Замежныя СМІ пра Беларусь: 9–15 лютага
Расія зусім не займаецца дабрачыннасцю, яна гатовая плаціць за тое, каб застацца галоўным гульцом на былой постсавецкай прасторы. Такую інтэграцыю можна разглядаць як звычайную здзелку палітычных элітаў, ад якой кожны бок атрымлівае сваю форму прыбытку. Пакуль існуе такая прывязка да Расіі, ніякіх зменаў у Беларусі не прадбачыцца нават у перспектыве. «Deutche Welle» (Германія)
Цяпер Нацбанк РБ па сутнасці ажыццяўляе плаўную дэвальвацыю і выводзіць беларускі рубель на новую траекторыю. Шанец утрымаць сітуацыю ў краіне пад кантролем ёсць і сёння, але гэта будзе залежаць ад шэрагу фактараў, у тым ліку і вонкавых. Рост ВУП залежыць ад канкурэнтаздольнасці адкрытай эканомікі, якой з’яўляецца эканоміка Беларусі. Вядома, лібералізацыя знешняга гандлю з трэцімі краінамі ва ўмовах выканання абавязкаў Расіяй перад СГА ўзмацняе канкурэнцыю на расійскім рынку — асноўным рынку збыту беларускай гатовай прадукцыі. Многія тавары ў двухбаковым беларуска-расійскім абароце вымываюцца, саступаюць месца кітайскім таварам, прадукцыі з іншых краін трэцяга свету. З гэтымі выклікамі давядзецца сутыкнуцца многім беларускім прадпрыемствам, і рэцэпт тут адзін — павышэнне якаснага і інавацыйнага складніку беларускага экспарту.
REGNUM (Расія)
У Беларусі зараз складаная грамадская і ідэалагічная абстаноўка. Яшчэ ў 1993 годзе, да прыходу да ўлады Лукашэнкі, была выпушчаная спецыяльная марка, а 2 лютага 2013 года (у дзень нараджэння Каліноўскага) праведзена ўрачыстае гашэнне новай маркі, прысвечанай Кастусю Каліноўскаму. Па лініі Міністэрства адукацыі ў школах правялі дыктоўкі тэксту «Ліста з-пад шыбеніцы» Каліноўскага. А што ж афіцыйныя беларускія ўлады? Такое адчуванне, што яны не ведаюць, як рэагаваць... Падобна на тое, у той частцы былой Расійскай імперыі, дзе 150 гадоў таму ўспыхнула полымя польскага мяцяжу, зноў наспяваюць сур’ёзныя падзеі.
«Фонд стратегической культуры» (Расія)
Наўрад ці Расія можа быць карысная Беларусі і ў плане наладжвання кантактаў з сусветнай супольнасцю. Знешняя палітыка беларускіх уладаў, што будуецца на супярэчнасцях паміж Усходам і Захадам, якая атрымала сярод журналістаў і экспертаў назву «палітыкі арэляў», не прадугледжвае падтрымкі з боку Масквы пры наладжванні стасункаў з Брусэлем. Нагадаем, што, паводле ацэнак мясцовых назіральнікаў, якія аналізуюць дзеянні афіцыйнага Мінска, нядаўна прызначаны кіраўніком МЗС Уладзімір Макей здзяйсняе намаганні для таго, каб нармалізаваць адносіны з Еўропай. Напрыклад, на мінулым тыдні Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць змяніць выбарчае заканадаўства, і нават улічыць пры гэтым прапановы міжнародных экспертаў.
«Независимая газета» (Расія)
Нежаданне беларускага кіраўніцтва пазбаўляцца ад дзяржактываў можа быць прадыктавана не прагнасцю, а банальнай бояззю страціць кантроль над тым, што адбываецца ў краіне. Прэцэдэнты ўжо маюцца: адразу пасля продажу «Белтрансгаза» «Газпраму» расійскі ўласнік павялічыў тут зарплаты персаналу ў два-тры разы. Беларусаў спрабуюць пераканаць, што калі народ пазбавіцца ад уласнай улады, ён пачне жыць багацей. Бацька, зразумела, супраціўляецца ціску ўсходняга суседа так, як умее.
«Эксперт» (Казахстан)