Андрэй Хадановіч. Нататкі не толькі таткі

Кнігу «Нататкі таткі» Андрэй Хадановіч лічыць адной з найлепшых, што напісаў. Яна, як і кнігі іншых яго калег, што пішуць для маленькіх, патрэбна будучыні Беларусі, бо галоўныя чытачы — нашы дзеці. 13 лютага Андрэю Хадановічу споўнілася 45. І гэта яго расповед пра самога сабе. 

z_halczonkam_logo_1.jpg


Нататкі пачатку

Я рос шчаслівым дзіцём. Нягледзячы на тое, што ў адносінах паміж бацькамі ўжо былі пэўныя складанасці (урэшце развяліся), вакол мяне заўжды панавалі цеплыня і любоў.
На шчасце, бацькі жывыя па наш дзень. Абодва былі і застаюцца вельмі неардынарнымі людзьмі. Маці скончыла Радыётэхнічны інстытут і працавала інжынерам, але праз усё жыццё былі відавочнымі яе артыстычныя схільнасці. Калі да мяне зараз прыходзяць госці, яны звяртаюць увагу на незвычайныя карціны на сценах і пытаюцца, як тыя зробленыя? Я тлумачу, што гэта не фарбы, а аплікацыі. З непатрэбнай тканіны выразаюцца розныя кавалачкі і клеяцца на дошку, што складае вельмі нетыповы цікавы малюнак. Гэта робіць мая маці.
Другое яе захапленне — чытанне. Мае першыя дзіцячыя ўспаміны якраз і звязаныя з тым, што я вельмі любіў слухаць. Як кажуць, любіў літаратуру вушамі. Бывала, чытаў і бацька, але часцей — маці. Гэта маглі быць казкі альбо дзіцячыя пераклады Юліяна Тувіма. У мяне была ўчэпістая памяць. Я з першага прачытання мог усё запомніць, і потым у дзіцячым садку расказваць (літаральна старонкамі) вершаваныя тэксты. Асабліва смешныя. Мяне заўжды з захапленнем слухалі і выхавальніцы, і дзеці.
Я рана навучыўся чытаць сам, але не прызнаваўся ў гэтым бацькам, бо баяўся страціць бонус у выглядзе «чытання ўголас» і «слухання ўголас». Можа быць, менавіта гэта потым спрычынілася да далейшых інтарэсаў, да паэтычнага ўспрыняцця радка, вобразу. Сёння, калі я нешта пішу альбо перакладаю, яно гучыць недзе ўнутры. Я быццам бы правяраю тэкст, спраўджваю яго «на гучанне». Так для мяне больш пераканаўча, рэльефна, праўдападобна. Ёсць людзі, для якіх словы — набор літараў, што адразу складаюцца ў сэнс. У мяне ўсе гэтыя сэнсы найперш гучаць. За што я мушу маці яшчэ раз падзякаваць.

 Андрэй Хадановіч з жонкай Марынай і дачкой Аленай у Таліне

 Андрэй Хадановіч з жонкай Марынай і дачкой Аленай у Таліне

Такая ў мяне зараз і дачка Алена. Яна ўмее чытаць, і з прыемнасцю гэта робіць, але з нашмат большай радасцю слухае. Перад сном у нас цэлы рытуал. Мы абодва любім чытанне: я — чытаць, яна — слухаць.
Не заўсёды ўдаецца выкраіць на гэта час. Не заўсёды хапае і беларускіх перакладаў. Часам я разгортваю гарантавана добрую кніжку і пачынаю з рускай, польскай альбо ўкраінскай адразу перакладаць. На шчасце, ёсць і ўжо гатовыя пераклады, за што асобны дзякуй і перакладчыкам, і выдаўцам. Той жа «Карлсан» альбо «Пэпі — Доўгая Панчоха». З часам мы дараслі да Толкіена. Прачыталі «Хобіта» і перайшлі на беларускі пераклад трылогіі «Уладар пярсцёнкаў». Спачатку я пабойваўся, што змест будзе складаным для дзіцяці, але дарэмна. Дачцэ падабаецца, яна часам асацыюе тое, што слухае, з тым, што ведае, і задае надзвычай цікавыя пытанні.
Калі мы чыталі «Хобіта», там ёсць пра племя птушак, пра арлоў, якія дапамагаюць гномам. У тэксце такі велічны персанаж — «Гаспадар арлоў». Дачка пытаецца: «Татка, а які гаспадар арлоў? Уладзімір Арлоў?». Справа была ў жніўні і я зразумеў, як праз некалькі дзён буду віншаваць з днём народзінаў вядомага пісьменніка, якому гэта вельмі спадабалася…
Дарэчы, кнігу «Нататкі таткі» я лічу адной з найлепшых, што напісаў. Яна, як і кнігі маіх калег, што пішуць для маленькіх, патрэбна будучыні Беларусі, бо галоўныя чытачы — нашы дзеці.

Сям'я. Андрэй Хадановіч з жонкай Марынай і дачкой Аленай 

Сям'я. Андрэй Хадановіч з жонкай Марынай і дачкой Аленай 

Пасля разводу бацькоў я жыў з маці, але часта хадзіў да бацькі, карыстаўся яго багатай бібліятэкай. Менавіта там я ўбачыў першыя кнігі дзевяцітомніка Караткевіча. На той момант выйшлі толькі чатыры тамы. Я разгарнуў, пачаў чытаць «Каласы пад сярпом тваім» — і не заўважыў, як праляцелі суткі. Кніжка скончылася, а раман не, бо заканчэнне друкавалася ў пятым томе. Помню, як яго чакаў — і дачакаўся, набыўшы ў кнігарні. Гэта зараз я разумею, што праблема магла вырашацца прасцей: пашукаць іншае выданне.
Бібліятэка цяпер ёсць і ў мяне. Не скажу, што гэта нейкая суперкалекцыя, але адлік ідзе ўжо на тысячы томікаў, і ніякая электроніка, баюся, не можа персанальна для мяне замяніць папяровыя кнігі. У мяне ёсць электронная чыталка, што значна эканоміць месца падчас падарожжаў, аднак яе так не адчуеш на дотык, гартаючы, тройчы падумаеш, перш чым залезці з ёй у ванну, і не зробіш алоўкам нейкія зацемкі на палях... Папяровыя кнігі — сабе, электронныя — сабе.
Жонка смяецца: вечнай праблемай нашай сям’і стала тое, што як толькі з’яўляецца нейкая дробная капеечка, я адразу апынаюся ў кнігарні. Калі заходзіш у дом, кнігі атачаюць з усіх бакоў, навісаюць над галавой, як бы выпіхваюць чалавека са сваёй тэрыторыі.

 Андрэй Хадановіч з жонкай Марынай у Эстоніі

 Андрэй Хадановіч з жонкай Марынай у Эстоніі



Дэбютныя нататкі

Мы пераязджалі некалькі разоў. Пасля майго нараджэння першы год жылі на Рэспубліканскай, якая цяпер стала Гарадскім Валам. Пасля размену пераехалі на Альшэўскага. Там я пайшоў у дзіцячы садок, а потым у 113-ю сярэднюю школу, дзе адвучыўся першыя шэсць гадоў. Яны «прышчапілі» дзве рэчы.
Абмен рэчываў у мяне такі, што трэба сачыць за сабой, каб не ператварыцца ў стокілаграмовую хмару. А мой бацька быў журналістам, працаваў у многіх газетах. Вельмі любіў спорт. Займаўся боксам, бегаў на лыжах, а калі служыў памежнікам, быў у камандзе па вайсковым шматбор’і. Ён перыядычна заахвочваў разам з раніцы бегаць па дваровым стадыёне, дзе яго ведалі ўсе мясцовыя юнакі і падлеткі, бо мы з імі пастаянна гулялі ў футбол.
Бацька адвёў мяне не ў самую блізкую да дома школу, але там быў «спартовы клас». Пэўны час у нас нават працаваў класным кіраўніком школьны фізрук. Ён стала трэніраваў у лёгкаатлетычным комплексе «Дынама», і мы з першага класу часта туды ездзілі. Словам, маё юнацтва праходзіла пад знакам спорту — з аднаго боку.
З другога — бонусам да спорту зрабілася нячастая ў школах французская мова, якую сталі вывучаць з чацвёртага класа. Гэта потым мне прыдалося.
Пасля быў яшчэ адзін пераезд — на вуліцу Славінскага. Калі мы туды пераехалі, насупраць нашага дома спыняліся 35 і 38 тралейбусы. Апошні нават натхніў. Неяк зранку, пасля святкавання Калядаў, я, яшчэ сонны і стомлены, выходзіў на працу, а з дыспетчарскай станцыі выязджаў тралейбус нумар 38. Новага ўзору, з бартавымі агеньчыкамі, быццам бы самалёт, які вось-вось узляціць. Тады і прыдумалася «Балада пра 38 тралейбус», якую я часта чытаю публічна.
А калі з’явіліся аўтобусы новага тыпу, з аўтаматычнымі абвяшчальнікамі прыпынкаў, фраза пра «Наступны прыпынак — раствора-бетонны» (на сёння ўжо — «Вялікая Слепня»), пачутая мной зноў-такі на Каляды, зачапілася за свядомасць і натхніла на верш «Раство на раствора-бетонным».

z_mickeviczam_logo_1.jpg


Калі пасля школы я трапіў на філфак БДУ, там яшчэ не было рамана-германістыкі, толькі беларускае і рускае аддзяленні. А я заўсёды цікавіўся замежнай літаратурай, асабліва паэзіяй. Перадусім французскай канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў: Шарлем Бадлерам, Арцюрам Рэмбо, Стэфанам Малармэ, Гіёмам Апалінэрам... Цяпер, размаўляючы з бацькам, маю чым пахваліцца — паказаць свае пераклады Бадлера і Апалінэра, што зусім нядаўна выйшлі асобнымі кніжкамі ў серыі «Паэты планеты».
На рускім аддзяленні філфаку БДУ вучыліся 121 дзяўчына і 11 хлапцоў, на кожнага прыпадала роўна па 11, але я так і не зрабіўся лавеласам, як пра мяне часам пляткараць. Прыблізна такая ж прапорцыя была і на беларускім аддзяленні, дзе вучыўся, скажам, будучы выдавец часопіса «Архэ» Валер Булгакаў. А маім найлепшым сябрам у аспірантуры, куды я трапіў пасля ўніверу, стаў незабыўны Юрась Бушлякоў. Гэтаму чалавеку я абавязаны тым, што мой пераход на беларускую мову адбыўся лёгка і камфортна.
Што да сур’ёзных адносін, то выбар я зрабіў даволі хутка. Ужо з другога курса часта апынаўся за адной партай з будучай жонкай Марынай, потым мы разам вучыліся ў аспірантуры, а затым і стасункі свае юрыдычна аформілі.


Аспірантуру я заканчваў па спецыяльнасці «французская літаратура», дыплом абараняў па паэзіі Бадлера, а калі ў другой палове дзевяностых «пратаптаў сцяжынку» да культавага літаратурнага часопіса «Крыніца» (дзякуй людзям, якія яго тады рабілі!), першую літаратурную ўзнагароду атрымаў менавіта за пераклады з французскай. Гэта былі вершы Стэфана Малармэ, які лічыцца адным з самых складаных, герметычных паэтаў Францыі. Адзін французскі дасціпнік неяк пажартаваў: «Вы перакладаеце Малармэ з французскай на англійскую? Перакладзіце яго спачатку з французскай на французскую…»
Пры перакладзе вельмі хацелася захаваць «зубадрабільна-недляўсіхны» аўтарскі стыль, таму я літаральна абклаўся слоўнікамі з нетыповай лексікай — Янкі Станкевіча, Вацлава Ластоўскага і перадусім Байкова і Некрашэвіча (цяпер ён перавыдадзены, а тады я карыстаўся выданнем 1928 года, чытаў у навуковай бібліятэцы, адксерыў для сябе. Да нядаўняга часу цэлы стос тых ксеракопій стаяў на кніжнай паліцы). Памятаю, вельмі перажываў, што атрымаецца нешта больш зразумелае, чым у Малармэ, але высветлілася — дарэмна. Калі прынёс тэкст майму ўлюбёнаму паэту Алесю Разанаву, той прачытаў і сказаў: «Ні халеры не разумею…» Гэта мусіла гучаць як крытыка, але я пачуў пахвалу: калі ўжо Разанаў, які сам лічыцца адным з найскладанейшых аўтараў, разгубіўся, то, відаць, эфект Малармэ па-беларуску дасягнуты.
За той пераклад я і атрымаў узнагароду часопіса «Крыніца». Чыста сімвалічную, але вельмі прыемную. Потым было шмат розных прэмій, але гэтая — самая запамінальная.

Андрэй Хадановіч у Кракаве

Андрэй Хадановіч у Кракаве



Нататкі паэта

У аспірантуры я найперш хаваўся ад войска, бо вайсковую кафедру ў нас на другім курсе замянілі медыцынай. Навуковую ступень я не атрымаў, бо ніколі не ставіў сабе нейкіх амбітных акадэмічна-педагагічных мэтаў. Відаць, ува мне ўсё ж такі больш аўтара і перакладчыка, і толькі потым пачынаецца выкладчык літаратуры.
Першыя асэнсаваныя вершы я пачаў ствараць на некалькі гадоў раней за пераклады, калі быў студэнтам філфаку. Мабыць, у значнай ступені ўплываў вялікі аб’ём чытання. Некаторыя тэксты з’яўляліся як «пабочны эфект» ад прачытаных кніг. Вялікую ролю адыгралі таленавітыя выкладчыкі. Напрыклад, легендарны прафесар, загадчык кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Адам Яўгенавіч Супрун, знаны славіст, якога ведалі далёка за межамі.
Мне пашанцавала слухаць не толькі яго, але і знакамітага прафесара Барыса Нормана або бліскучага выкладчыка Якава Трамбавольскага, які мог загіпнатызаваць аўдыторыю і скончыць сімпатычным вершам уласнага аўтарства. Дарэчы, ён ніколі не адмаўляў ва ўвазе: даваў чытаць цікавыя кнігі і пару разоў глядзеў мае першыя, шмат у чым бездапаможныя тэксты. Менавіта гэтая кафедра штогод ладзіла культавую Славянскую вечарыну. Найчасцей яе праводзілі ў гонар Дня славянскага пісьменства. Вечарыны былі цікавыя, насычаныя розным лінгвістычным матэрыялам, і перадусім — вельмі смешныя. Бывалі таленавітыя госці. На адной з іх я ўпершыню ўбачыў Дзіму Строцава, з якім мы потым, праз шмат гадоў, пасябравалі. Яшчэ больш на мае першыя літаратурныя эксперыменты паўплываў паэт і перакладчык Канстанцін Міхееў, з якім мы чатыры гады вучыліся на адным курсе.
Косця пазнаёміў мяне з Кімам Хадзеевым, яшчэ ў мой «дабеларускі» перыяд. Я быў проста зачараваны яго неардынарнасцю, унутранай свабодай і незалежнасцю меркаванняў пра ўсё на свеце, глыбінёй ягоных ведаў. Гэта быў абсалютна несавецкі чалавек, які жыў у Савецкім Саюзе. Жыў паводле сваіх поглядаў і звычак. На інтуітыўным і вельмі індывідуальным узроўні ён мог параіць чалавеку менавіта тое, што яму патрэбна было пачуць, прачытаць, даведацца ў канкрэтны момант. Пасля пяці хвілінаў знаёмства ён выцягнуў з нетраў сваёй канапы (забітай, дарэчы, не падушкамі, а кніжкамі, што не змяшчаліся на паліцах) «Пену дзён» Барыса Віяна ў геніяльным перакладзе Ліліяны Лунгіной. У нейкі момант Кім прапанаваў, каб я паказаў яму сваю пісаніну. Ён не быў чэмпіёнам свету па тактоўнасці і не лез па эмацыйнае слова ў кішэнь, таму яго ацэнкі бывалі даволі рэзкія. Але за некаторыя тэксты ён хапаўся і прапаноўваў над імі «працаваць». То бок прызначалася наступная сустрэча, і мы некалькі гадзінаў праводзілі над маім чарнавіком.
Сёння я разумею, наколькі фантастычна ён быў запатрабаваны. Хто толькі, выбачайце, не еў Хадзееву мозг! То ён ратаваў маладую беларускую эканоміку, пішучы праграму па сельскай гаспадарцы. То пісаў усякім навукоўцам і псеўданавукоўцам кандыдацкія і нават доктарскія дысертацыі, прычым па самых розных дысцыплінах. То кагосьці кансультаваў. Праз яго кватэру на вуліцы Кісялёва хто толькі ні праходзіў, у тым ліку розныя нефармальныя маладыя творцы, што часам жылі ў яго на кухні і пісалі там свае раманы ці вершы… Як ён яшчэ на мяне знаходзіў час, дзіва дзіўнае!
У ацэнках ён мог быць рэзкім, а вось рэдагаваў надзвычай далікатна. Здавалася б, ён мог лёгка навязаць аўтару сваю волю, сказаўшы, як канкрэтна трэба зрабіць. Але замест гэтага ён гадзінамі прапаноўваў мне свае варыянты, пакуль я, адмовіўшыся ад дваццаці пяці, прыму ягоны дваццаць шосты, а найлепей — прыдумаю свой дваццаць сёмы. Карыстаючыся мовай футбалістаў, ён часцей даваў пасы, чым забіваў галы сам. Гэта мяне ў ім уражвала і, магчыма, прыдалося пазней мне самому — калі ўжо я мусіў рэдагаваць чужыя творы.
Па-першае, Хадзееў навучыў выбіраць, знаходзіць у «славеснай рудзе» найлепшае, крытычна ставіцца да ўсяго, што чытаеш. У тым ліку і да асабістага. Навучыў глядзець на свае творы «чужым вокам». Па-другое, — не зайздросціць творчым удачам, знаходкам іншых літаратараў, а шчыра здзіўляцца, радавацца цуду іх нараджэння. Пры гэтым захапленне не перашкаджае нешта карэктаваць, прапаноўваць, каб зрабіць яшчэ лепшым.
Апошнія гадоў дзесяць мне часта даводзіцца бываць рэдактарам, і досвед пасядзелак над тэкстамі з Кімам вельмі спатрэбіўся. Мне пашанцавала быць рэдактарам вельмі сімпатычных кніг, аўтары якіх ужо зрабіліся зоркамі сучаснай беларускай літаратуры. Згадаю паэзію і пераклады Вальжыны Морт, Веры Бурлак, Марыі Мартысевіч, Віталя Рыжкова, Уладзя Лянкевіча, паэзію Антона Рудака і Насты Кудасавай, вершы і прозу Андрэя Адамовіча, раман Паўла Касцюкевіча «План Бабарозы».

valzkaratk_logo_1.jpg


«Пэнаўскія» нататкі

У ПЭН-цэнтр я ўступіў на год раней за незалежны Саюз пісьменнікаў: адпаведна, 2002-м і ў 2003-м гадах. На той момант праца з моладдзю была ледзь не самай занядбанай «дзялянкай» беларускай літаратуры, і неяк склалася, што мяне пацягнула гэтым займацца. Разам з пэнаўскімі калегамі мы штогод арганізоўвалі конкурс маладых літаратараў. Яго назву падказваў той ці іншы прыгожы юбілей. Першы конкурс меў імя Наталлі Арсенневай, а праз год было 700-годдзе Франчэска Пятраркі, і мы зрабілі вялікага італьянца патронам беларускага конкурсу. Пасля быў Уладзімір Караткевіч, потым адзначалася 100-годдзе «Нашай Нівы», а затым — конкурсы імя Карласа Шэрмана, Ларысы Геніюш, Чэслава Мілаша і Максіма Танка. Апошні меў вынікам пленэр на Браслаўскіх азёрах, але мы не столькі цешыліся з маляўнічай прыгажосці, колькі з раніцы да ночы апантана працавалі над тэкстамі. Ранейшыя конкурсы таксама заканчваліся майстар-класамі, прычым не толькі ў Мінску, але і ў Вільні або ў Празе.
Быў яшчэ адзін бонус — пасля конкурсу мы выдавалі зборнік з творамі яго пераможцаў. Злыя языкі называюць такія зборнікі «брацкімі магіламі», але ў нас, на шчасце, выйшла інакш. Гэтыя кніжкі звярнулі на сябе ўвагу (магчыма, таму, што мы ладзілі туры па ўніверсітэцкіх гарадах Беларусі, каб нашы аўтары маглі выступіць перад новай аўдыторыяй).
Згадаю толькі некалькі ўдзельнікаў першага зборніка. Тая ж Вальжына Морт, што стала адной з самых вядомых беларускіх паэтак у свеце. Глеб Лабадзенка, чые кніжныя, культурніцкія і журналісцкія праекты вядомыя не менш за яго творчасць. Анатоль Івашчанка, які сёння разам з Барысам Пятровічам робіць часопіс «Дзеяслоў». Сяргей Прылуцкі, які цяпер жыве ў Кіеве, але ёсць адным з найлепшых беларускіх аўтараў. Цяпер дзейнасць ПЭНу паспяхова працягвае Саюз беларускіх пісьменнікаў, які штогод ладзіць для маладых аўтараў літаратурны конкурс «Экслібрыс».

alvidasdanatas_logo_1.jpg


Другім кірункам дзейнасці ПЭН-цэнтру стаў удзел у арганізацыі незалежных літаратурных прэмій: імя Францішка Багушэвіча — за гістарычную прозу, Алеся Адамовіча — за публіцыстыку, Карласа Шэрмана — за мастацкі пераклад, Цёткі — за дзіцячую літаратуру. Вядома ж, прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча — для маладых творцаў, якую, як і некаторыя іншыя, падтрымлівае наш заслужаны мецэнат Павел Бераговіч (сузаснавальнікі трох апошніх прэмій — Беларускі ПЭН-цэнтр і СБП).
Асобна хачу сказаць пра прэмію імя Францішка Аляхновіча, якую неафіцыйна яшчэ называюць «турэмнай», бо яна ўручаецца за творы, напісаныя ў зняволенні. Яе ініцыятар — Аляксандр Лукашук, кіраўнік беларускай службы «Радыё Свабода», якая ўручае прэмію разам з ПЭНам. Дзякуй Богу, апошнія пару гадоў не даюць падстаў для яе ўручэння.
І, канешне ж, прэмія імя Ежы Гедройца, якую мы зладзілі разам з Амбасадай Польшчы, Польскім інстытутам у Мінску і Саюзам беларускіх пісьменнікаў.
Дарэчы, так склалася, што чым больш на ПЭН і СБП «ціснула» дзяржаўная ідэалогія, чым больш выпіхвала нас на маргінэз, тым у большай ступені мы рабіліся партнёрамі і падтрымлівалі адно аднаго. У нас і сёння з СБП і яго старшынёй Барысам Пятровічам вельмі прыязныя адносіны. Варта згадаць сумесную арганізацыю міжнароднага паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова. І ідэя правядзення, і арганізацыя была супольнай ад самага пачатку. Ганаруся, што фестываль не толькі ўшаноўвае памяць нашага выбітнага творцы, але і зрабіўся штогадовай, значнай для Мінску і Беларусі культурнай падзеяй. Ён дазваляе сабраць на адной пляцоўцы найлепшых паэтаў як са сталіцы, так і з розных іншых беларускіх гарадоў, а таксама запрасіць у Мінск класных аўтараў з іншых краінаў.
Я заўсёды ўсведамляў, што ПЭН — гэта найперш аб’яднанне творцаў, якое мусіць абараняць свабоду літаратара ва ўсіх яе праявах. Невыпадкова, што ў няпростыя часы, калі пад пагрозай не толькі свабода слова, але і свабода саміх пісьменнікаў, якія ў Беларусі перыядычна трапляюць за краты, наша аб’яднанне адным з першых ажыццяўляе розныя праявы салідарнасці.

Ісландыя. Хадановіч з Адэльстэйнам

Ісландыя. Хадановіч з Адэльстэйнам


Так было з арыштаваным Уладзімірам Някляевым, якога ў 2011 годзе мы вылучылі на атрыманне Нобелеўскай прэміі. Магчыма, гэта быў больш палітычны крок, чым літаратурны, бо Нобелеўскую ўзнагароду без шматгадовай падрыхтоўкі ніхто не атрымлівае. Але наш аўтар і апальны палітык атрымаў тады шмат іншых узнагарод, яго кніжкі былі выдадзеныя ў розных краінах, столькі вядомых людзей выступілі ў яго падтрымку! Думаю, такая хваля салідарнасці была не апошнім аргументам для вызвалення паэта.
Дарэчы, для мяне істотна, што менавіта спадар Уладзімір, папярэдні старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, прапанаваў у 2008 годзе нашай Радзе, а потым і Сходу маю кандыдатуру.
Пасада старшыні носіць чыста сімвалічны характар, забіраючы шмат часу, не прыносіць нічога, акрамя клопату і хваляванняў. Але таксама і радасць, калі нешта ў нашай культурнай сітуацыі ўдаецца змяніць да лепшага. Напрыклад, заснаваўшы новую ўзнагароду, якой нядаўна зрабілася Кніга года — прэмія, дзе за пісьменнікаў галасуюць самі пісьменнікі.

Усведамляю, як нам яшчэ далёка да салідарнасці, узаемапавагі і талерантнасці хаця б на тэрыторыі літаратуры, але любы крок у гэтым кірунку быў бы дарэчны.
Шчыра віншуем Андрэя Хадановіча з 45-годдзем! Зычым творчага плёну, натхнення, поспехаў!