Алена Макоўская
Калі газета «Ніша Ніва» назвала Алену Макоўскую сярод дзесяці самых сексуальных беларускамоўных жанчын, то цалкам мела рацыю. Я б толькі дадаў — не толькі
беларускамоўных. Але наша гутарка зусім не «пра гэта». Алену Макоўскую больш ведаць як аднаго з найбольш яскравых дзеячаў трэцяга сектара. І не толькі таму, што яна ўзначаліла
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Усе мы родам з дзяцінства
Калі газета «Ніша Ніва» назвала Алену Макоўскую сярод дзесяці самых сексуальных беларускамоўных жанчын, то цалкам мела рацыю. Я б толькі дадаў — не толькі
беларускамоўных. Але наша гутарка зусім не «пра гэта». Алену Макоўскую больш ведаць як аднаго з найбольш яскравых дзеячаў трэцяга сектара. І не толькі таму, што яна ўзначаліла
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Усе мы родам з дзяцінства
Калі бачыш гэту прыгожую жанчыну, то менш за ўсё думаеш пра ўзрост, але законы жанру прымушаюць пачаць менавіта з гэтага. Алена Макоўская нарадзілася 1 ліпеня 1970 года ў Кобрыне. Там жа пайшла ў
сярэднюю школу № 6 з англамоўным ухілам. Таму зразумела, што пасля заканчэння школы ў 1987 годзе Алена пайшла паступаць у Інстытут замежных моваў (тады ён яшчэ не быў Лінгвістычным універсітэтам). І,
натуральна, паступіла.
Дарэчы, у школьныя і інстытуцкія гады ў Макоўскай не было ніякага імкнення да грамадскай працы. Наадварот. Пры выдатнай вучобе яна заўжды заставалася ў ценю. Але гэта быў іншы час. Тады панавала
зусім іншая ідэалогія. Савецкая. З усімі наступствамі…
Бацькі (на жаль, іх ужо няма) ставіліся да таго, што дачка пачала займацца грамадскай дзейнасцю ў розныя часы па-рознаму. Да 1997 года цалкам падтрымлівалі, а калі стала зразумела, што пры новай
уладзе гэта робіцца небяспечнай справай, нават раілі змяніць працу.
Бацька, Павал Яфімавіч, доўгі час быў намеснікам дырэктара кансервавага заводу. А маці, Ларыса Германаўна, працавала ў дзіцячай бібліятэцы. Яна не была беларускамоўнай. Больш за тое, нарадзілася ва
Украіне. Калі ехалі да ўкраінскай бабулі і перасякалі мяжу, то яна адразу пачынала размаўляць па-ўкраінску.
Можа менавіта гэта і будзе потым асновай таго, што Алена Макоўская стане адным з галоўных у краіне аматараў усяго роднага.
З чаго пачалася «Бацькаўшчына»
У Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» Макоўская трапіла амаль выпадкова. Пасля заканчэння ў 1992 годзе Інстытута замежных моваў па абвестцы ў газеце яна прыйшла сюды
працаваць на пасаду сакратара-рэферэнта.
«Бацькаўшчыну» заснавалі ў 1990 годзе, а зарэгістравалі ў 1991-м. Прэзідэнтам (тады яшчэ так называць было можна) арганізацыі быў Васіль Быкаў, а Радай кіраваў Яўген Лецка. У 1993
годзе адбыўся першы з’езд беларусаў свету. Адпаведна, змянілася і кіраўніцтва. Прэзідэнтам абралі акадэміка Радзіма Гарэцкага, а старшынёй Рады стала Ганна Сурмач.
Алена Макоўская працавала сакратаром-рэферэнтам да 1994 года, калі пры «Бацькаўшчыне» (па рашэнню першага з’езда) было створана прадпрыемства, якое працавала сумесна з
прадпрымальнікамі з беларускай дыяспары і накіроўвала пэўны прыбытак ад сваёй дзейнасці на патрэбы гэтай грамадскай структуры. Усё было непарыўна звязана, але камерцыйная структура дазваляла рабіць
тое, што не магла грамадская — зарабляць грошы. Займалася гандлем, прадуктамі харчавання, лесам, высокімі тэхналогіямі і г.д.
Праіснавала прадпрыемства толькі тры гады. Яго закрылі, каб выратаваць саму «Бацькаўшчыну. І гэта можа быць даволі красамоўным адказам тым, хто распавядае пра нейкія прывабныя якасці бізнесу
па-беларуску. Калі памяць не здраджвае, тады таксама здарыўся крызіс, расійскі дэфолт.
Быў і яшчэ адзін момант, які не мог паспрыяць нармальнай камерцыйнай дзейнасці. Ужо тады стала зразумела, што зарабляць грошы могуць толькі «свае», а астатнім рабіліся шматлікія
перашкоды.
Пасля пры непасрэдным удзеле «Бацькаўшчыны» была створана грамадская арганізацыя «Міжнародны дабрачынны фонд імя крыжа Ефрасінні Полацкай», дзе Макоўская (на той
момант яна скончыла Акадэмію менеджмента пры Саўміне РБ і атрымала яшчэ і юрыдычную адукацыю) стала загадчыкам юрыдычнага аддзела.
Потым абставіны склаліся так, што Ганна Сурмач вымушана была прасіць палітычны прытулак у Чэхіі, і Алена вярнулася ў «Бацькаўшчыну» на пасаду выканаўчага дырэктара.
На трэцім і чацвёртым з’ездзе гэтага грамадскага аб’яднання яе абіралі Старшынёй Рады, а на пятым яна стала галоўным кіраўніком Згуртавання беларусаў свету
«Бацькаўшчына», змяніўшы Аляксея Марачкіна.
«Прывадныя рамяні» палітычных партый
Гэтыя слова належаць Алене Макоўскай, але сама яна таксама ўзгадала лозунг часоў КПСС. Справа ў тым, што напярэдадні пятага з’езда беларусаў свету вядомы апазіцыйны палітык Аляксандр Казулін
(да якога аўтар ставіцца з вялікай павагай) прапанаваў далучыцца да створанай ім новай структуры «Беларускі дом». Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» адмовілася, і гэта
было, на мой погляд, правільным крокам.
Не вельмі люблю цытаты, але мы маем якраз той выпадак, калі пазіцыю чалавека лепш за ўсё паказаць праз яго словы. У той час у інтэрв’ю адной з газет Макоўская сказала:
«Бацькаўшчына» не з’яўляецца палітычнай арганізацыяй. Сябры Згуртавання — людзі абсалютна розных палітычных поглядаў. Мы з павагай ставімся да іх меркаванняў. І не
нам вырашаць, каго з палітыкаў ім падтрымліваць. З часоў заснавання «Бацькаўшчыны» кіраўніцтву арганізацыі забаранялася быць сябрам якой-небудзь партыі. Мы можам супрацоўнічаць і
супрацоўнічаем з палітычнымі структурамі ў Беларусі па тых напрамках, што адпавядаюць нашаму статуту».
Зараз многія лічаць, што трэці сектар, выкарыстоўваючы моладзевы слэнг, больш «круты» за палітычныя партыі. Ацэньваючы дадзены аспект, Макоўская зыходзіць з таго, што палітычныя
партыі ставяць перад сабой адну мэту — прыход да ўлады. На жаль, палітыка — сёння гэта тое, што нас падзяляе. А грамадскія арганізацыі (такія, як «Бацькаўшчыны»)
працуюць з абсалютна рознымі палітычнымі плынямі і імкнуцца, наадварот, аб’яднаць людзей. Трэба знайсці нейкі грунт, дзе не будзе канфрантацыі. Галоўнымі становяцца праблемы нацыянальнай
самаідэнтыфікацыі і беларускай культуры.
Пяты з’езд Згуртавання беларусаў свету не ўсімі быў успрыняты адназначна. Той жа вядомы мастак Алесь Марачкін, які ўзначальваў «Бацькаўшчыну» да мінулага лета, параўноўваў
яго з партыйным сходам часоў «застою». Мабыць, на гэта паўплывала тое, што на ім былі дзяржаўныя чыноўнікі, які займаюць высокія пасады і нават адзіны сёння беларускамоўны
міністр.
Дарэчы, менавіта Марачкін публічна выказаў задавальненне работай Макоўскай. Абіралі яе на безальтэрнатыўнай аснове. І не таму, не знайшлося іншых вартых кандыдатур. Якраз наадварот. Згуртаванне
беларусаў свету «Бацькаўшчына» з’яўляецца адной з самых моцных (больш за дзве тысячы сяброў) структур беларускага трэцяга сектару. Папросту многія з іх разумна палічылі
Алену менавіта тым чалавекам, які можа забяспечыць не толькі прэстыж, але і працаздольнасць. Супраць кандыдатуры Макоўскай не прагаласаваў ні адзін з дэлегатаў пятага з’езду беларусаў свету,
а ўстрымаліся толькі двое.
Місія «Бацькаўшчыны»
Ці павінна арганізацыя супрацоўнічаць з уладай? Гэта пытанне выклікае шмат спрэчак. Адны катэгарычна супраць, другія з такой жа шчырасцю імкнуцца знайсці нейкія агульныя кропкі. Не стану ў гэтым
пытанні займаць чыйсьці бок. Адзначу толькі, што не так даўно тая ж «Бацькаўшчына» ўжо амаль была сярод падпольных маргіналаў.
Васіль Быкаў, Радзім Гарэцкі, Анатоль Грыцкевіч, Алесь Марачкін, Алена Макоўская. Я наўмысна зноў пералічыў усіх кіраўнікоў Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», каб яшчэ раз
падкрэсліць, у якой славутай кампаніі аказалася гераіня гэтага нарыса. А гэта значыць — трэба працаваць на мяжы асабістых магчымасцей. Не хачу праводзіць нейкі лікбез і пералічваць усё, што
зроблена і робіцца, бо для гэтага не хопіць цэлай газеты. Спыню вашу ўвагу толькі на двух момантах.
Калі казаць пра нейкую галоўную мэту, то гэта, безумоўна, нацыянальная ідэнтыфікацыя беларусаў за межамі нашай краіны. Сёння «Бацькаўшчына» актыўна працуе з 25 беларускімі суполкамі
ў розных дзяржавах свету. А ўсяго за межамі нашай краіны жывуць каля трох з паловай мільёнаў беларусаў. Фактычна місія «Бацькаўшчыны» амаль цалкам складаецца з таго, каб быць
своеасаблівым прадстаўніцтвам замежнай дыяспары ў Беларусі і дапамагаць беларусам адчуваць сябе беларусамі ў замежжы.
Праблема даволі сур’ёзная, і аднымі падручнікамі па беларускай мове або арганізацыяй нядзельных школ яе не вырашыць. Асабліва, калі ўлічыць тое, што асіміляцыя адбываецца даволі хуткім
тэмпамі. Пра гэта даволі красамоўна сведчаць лічбы перапісаў насельніцтва ў розных краінах свету. Што б там хто ні казаў, але без пэўнай дзяржаўнай падтрымкі ў гэтай сферы разлічваць на нешта значнае
— немагчыма. Таму перад Аленай Макоўскай заўсёды стаіць даволі складаная задача. З аднаго боку, не страціць тое, што зараз ёсць, з другога — не атрымаць абвінавачанні ў
калабарацыянізме.
Як вядома, днямі споўніўся год самай паспяховай акцыі «Бацькаўшчыны» — агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Хаця юрыдычна яна
і з’яўляецца адной з 11 структур, якія першапачаткова вырашылі аб’яднаць свае намаганні, усе добра разумеюць, хто тут лакаматыў. Дык вось, за 365 дзён было праведзена 947 розных
мерапрыемстваў. Па два-тры кожны дзень!
Такую б працаздольнасць многім нашым мужчынам!