10 фактаў з жыцця і творчасці Алана Мілна, які прыдумаў Віні-Пуха

140 гадоў сёння споўнілася б знакамітаму брытанскаму пісьменніку, бацьку любімага не адным пакаленнем хлопчыкаў і дзяўчынак Віні-Пуха Алану Мілну. З гэтай нагоды «Новы Час» падрыхтаваў падборку цікавых фактаў пра пісьменніка і яго творы.

271715385_664547568237149_7288142569753050995_n.jpg

1. Бацька творцы Джон Мілн быў уладальнікам прыватнай школы, таму будучы пісьменнік меў магчымасць атрымаць добрую адукацыю і заўсёды быў навідавоку. Адным з найбольш вядомых фактаў пра школьны перыяд жыцця Мілна-малодшага з’яўляецца тое, што адным з яго настаўнікаў быў пісьменнік і публіцыст Герберт Уэлс, аўтар знакамітай «Машыны часу», чые творы падабаліся Алану Мілну. У сваёй аўтабіяграфіі «Занадта позна» Мілн пахваліўся тым, што Уэлс нават чытаў яго творы: «Тым летам Уэлс запрасіў мяне пагасціць у Сэндгейт. Ён чытаў сёе-тое з маіх нататак у “Grant” і сказаў вельмі ласкава, хоць і саграшыўшы супраць ісціны, што і сам пачынаў з чагосьці падобнага, толькі ў мяне больш лёгкае пяро. Я, вядома, даверлівы, але не настолькі».
2. Па характары Алан Мілн быў пацыфістам, але прытым вымушаны быў удзельнічаць у Першай сусветнай вайне. Свой досвед і асуджэнне вайны як з’явы ён апісаў у рамане «Ганаровы мір».
3. Стваральнік мядзведзя «з пілавіннем у галаве» служыў у брытанскай выведцы. Не, ён не быў шпіёнам — гэта было падраздзяленне, якое спецыялізавалася на стварэнні прапаганды. І, канешне, майстры слова там былі вельмі да месца.

271732180_969300544005831_237608982326121259_n.jpg

4. Алан Мілн не толькі аўтар кніг пра Віні-Пуха і Крыстафера Робіна, больш за тое — да напісання гэтых казак ён лічыўся сур’ёзным пісьменнікам і драматургам. Таксама Мілн пісаў дэтэктывы, спрабаваў сябе ў паэзіі і нават ствараў сцэнарыі для «кароткага метру». Але знакамітым яго зрабіў менавіта Віні-Пух, і гэтая гісторыя была самай нелюбімай у творчасці аўтара.
5. Адзін з галоўных герояў папулярнай дзіцячай кніжкі Крыстафер Робін — персанаж болей чым рэальны: у 1920 г. у Алана Мілна нарадзіўся сын. Сям’я чакала дзяўчынку і нават падрыхтавала імя — Размары, але лёс вырашыў інакш — і героем дзіцячай кнігі стаў хлопчык Крыстафер Робін. Менавіта для яго (і пра яго) бацька-пісьменнік і стварыў свой казачны свет.

271718844_1319416685188848_2874807971735127965_n.jpg


6. Болей за тое, рэальныя нават лес і ферма, дзе адбываюцца падзеі казкі: лес Эшдаўн быў побач з фермай Кочфард, якую сям’я набыла ў 1925 годзе, за год да выхаду першай кнігі пра Віні-Пуха. Таму апісанні прыроды ў кнізе атрымаліся натуральнымі.
7. Усе героі знакамітай гісторыі, акрамя Труса і Савы, — цацкі, падораныя бацькамі Крыстаферу Робіну. Прычым калі мядзведзь Віні быў куплены і падораны гадаваламу дзіцяці проста так, то Кенгу, Крошку Ру і Тыгру бацькі куплялі спецыяльна — каб дапоўніць сюжэт казкі. А прататып Віні-Пуха — мядзведзіца Вініпег, якая жыла ў Лонданскім заапарку і была сімвалам Канадскага вайсковага ветэрынарнага корпуса. Яе выкупілі за 20 долараў, калі яна яшчэ была медзведзянём. Калі здарылася Першая сусветная вайна, Вініпег засталася ў Лондане, тады яе і пабачылі старэйшы і малодшы Мілны.

271715274_344558680862313_6357830505564353698_n.jpg


8. Усе гісторыі пра прыгоды цацак Алан Мілн расказваў сыну вусна, а чытаць даваў кнігі свайго любімага пісьменніка Пелама Вудхаўса. Сам Крыстафер Робін прачытаў напісаныя для яго кнігі толькі праз 60 гадоў пасля іх выхаду. У 1981 годзе ён адкрыў помнік мядзведзіцы Вініпег у Лонданскім заапарку.
9. Жонка Алана Мілна Дораці Дафна дэ Селінкурт выйшла за яго з разліку, і шлюб ад пачатку трашчаў па швах. Крыстафера Робіна выхоўвала нянька Алівія, якая пакінула сям’ю Мілнаў, калі хлопчыку споўнілася 9 гадоў. Маці сынам амаль не цікавілася, і таму яго выхаваннем займаўся Алан, што спачатку ў яго не вельмі атрымлівалася, але калі Дораці сышла ад мужа і з’ехала ў Амерыку, кантакт паміж бацькам і сынам наладзіўся.
10. Пад канец жыцця Алан Мілн перанёс аперацыю на галаўным мозгу, пасля якой здолеў пражыць яшчэ некалькі гадоў. Памёр ён у 74 гады ад інсульту.