Замежныя СМІ пра Беларусь: 24-31 сакавіка

Відавочна, міністрам вядома, што чарговыя, можа і больш жорсткія, чым раней, санкцыі будуць мець абмежаваны ўплыў. Але наўрад ці ЕС можа прапанаваць больш эфектыўную альтэрнатыву.

«Kristeligt Dagblad» (Данія)

Відавочна, міністрам вядома, што чарговыя, можа і больш жорсткія, чым раней, санкцыі будуць мець абмежаваны ўплыў. Але наўрад ці ЕС можа прапанаваць больш эфектыўную альтэрнатыву.
«Kristeligt Dagblad» (Данія)
Калі Лукашэнка, чые пазіцыі і так аслаблі з-за рэзкага падзення курсу рубля, чагосьці баіцца, дык гэта эканамічнага ціску. ЕС павінен прамаўляць аднагалосна, нават насуперак інтарэсам асобных сваіх сябраў. Забарона на выезд для былога старшыні Вярхоўнага савета Станіслава Шушкевіча сведчыць, што Лукашэнка не спыняецца «перад тым, каб браць сваіх грамадзян літаральна ў закладнікі». Еўропа не павінна бяздзейна назіраць за гэтым: нельга вечна ісці на саступкі таму, хто захоплівае закладнікаў.
«Die Presse» (Аўстрыя)


Прынятыя Еўропай эканамічныя санкцыі досыць бяскрыўдныя, але яны патрапілі ў болевую кропку. Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі, што ён не можа абараніць «сваіх людзей» і сам не занадта ўплывовы і абаронены, нягледзячы на настойлівую дэманстрацыю беларускім лідарам абавязковай і безумоўнай падтрымкі з боку Крамля.
ВВС (Вялікабрытанія)
Лукашэнка прайграе па-буйному, як ніколі ў жыцці, і ўжо не зразумела, хто можа прыйсці яму на дапамогу. Гульні ў шматвектарную палітыку, з кіданнямі на Захад і на Усход, скончыліся і ўжо нікому не цікавыя. Усё ж гэта жудасна — быць апошнім еўрапейскім дыктатарам.
Руская служба «Радыё Свабода»
Пакуль ад інтэграцыі больш за ўсіх выйграў асабіста Лукашэнка. Дзякуючы расійскай падтрымцы, ён утрымлівае ўладу амаль 18 гадоў. Але праяданне мільярдных датацый без рэфармавання немінуча прывядзе Беларусь у зону расійскага рубля як адзінага аплатнага сродку і пакіне толькі фармальныя прыкметы суверэнітэту для рэжыму дзяржавы-марыянеткі, якой будзе дыктаваць свае ўмовы Масква.
«Deutche Welle» (Германія)
Застаюцца два варыянты: палацавы пераварот пры падтрымцы Крамля ці народнае паўстанне ў Мінску. Першы варыянт выглядае верагодней за другі. Але ў абодвух выпадках лёс Аляксандра Лукашэнкі выглядае незайздросна. Былая чэлядзь няўдзячная і не любіць пакідаць у жывых галоўнага сведку сваіх зняваг. Так што палітычную эпітафію кіраванню Лукашэнкі можна пісаць ужо сёння. Прысуд гісторыі гэтаму ідэальнаму дыктатару фактычна падпісаны, толькі яго выкананне адтэрмінавана. Ён абавязкова сыдзе са сцэны і пакіне ў спадчыну беларускаму народу маральную спустошанасць, няўпэўненасць у сваіх сілах і архівы спецслужбаў з імёнамі дзясяткаў тысяч стукачоў. А больш нічога не застанецца.
«Forbes» (Расія)
Цяпер Аляксандр Лукашэнка абсалютна залежны ад Масквы, што б ён там сабе ні думаў. Аляксандр Лукашэнка жыве на чужыя грошы, выплачвае суайчыннікам чужыя грошы і нават разганяе незадаволеных на чужыя грошы — і ўжо таму выглядае куды больш карыкатурна, чым любы апазіцыянер, якога цягнуць ва ўчастак ці б’юць палкай на мінскай плошчы. Ад былога ўмелага дыктатара, які рабіў манеўры паміж Расіяй і Захадам, палохаў Маскву Каракасам і Пекінам, застаўся толькі цень — цень марыянеткі.
politcom.ru (Расія)