ЗША. Кепска быць жонкай астранаўта
У ЗША пабачыла свет незвычайная кніга «The Astronaut Wives Club» («Клуб жонак астранаўтаў»), напісаная журналісткай Лілі Копэл (Lily Koppel). Кніга прысвечаная лёсам жонак амерыканскіх астранаўтаў у часы «халоднай вайны».
Аўтар на аснове аналізу біяграфій сваіх гераінь робіць выснову: прэстыж нацыянальнай касмічнай праграмы і патрыятычная істэрыка ў ЗША ў 1950–1970-я гады загубілі амаль усе сем’і астранаўтаў. Жанчынам ва ўрадавых піяр-агенцтвах быў прыдуманы імідж т.зв. першых лэдзі космасу, які значыў не толькі патрабаванне ўвесь час пасміхацца ў камеры і трымаць сябе ў добрай спартовай форме.
Прадстаўнікі NASA таксама патрабавалі ад іх заплюшчваць вочы на амурныя прыгоды сваіх мужоў, якія, наадварот, паводле канцэпцыі піяршчыкаў з Вашынгтону, павінны былі паводзіць сябе як сэкс-зоркі. Наступствам паходаў налева былі шматлікія сямейныя скандалы. Паколькі разрыў шлюбу адразу выклікаў бы прыліў радасці ў варожай савецкай прапаганды, парам даводзілася трываць.
Як пажартавала жонка камандуючага экспедыцыяй на Месяц: «Вы кажыце, што на месяц цяжка ляцець? Вы проста не былі ў нас дома». Заканчвалася гэта, як правіла, побытавым алкагалізмам і нават спробамі самагубства, любая інфармацыя пра якія была засакрэчаная на дзяржаўным узроўні. Хаця кніга напісаная з лева-ліберальных, крытычных на адрас ураду пазіцый, яна ставіць шмат важных пытанняў пра чалавечы кошт касмічнай гонкі ў мінулым стагоддзі.
Паводле амерыканскай прэсы