Выратавацца ад хвалі спякоты. Дасье ў карыкатурах
У гэтым месяцы на Зямлі зарэгістравана рэкордна высокая тэмпература за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Кліматычныя праблемы таксама фіксуюць у сваіх творах і графікі.
Вайна, крызіс, няроўнасць… Гэтыя і іншыя выклікі нечакана адышлі для многіх на другі план з-за інтэнсіўнага росту тэмпературы. Чацвёртага і сёмага ліпеня сярэдняя тэмпература склала каля 17,2 градуса Цэльсія. Гэта на 0,3 градуса вышэй за ранейшы рэкорд, зафіксаваны ў жніўні 2016 года. У многіх месцах былі пабіты тэмпературныя рэкорды. Напрыклад, у Казахстане – аж 102-гадовай даўніны!
Цешыць хіба тое, што да абсалютнага рэкорду яшчэ далёка. Максімальная тэмпература паветра была зафіксавана 10 ліпеня 1913 года ў каліфарнійскай Даліне Смерці. Тады паветра прагрэлася да 56,7 градусаў па Цэльсію. Тым не менш і цяпер вельмі спякотна. Не выпадкова на актуальнай карыкатуры мастака рэсурсу Cartoonpol тэмпература сёння «Гарачэй, чым у пекле».
Службы сіноптыкаў таксама кажуць пра рэкордна нізкую плошчу лёду ў Антарктыцы. Мастак рэсурсу Cartoon Movement арыгінальна прадэманстраваў праблему змены клімату ў Антарктыцы. На яго малюнку пінгвіны перадаюць адно аднаму крэм ад загару.
Тэма выратавання ад «хвалі спякоты» (так назвалі з'яву росту тэмпературы) тут жа набыла вельмі надзённы характар. Пры гэтым, калі верыць аўстрыйскаму графіку Мар'яну Камінскаму, традыцыйныя метады кшталту паходу на пляж не вельмі дапамагаюць.
А вось мастак выдання Baltimor Sun прапануе выкарыстоўваць для барацьбы са спякотай маскі ад каронавіруса, якія, напэўна, у кожнага захаваліся з часоў пандэміі.
Зрэшты, некаторыя, напрыклад, карыкатурыст індыйскага выдання NDPV, лічаць, што нават у высокай тэмпературы можна знайсці пазітыў.
Між тым прагнозы не вельмі пазітыўныя. Паслаблення спякоты ў бліжэйшы час не прадбачыцца — хваля цяпла з Паўночнай Афрыкі на наступным тыдні павінна яшчэ больш павысіць тэмпературу ў Паўднёвай і Цэнтральнай Еўропе.
Калі такое гарачае надвор'е захаваецца, то хутчэй за ўсё будуць і нейкія палітычныя наступствы. За «хвалю спякоты» нясуць таксама адказнасць і сусветныя палітычныя лідары, якія не могуць выпрацаваць эфектыўныя меры па барацьбе з глабальным пацяпленнем, кампенсуючы гэта бясконцымі перамовамі. Тэматычная карыкатура мастака з выдання Cartoon Movement 2018 года.
Каб захаваць рэйтынгі, многім палітыкам давядзецца канцэнтраваць увагу на праблеме клімату, што натуральна ўнясе карэктывы і ў палітычны парадак дня.