны. А 14 студзеня Грузія адзначае дзень свайго дзяржаўнага сцяга.

img_0177_1_logo.jpg


Цяперашні сцяг гэтай маленькай, але ганарлівай краіны — адносна малады па «дзяржаўнасці», але пры гэтым з'яўляецца другім па старажытнасці сцягам у свеце. Палотнішча з пяццю чырвонымі крыжамі на белым фоне — адным вялікім, што дзеліць сцяг на 4 часткі, і чатырма маленькімі, па адным у кожнай частцы. Як распавяла «Новаму часу» сертыфікаваны гід і супрацоўніца тэхналагічнага музея братоў Нобеляў у Батумі Гульнара Берыдзэ, белы колер сцяга — гэта колер пяшчоты і чысціні, чырвоны колер — колер перамогі і кахання.

Яшчэ адзін «сцяг Хрыста?»

Грузінскі сцяг падобны на беларускі бел-чырвона-белы не толькі па колеры. У Беларусі многія веруючыя апазіцыянеры (у прыватнасці, Павел Севярынец), называюць БЧБ-сцяг «сцягам Хрыста» — маўляў, гэта Кроў Хрыста на белым палотнішчы. У Грузіі ў сцягу таксама прысутнічаюць рэлігійныя матывы — у прыватнасці, вялікі крыж азначае Хрыста, а маленькія чырвоныя — гэта чатыры евангелісты, якія суправаджалі Ісуса.

Мабыць, праз гэта ад многіх грузінаў можна пачуць, што гэты сцяг — царкоўны. Аднак насамрэч гэта не так, кажа Гульнара Берыдзэ. Хоць адсылак да рэлігіі ў сцягу, на самай справе, шмат.

Напрыклад, можна пачуць меркаванне, што пад гэтым сцягам крыжакі ўваходзілі ў Іерусалім падчас Крыжовых паходаў. Такое меркаванне сапраўды мае пад сабою падставы, кажа Гульнара Берыдзэ. Сённяшні Грузінскі сцяг практычна паўтарае «Крыж крыжакоў» — часцей за ўсё чырвоны (пунсовы) роўнабаковы (ці ж з больш доўгай вертыкальнай часткай і больш кароткай папярочнай) прамы крыж на белым або любым іншым фоне, які быў адметным знакам удзельніка Крыжовых паходаў.

«Крыж крыжакоў» у сімволіцы азначае роўна тое ж, што і сцяг Грузіі — вялікі крыж сімвалізуе Хрыста, чатыры маленькіх — аўтараў чатырох Евангелляў, якія распаўсюджваюць вучэнне на ўсе чатыры бакі свету.

Іерусалімскі крыж. Крыніца: commons.wikimedia.org

Іерусалімскі крыж. Крыніца: commons.wikimedia.org


Ці былі грузіны сярод воінаў Гроба Гасподняга? Невядома, кажа Гульнара. Хаця б таму, што Крыжовыя паходы ладзіліся з блаславення Рымскіх Папаў, а Грузія — краіна глыбока праваслаўная. Аднак падабенства ўсё ж уражвае.

Нягледзячы на тое, што першыя Крыжовыя паходы адносяцца да ХІ стагоддзя, грузіны лічаць, што іх сцяг з'явіўся крыху пазней. Першыя выявы сцяга былі знойдзеныя на фрэсках у Мцхетыі, узрост якіх адмыслоўцы адносілі да ХІІ-XIII стагоддзяў. Але гэтыя выявы былі чорна-белыя, і грузінскім археолагам давялося паехаць у Францыю. Там у картаграфічным аддзеле Нацыянальнай бібліятэкі яны знайшлі дзве марскія карты, якія былі датаваныя ХІV стагоддзем, на якіх былі крэпасці з надпісам «Тыфліс», і якраз на іх былі пазначаныя гэтыя сцягі з пяццю крыжамі.

Такім чынам Грузія пацвердзіла, што была другой краінай у свеце (пасля Даніі), у якой быў свой сцяг. Гэта было вызнана і Сусветным саветам па геральдыцы.

Доўгая гісторыя сцягоў

Вядома ж, гэта не першы сцяг Грузіі. З набыццём незалежнасці ад Расійскай імперыі, у 1918-1921 гадах, распавядае Гульнара, Грузія стварыла свой сцяг — палотнішча кізілавага (цёмна-чырвонага) колеру з чорна-белым прастакутнікам у верхнім левым куце. Гэтыя колеры перадавалі сімвалы таго перыяду, які праходзіла Грузія: кізілавы колер — колер крыві, чорны колер увасабляў чорную паласу ў гісторыі краіны, а белы — зіхатлівую будучыню.

Сцяг Дэмакратычнай Рэспублікі Грузія. Крыніца: commons.wikimedia.org

Сцяг Дэмакратычнай Рэспублікі Грузія. Крыніца: commons.wikimedia.org

У 1921 годзе ў Грузію ўвайшлі савецкія войскі. Бальшавікі асабліва заклапочвацца са сцягам рэспублікі не сталі, і прынялі за грузінскі сімвал чырвонае палатно з надпісам «ССРГ» (Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Грузія) у левым верхнім куце. Спачатку нават літары на сцягу былі рускія — потым іх замянілі літарамі грузінскага алфавіту. У 1930-м было вырашана замест «ССРГ» напісаць на сцягу надпіс па-грузінску «Сакартвелас ССР» (Грузінская ССР). І толькі ў 1951 годзе быў прыняты новы сцяг, больш падобны на ўсе астатнія сцягі савецкіх рэспублік: чырвонае палатно, уверсе якога была блакітная паласа (што сімвалізавала Чорнае мора), у левым верхнім куце — квадрат блакітнага колеру, у сярэдзіне квадрата круг, у ім чырвоныя серп і молат з пяціканцовай зоркай, ад круга да бакоў квадрата разыходзяцца 24 чырвоных прамяні.

Крыніца: commons.wikimedia.org

Крыніца: commons.wikimedia.org

Варта адзначыць, што сцяг Грузінскай ССР быў адзіным сярод усіх сцягоў саюзных рэспублік, на якім серп і молат былі чырвонага, а не залатога колеру.

Пасля распаду СССР і вяртання незалежнасці краіна вярнулася да сцяга Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі 1918-1921 гадоў. А новы сімвал Грузіі з'явіўся пасля «рэвалюцыі руж» 2003 года.

Ад апазіцыйнага да дзяржаўнага

Цікава і тое, што, як і беларускі бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся Беларускім Народным Фронтам, грузінскі сцяг да таго, як стаць дзяржаўным, быў сімвалам апазіцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух», лідарам якой быў Міхаіл Саакашвілі. Пасля перамогі «рэвалюцыі ружаў» міністр юстыцыі прапанаваў замяніць сцяг Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі на гістарычны грузінскі сцяг. Парламент прагаласаваў за гэтую прапанову аднагалосна.

Ці не было ў грузінскім грамадстве нейкіх пярэчанняў з той нагоды, што, па-першае, дзяржаўны сцяг змяняецца на фактычна сімвал апазіцыйнай партыі, а па-другое, што гэтае рашэнне прымае парламент, а не народ на ўсенародным галасаванні.

«Нічога такога не было, — кажа Гульнара Берыдзэ. — Наадварот, я думаю, што сама перамога “рэвалюцыі руж” была ў некаторай ступені абумоўлена тым, што яны абралі сцяг, на якім заснавана ўся наша гісторыя. Апазіцыя ў якасці свайго сцяга абрала аб'яднаўчы сімвал, і гэта сябе апраўдала».

Таму і не было ніякага сэнсу праводзіць рэферэндум — у грамадстве была згода на тое, каб гістарычны грузінскі сцяг стаў дзяржаўным. Нават калі б рэферэндум і быў, то вынікі яго былі прадвызначаныя. Дэпутаты гэта разумелі, і вырашылі не марнаваць час і грошы на пацвярджэнне таго, што і так было зразумела.

Цяпер грузіны ставяцца да свайго сцягу з вялікай павагай. Яго можна ўбачыць літаральна паўсюль, у самых нечаканых месцах: у кавярнях, на балконах дамоў, у офісах кампаній — не толькі дзяржаўных, але і прыватных, — у машынах… У Батумі дзяржаўны сцяг Грузіі часцяком суседнічае са сцягам Аджарыі, часткай якога ён з’яўляецца — сінія палосы на белым фоне, а ў левым куце агульны грузінскі сцяг. А пасля нападу Расіі на Украіну грузінскі сцяг суседнічае і з украінскім прапарам.


І думаецца, што грузіны любяць свой сцяг не толькі за тое, што гэта дзяржаўны сцяг з вялікай гісторыяй. Ён — проста прыгожы.

Паралеляў грузінскага сцяга з бел-чырвона-белым беларускім, як мы бачым, вельмі шмат: пачынаючы ад колеру і адсылкі да хрысціянства, і заканчваючы выкарыстаннем у апазіцыі. І, верагодна, бел-чырвона-белы сцяг чакае той жа лёс, што і грузінскі — ён вернецца ў якасці афіцыйнага дзяржаўнага сцяга.

Проста таму, што ў 2020-м мы бачылі, колькі БЧБ-сцягоў апынулася «на руках» у людзей. Значыць, па нагоды сцяга кансенсус у грамадстве ёсць.