Што пісала французская прэса пра БНР і «беларутэнскае пытанне»?

Францыя праігнаравала першыя крокі маладой Беларусі. У зацемцы Le Gaulois паведамлялася пра дзейнасць Рады БНР, якая заклікала ануляваць Берасцейскую дамову і абвясціла беларускую незалежнасць на тэрыторыі ад Горадні да Смаленску, ад Віцебску да Чарнігава. І гэта быў адзіны водгук на абвяшчэнне БНР. Аднак...

paris_1900_458x458__1_.jpg


Сто гадоў таму, калі Францыя з’яўлялася «вялікай дзяржавай», на прасторах разладнай Расійскай імперыі
Францыя ведала і бачыла толькі Расію. Французы заўсёды мала цікавіліся Беларуссю. Тым не менш «беларускае», а дакладней «беларутэнскае пытанне» у 1918 годзе вельмі рэдка, але ўсё ж такі агучвалася ў французскай прэсе. Вядома, што 25 сакавіка 1918 года Францыя ані прызнала, ані словам не адгукнулася ў прэсе на падзеі ў Мінску, калі была ажыццяўлена першая спроба пабудовы ўласнай дзяржавы беларусамі.
Са значным спазненнем (толькі 3 чэрвеня 1918 года!), выкліканым і дрэннай арыентацыяй Францыі ва Усходняй Еўропе, і тагачаснымі маруднымі камунікацыямі, адна з цэнтральных французскіх газетаў правацэнтрысцкая Le Gaulois размясціла-такі зацемку ў рубрыцы «Расія» аб незалежнасці Белай Русі — «La Russie Blanche indépendante». І гэтая навіна падавалася, як «анархія ў Расіі»! Праз салідарызаванне з расійцамі, расійскай культурай, якую шанавалі французы.

Зацемка пра БНР з газэты Le Gaulois, 3 чэрвеня 1918 году

Зацемка пра БНР з газэты Le Gaulois, 3 чэрвеня 1918 году

Францыя праігнаравала першыя крокі маладой Беларусі. У зацемцы Le Gaulois паведамлялася пра дзейнасць Рады БНР, якая заклікала ануляваць Берасцейскую дамову і абвясціла беларускую незалежнасць на тэрыторыі ад Горадні да Смаленску, ад Віцебску да Чарнігава. І гэта будзе адзіным водгукам у французскай прэсе на абвяшчэнне БНР.
Астатнія газеты, у тым ліку левага кшталту (напрыклад, L’Humanité), праігнаравалі падзею цалкам, бо ўспрымалі беларускае пытанне, як унутрырасійскае, а часам да ўсяго бачылі ў актывацыі беларускай тэмы нямецкі след. Так, у тагачаснай прэсе беларусы часта апісваліся, як «выдумка Нямеччыны», якая такім чынам нібыта спрабавала ўзмацніцца ў рэгіёне.
Год счакаўшы пасля абвяшчэння БНР іншая прагрэсісцкая па французскіх мерках газета La Lanterne (ад 21 жніўня 1919 года) размясціла вялікі адначасова прапольскі і пры гэтым антыбеларускі артыкул пад назовам «Les Polonais en Ruthénie blanche» (Палякі ў Беларутэніі), у якім беларуская нацыянальнасць і беларускі рух бачыліся, як «праект, задуманы немцамі» ў піку рускім, палякам ды ўсёй Еўропе. Жыхары «Беларутэніі» падаваліся за палякаў. Газета даводзіла, што ў кожным беларусу насамрэч схаваны паляк.
Кур’ёзнай і паказальнай выступае ў французскай прэсе назва Беларусі: сто гадоў таму ў французскай мове не існавала аднаго зафіксаванага панятку, каб апісаць Беларусь. Існаваў сапраўдны разнабой: часцей за ўсё Беларусь падавалася, як la Russie Blanche, радзей la Blanche Russie, часта ў версіі la Russie-Blanche (Le Gaulois, Le Petit Journal, L’Humanité), сустракаліся таксама назвы la Ruthénie blanche і la Russie lithuanienne (La Lanterne). А часам у тагачаснай прэсе панятак «Беларусь» проста адсутнічаў у дачыненні да тэрыторыі, на якой пражывалі беларусы, а край пазначаўся, як Расія.
Да ўсяго, падчас вайны, калі немцы авалодалі тэрыторыяй, то Le Petit Journal пазначаў Беларусь паняткам «знямечаная Расія» (11.05.1918). Разнабой у французскай мове захаваецца да Другой Сусветнай вайны, пасля якой Беларусь стане літаральна «Беларусіяй» (la Biélorussie). Да сёння афіцыйна Францыя не прызнае версіі le Bélarus, карыстаецца паняткам (la Biélorussie), сфармаваным у выніку наўпроставага кантакту з расійскімі коламі, якія прэзентавалі і апісвалі нашу краіну на Захадзе.
Якраз гэты разнабой з назвай нашай краіны ў французскай мове выразна сведчыць пра малазацікаўленасць тагачаснай Францыі беларускай тэмай. Гэты моўны разнабой тлумачыць другараднасць і часам адсутнасць у поле зроку Францыі Беларусі. Гісторыя мовы выразна дэманструе, што мы часцяком да сярэдзіны ХХ стагоддзя заставаліся для Францыі проста без назову, пры гэтым Французская Акадэмія сцвярджае, што la Biélorussie ёсць традыцыйнай назвай нашай краіны.
Да ўсяго, дадатак «blanche» (белая) цягам усёй першай паловы ХХ стагоддзя будзе загрувашчаны іншымі значэннямі і стане дадатковай прычынай блытаніны, бо французы будуць апісваць белагвардзейскую Расію і расійцаў — прыхільнікаў царскай Расіі як les Russes blancs, la Russie blanche (напрыклад, вядомая кніга Гастона Ру L’Agonie de la Russie Blanche («Агонія белай Расіі»). Вядома, гэта ніяк не паспрыяла большаму веданню пра Беларусь у французскім грамадстве.
На гэтым фоне выняткам глядзіцца адзіны станоўчы, прабеларускі, прарочы, смелы, праўда, багаты на стэрэатыпы і досыць фантазійны артыкул французскага журналіста, гісторыка і яшчэ аднаго малавядомага дасюль сімпатызанта Беларусі Шарля Стыенона – «La “Russie blanche”, au-delà de Brest-Litovsk» («Белая Русь, па той бок Брэст-Літоўска»). Артыкул з’явіўся ў самы вір Першай Сусветнай вайны ў кансерватыўным Le Petit Journal’е (4.09.1915) і нечакана французская газета забегла наперад гісторыі і абвясціла, што вось-вось на мапе з’явіцца новая краіна — la Russie Blanche.
Гісторык Шарль Стыенон (1883 году нараджэння, год смерці не ўстаноўлены) добра ведаў спецыфіку заходняй часткі Расійскай імперыі, а таму змог за тры гады да абвяшчэння БНР прадбачыць новыя памкненні «белых русаў» да стварэння дзяржавы. Іншая такая спроба, паводле Шарля Стыенона, мела месца ў 1812 годзе, калі Напалеон спрабаваў падтрымаць мясцовую шляхту і арыстакратыю ў падобным памкненні. Гісторык лічыў, што гэтым разам сама вайна дапаможа беларусам здабыць незалежнасць: «Замест звычнай усім Расіі тут паўстане Белая Русь».

Мапа Беларусі за 1915 год з газэты Le Petit Journal 4.09.1915, аўтар Шарль Стыенон

Мапа Беларусі за 1915 год з газэты Le Petit Journal 4.09.1915, аўтар Шарль Стыенон

Праўда, потым гісторык занадта рамантызаваў і містыфікаваў Беларусь, асабліва яе прыроду, амаль заклікаў французаў закахацца ў Палессе, сакавіта апісваў Белавежскую пушчу, пры гэтым стэрэатыпізаваў самога беларуса — маляваў яго, як заўсёды беднага і адвечна хворага на каўтун.
І гэта будзе адзіны артыкул Шарля Стыенона пра Беларусь, і адзіны артыкул у тагачаснай французскай прэсе наогул, які за тры гады да БНР закрануў пытанне незалежнасці Беларусі. Пытанне, да якога Францыя будзе вымушаная вярнуцца толькі ў 1991 годзе. Пытанне, якое часта ставіцца пад сумнеў у сучасным свеце, а часам унутры самой Беларусі.