«Жэ не манж па сі жур»
Пасля выхаду Вялікабрытаніі са складу Еўрасаюза паўстае лагічнае пытанне — чаму англійская мова павінна заставацца афіцыйнай мовай аб’яднання? Хіба толькі дзве краіны — сябры ЕС (Мальта і Ірландыя) належаць да англамоўных. І ў французскай з'яўляецца шанс стаць афіцыйнай мовай ЕС.
У межах Тыдня французскай мовы, які праходзіў з 17 па 25 сакавіка, Парыж заявіў пра намер вярнуць мове Мальера і Дзюма статус вядучай мовы ў свеце.
Славутая сцэна з «12 крэслаў» Ільфа і Пятрова, дзе Кіса Вараб’янінаў просіць міласціну на замежных мовах: «Мосье, жэ не манж па сіс жур. Гебен зі мір біттэ этвас копек ауф дэм шцюк брод. Падайце што-небудзь былому дэпутату Дзяржаўнай думы», — гэта яшчэ і ілюстрацыя тагачасных моўных рэалій. Вараб’янінаў не ўжывае англійскай, паколькі яе веданне да Другой сусветнай вайны не было абавязковай нормай. Нормай лічылася ведаць французскую, якая страціла свае пазіцыі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Праз глабальны ўздым ролі ЗША lingua franca стала англійская.
На берагах Сены другаснасць французскай мовы на фоне англійскай заўжды ўспрымалася як нацыянальная абраза. Не дзіўна, што час ад часу Парыж абвяшчаў кампаніі за вяртанне французскай былога статусу. Часам тыя кампаніі мелі трошкі камічны характар. Напрыклад, у часы Сарказі французскія дыпламаты ў ААН насілі значкі «Я не размаўляю па-англійску». Таксама сярод аматараў французскай мовы было папулярна троліць тагачаснага дырэктара еўрапейскага МЗС брытанку баранесу Эштан: яна кепска разумела французскую, якая лічыцца афіцыйнай мовай ЕС.
Усе апісаныя спробы, праўда, асаблівага выніку не мелі. І вось — новая бітва за сусветны статус французскай мовы, якую 20 сакавіка абвясціў асабіста Мануэль Макрон. Прычым гэтым разам амбіцыі маюць сур’ёзнае абгрунтаванне. Адраджэнню прэстыжу французскай павінен дапамагчы Brexit — выхад Вялікабрытаніі са складу Еўрасаюза.
Пасля эвакуацыі Англіі паўстае лагічнае пытанне — чаму англійская мова павінна заставацца афіцыйнай мовай аб’яднання? Хіба толькі дзве краіны — сябры ЕС (Мальта і Ірландыя) належаць да англамоўных. Лагічна, што ў французскай з’яўляецца шанс стаць афіцыйнай мовай ЕС, што, натуральна, будзе моцным штуршком яе папулярызацыі ва ўсім свеце. Дарэчы, у гэтым накірунку ўжо ёсць канкрэтныя поспехі. Напрыканцы снежня камісія Еўрапарламента па міжнародных адносінах падтрымала прапанову пашырыць ужыванне французскай мовы ў структурах Еўрасаюза.
Акрамя ЕС вялікая роля ў барацьбе за статус французскай адводзіцца «франкафоніі» — міжнароднай арганізацыі супрацоўніцтва франкамоўных краін свету. Цяпер у Рух франкафонаў уваходзяць 56 сяброў, якія прадстаўляюць розныя дзяржавы або часткі дзяржаў свету. Акрамя таго, пры руху зарэгістравана яшчэ 14 назіральнікаў. Важны аспект — асноўным крытэрам для ўступлення ў арганізацыю лічыцца не ступень валодання французскай мовай насельніцтва той ці іншай дзяржавы (хоць гэта і вітаецца), а, хутчэй, культурныя сувязі з Францыяй. Таму сярод сяброў руху такія экзатычныя краіны, як Арменія або Балгарыя.
Французская прэса заклікае творча развіваць гэты аспект. На яе думку, тэрмін «культурныя сувязі» можна пашырыць і на палітычную сферу, паколькі культуру Францыі цяжка зразумець без ліберальнай спадчыны Французскай рэвалюцыі. Іншымі словамі, рух франкафонаў можа набыць рысы нейкага геапалітычнага блоку, якія арыентуецца на лозунг «Свабода, роўнасць, братэрства!».
У падобных публікацыях можна трапіць на незвычайны тэзіс пра тое, што асаблівасці французскай мовы могуць дапамагчы нармалізаваць міжнародную сітуацыю. Маўляў, канфлікты на гэтым узроўні выклікаюцца праз агрэсіўны характар англійскай мовы, на якой сёння размаўляюць дыпламаты. А вось французская мова, якую, як вядома, называюць мовай кахання, здольная змякчыць дыпламатычную рыторыку і ўлагодзіць канфлікты.
Дарэчы, у галіне прыцягнення партнёраў за кошт мовы ў Парыжа таксама ўжо ёсць чым ганарыцца. У мінулым снежні заяву на ўваходжанне ў клуб франкафонаў падала Ірландыя. У Дубліне, дзе па-французску ніколі не размаўлялі, лічаць, што сяброўства ў руху дапаможа збалансаваць адносіны з Лонданам. Да таго ж Францыя дазволіць ірландцам працаваць на рынках былых французскіх калоній у Афрыцы.
З іншага боку, ірландскі фактар — не самы важны ў справе папулярызацыі французскай мовы. Шмат у каго з франкафонаў няма даверу да Макрона, які сёння выстаўляе сабе лабістам французскай мовы ў свеце. У свой час, яшчэ да абрання на пасаду прэзідэнта, ён меў вялікі канфлікт з актывам франкафонаў праз тое, што часта ўжываў у гутарцы англійскія тэрміны. Сам Макрон казаў, што англіцызмы — гэта цалкам нармальна, паколькі французская мова не павінна быць «зачыненай». Аднак такі аргумент шмат каму не падабаўся. Нездарма некаторыя вядомыя інтэлектуалы ў гэтым годзе адмовіліся ад удзелу ў мерапрыемствах Тыдня французскай мовы.
Хапае супярэчнасцяў і ўнутры лагера франкафонаў. Некаторыя афрыканскія інтэлігенты, напрыклад, лічаць, што рух франкафонаў — не што іншае, як інструмент для працягу каланіяльнай палітыкі, толькі ў больш мяккай форме. Звяртаецца ўвага на тое, што ў рамках структур франкафоніі прапагандуецца, як правіла, культура былой каланіяльнай метраполіі. Дастаецца Францыі і за сталую падтрымку афрыканскіх дыктатараў, ахвярамі якой, дарэчы, вельмі часта аказваюцца мясцовыя прадстаўнікі той жа франкафоннай культуры.
І, нарэшце, эксперты лічаць, што фатальным для падзення статусу французскай мовы ў свой час стаў прыём у склад ЕС цэлага пулу краін з Усходняй Еўропы. Сёння яны шмат у чым фармуюць аблічча аб’яднання. У гэтым рэгіёне ўся палітычная эліта размаўляе на англійскай мове, або ў іншым выпадку — на нямецкай. І наўрад ці сітуацыя з мовамі ў ЕС зменіцца праз вялікую ролю, якую адыгрываюць у палітычным жыцці ўсходнееўрапейскіх краінаў Злучаныя Штаты Амерыкі. Канстатацыя гэтага факта выклікае лагічныя сумневы наконт таго, што ў бліжэйшы час мы пабачым жабракоў, якія будуць прасіць міласціну словамі: «Жэ не манж па сіс жур».