Беларускі гісторык з Варшавы Аляксандра Бергман
У 1990-х гадах, у пошуках слядоў пра дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Максіма Бурсевіча, я пазнаёміўся з беларускім гісторыкам з Варшавы Аляксандрай Рыгораўнай Бергман.
Аляксандра Бергман (справа) з Янінай Юзэфовіч — роднай сястрой Леапольда Родзевіча, 1977 год. Фота з архіва аўтара
Яе ўсё цікавіла да драбніц
Максім Бурсевіч — мой зямляк, якога 9 кастрычніка 1937 года тройкай УНКУС асудзілі да вышэйшай меры пакарання. А гісторык Аляксандра Бергман усё сваё жыццё даследавала дзейнасць дзеячаў КПЗБ і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, у тым ліку Максіма Бурсевіча, Браніслава Тарашкевіча, Антона Луцкевіча, Ігната Дварчаніна, Веры Харужай, Сымона Рак-Міхайлоўскага, Паўла Валошына, Леапольда Родзевіча і іншых асоб.
Таму я і звярнуўся да Аляксандры Бергман дапамагчы мне ў пошуках звестак пра майго земляка Максіма Бурсевіча. Яна не любіла пісаць вялікіх пісем, як, напрыклад, Зоська Верас ці Ларыса Геніюш. Аляксандра Рыгораўна пісала мала, але канкрэтна і ясна.
Ды і аўтографы на яе кнігах складаліся з некалькіх слоў. На кнізе «Ігнат Дварчанін — беларускі палітык і вучоны», якую напісалі сумесна Аляксандр Баршчэўскі, Ежы Тамашэўскі і Аляксандра Бергман, і якую яна мне даслала з Варшавы, гісторык падпісала проста: «Сяргею Чыгрыну — А. Бергман. Warszawa, 24.09.1992».
А яе асабістую кнігу на польскай мове «Справы беларускія ў II Рэчы Паспалітай» (Варшава, 1984) мне ў 1992 годзе падаравала гродзенская паэтка Данута Бічэль. «Я табе, Сяргей, хачу падараваць адну добрую кнігу. У цябе такой няма. Ды і гэта твая тэма…» — сказала Данута Янаўна і ўручыла мне кнігу Аляксандры Бергман. Яшчэ адно выданне слаўнага гісторыка — «Слова пра Браніслава Тарашкевіча» — мне набыць так і не ўдалося. Кніжка выйшла на польскай мове ў Варшаве ў 1977 годзе і па-беларуску ў Мінску ў 1996 годзе.
Пішучы пра дзеячаў Заходняй Беларусі, Аляксандра Бергман шукала ў Беларусі, Літве і Польшчы іх сваякоў, ездзіла да іх, перапісвалася з імі. Нядаўна ўнучка Максіма Бурсевіча — Таццяна Ігараўна Бурсевіч з Магілёва — перадала мне некалькі лістоў Аляксандры Бергман да яе бацькі Ігара Максімавіча Бурсевіча.
Чытаючы гэтыя лісты, заўважаеш, як Аляксандру Рыгораўну да драбніц усё цікавіла, кожны месяц, год жыцця Максіма Бурсевіча: дзе і чаму там быў, што рабіў, калі вярнуўся і г.д.
Дарэчы, пра Максіма Бурсевіча Аляксандра Бергман напісала два артыкулы: адзін апублікавала ў беластоцкім «Беларускім календары», другі — у тыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва». Вялікі артыкул пра Максіма Бурсевіча яна ўключыла і ў сваю кнігу на польскай мове «Справы беларускія ў II Рэчы Паспалітай» (Варшава, 1984).
Дзве постаці
У гэтую кнігу ўвайшлі яе даследаванні пра жыццё і дзейнасць Максіма Бурсевіча, Браніслава Тарашкевіча, Антона Луцкевіча, Леапольда Родзевіча, Ігната Дварчаніна, Сымона Рак-Міхайлоўскага, Паўла Валошына, а таксама артыкулы пра кампартыю Заходняй Беларусі, пра дзейнасць Беларускай сялянска-работніцкай Грамады і іншыя.
Распавядаючы, напрыклад, пра Ігната Дварчаніна, Аляксандра Бергман параўноўвала яго з Браніславам Тарашкевічам. Гісторык пісала: «Абодва яны надта хацелі здабыць грунтоўную адукацыю. Ці гэтае імкненне паходзіла са свядомасці недахопу ўласнай беларускай інтэлігенцыі, ці з уласцівасцей характараў — прагі ведаў: у аднаго і другога гэтае імгненне было магутнае, і яны паддаваліся яму з захапленнем. Абодва паходзілі з вёскі, з сялянскіх сем’яў. Абодва прыйшлі ў рэвалюцыйны рух у сталым узросце, з вышэйшай адукацыяй, прыйшлі з нацыянальнага лагера і перажывалі працяглую эвалюцыю светапогляду. Абодва дружылі. Хоць, праўду кажучы, Тарашкевіч быў асобай больш выдатнай і таленавітай. Час спрыяў болей Тарашкевічу. Ён пачаў сваю сеймавую кар’еру тады, калі быў сам сабе і рулём, і ветразем. Эвалюцыя яго палітычных поглядаў праходзіла «на вачах» соцень людзей. І калі б пасля яго нічога іншага не засталося, апрача адных сеймавых прамоў і іншых тагачасных сеймавых дакументаў, можна было б поўнасцю аднавіць яго постаць як грамадска-палітычнага дзеяча. Дварчанін, у адрозненне ад Тарашкевіча, прайшоў сваю эвалюцыю на чужыне, у асяроддзі малой групы беларускіх пісьменнікаў у чэшскай Празе (Ігнат Дварчанін у 1921–1925 гадах вучыўся ў Карлавым універсітэце ў Празе — С.Ч.). Таму, відаць, выказванні тых, хто яшчэ памятаў Тарашкевіча, былі адназначныя, адносна ж Дварчаніна — не такія адназначныя: адны казалі — ён быў камуністам, другія — народнікам, а яшчэ іншыя — заўсёды быў нацыяналістам…»
Два даследчыкі
Гісторык Аляксандра Бергман, як прыгадвае доктар філалагічных навук Арсень Ліс, дакументальна сведчыць, што якраз у адзіночцы № 45 Гродзенскай турмы, куды Браніслаў Тарашкевіч быў у свой час перавезены з Варшаўскай цытадэлі ў красавіку 1931 года, ён скончыў да студзеня 1932 года пераклад шэдэўра Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і прыступіў да напісання гістарычнай граматыкі беларускай мовы.
Нядаўна я запытаўся ў спадара Ліса, як і калі яны пазнаёміліся з Аляксандрай Бергман. «Як гісторык, сумленны і ўнікнёны даследчык беларушчыны, Аляксандра Бергман заслугоўвае ўдзячнай памяці, — сказаў Арсень Сяргеевіч. — Шкадую толькі, што ўводзячы Аляксандру Бергман у «Энцыклапедыю гісторыі Беларусі», назваў у асноўным галоўныя яе працы, абмінуў публікацыі ёю беларускіх персаналіяў у паважных польскіх перыядычных выданнях. Што да нашых узаемадачыненняў з паважаным гістарыёграфам, то былі яны працяглыя і насілі пераважна характар ліставання, хоць былі і асабістыя сустрэчы ў Мінску і ў Варшаве. Першай зачапіла мяне сама пані Аляксандра пасля маіх першых публікацый пра Тарашкевіча. Я выказаў меркаванне, што Б. Традыцыя — гэта псеўданім Тарашкевіча, за што быў рэзкавата пакрытыкаваны дасведчанай у гісторыі КПЗБ і ў цэлым вызваленчым руху беларусаў даследчыцай. Задаваных мне пытанняў, на жаль, не помню. Трэба было б добра пакорпацца ў сотні, не меней, адрасаваных мне яе лістоў. Не маю, выбачай, такой змогі. Моцна стаптаўся напрыканцы 8-га дзясятку. Помніцца яшчэ, Аляксандра Рыгораўна не верыла, што зусім страчаны беларускі пераклад «Іліяды» Гамера, падштурхоўвала і мяне шукаць яго. Але ж ты ведаеш, што інквізітарскія кастры ХХ стагоддзя былі значна большыя за сярэднявечныя. Маштабы іх не паддаюцца вымярэнню. Помню, што навёў паважаную пані даследчыцу на ўзнаўленне памяці Уладзіміра Самойлы. Напісала досыць паважны пра яго нарыс. Вельмі сімпатычным быў, дарэчы, і яе муж пан Стэфан. Не памятаю ўжо ў якім польскім часопісе апублікаваў ён «Пастулаты беларускія» Браніслава Тарашкевіча, якія я не здолеў даць пры выданні выбранага з твораў нашага славутага палітыка і вучонага. Да выдання манаграфіі А. Бергман на беларускую мову я напісаў прадмову…» — расказаў Арсень Ліс.
Сапраўды, пра даследаванні Арсенем Лісам жыцця і творчасці Браніслава Тарашкевіча — маецца на ўвазе яго кніга «Браніслаў Тарашкевіч» (Мн., 1966) — Аляксандра Бергман напісала цэлы артыкул, які так і называўся «Арсень Ліс аб Браніславу Тарашкевічу» і апублікавала ў беларускім беластоцкім тыднёвіку «Ніва» 19 снежня 1966 года. У ім гісторык выказала свае ўхвалы і заўвагі па кнізе тады яшчэ маладога 32-гадовага даследчыка Заходняй Беларусі.
Амаль 100 гадоў
А цяпер некалькі біяграфічных звестак пра Аляксандру Бергман (дзявочае прозвішча Кучкоўская). Нарадзілася яна 1 мая 1906 года ў Гродне ў сям’і мяшчан. Вучылася ў Гродзенскай прыватнай гімназіі Вальдмана, дзе далучылася да камуністычнага руху. У 1923 годзе пачала працу ў кравецкай майстэрні. У 1924 годзе была абрана ў Гродзенскі акружны камітэт камуністычнага саюзу моладзі. Але за тое, што не здолела справіцца з раскольніцкімі плынямі «Сэцэсіі» ў мясцовай камсамольскай арганізацыі, была знятая з пасады сакратара загадам ЦК КСМ Заходняй Беларусі. У 1925 годзе як інструктар камсамола Заходняй Беларусі выязджала з Гродна ў Вільню, затым у Брэст, Баранавічы.
У 1927 годзе вучылася ў партшколе КПЗБ у Мінску. У 1928 годзе была ўдзельніцай першага з’езда КПЗБ. У 1929–1931 гадах у Маскве працавала на электразаводзе і вучылася ў Міжнароднай «ленінскай» школе, потым у партшколе КПЗБ у Мінску.
У канцы 1935 года Аляксандра Бергман была рэпрэсіраваная савецкімі ўладамі. Знаходзілася ў канцлагерах у Кіраве, Комі АССР, Кемераўскай вобласці. Беларуска-польскі гісторык Алена Глагоўская на гэты конт выказвае сваю думку: «Яўрэям у мінулым стагоддзі прыйшлося перажыць халакост — амаль татальнае знішчэнне нацыі. Аляксандры і Стэфану Бергманам ды іхняй дачушцы Зосі шчаслівы, можна сказаць, лёс падараваў жыццё, хаця не ў райскім шчасці, толькі ў разлуцы. Калі сёння чытаю пра кашмар лагернага жыцця сталінскіх часоў і генацыд яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны, міжволі думаю: дзе тады лепш было быць яўрэю? Аляксандра Бергман у той час была ў сібірскіх лагерах. Так, яўрэйка ды камуністка была арыштаваная ў Гомелі ў снежні 1935 года. Раней, напярэдадні ўгодкаў кастрычніцкай рэвалюцыі, быў арыштаваны яе муж — Стэфан, таксама камуніст. Ніхто не зважаў на тое, што ў іх было маленькае дзіця — Зося, якой у ліпені гэтага ж года споўніўся ўсяго годзік жыцця. З верай у камуністычныя ідэалы абое трапілі ў «рай». Іхнія біяграфіі — доказ таго, што і яўрэі камуністычных поглядаў не пазбеглі сталінскіх лагераў». Гэта так. Вызвалілі Аляксандру Бергман у 1943 годзе, а ў 1945 годзе яна выехала ў Польшчу.
У 1945–1948 гадах працавала на паліграфічным камбінаце ў Лодзі, а потым пераехала ў Варшаву. Там пэўны час працавала рэферэнткай, потым — кіраўніком аддзелу просьбаў, прашэнняў, памілаванняў і датэрміновых вызваленняў у выканаўчым бюро Спецыяльнай камісіі змагання са злоўжываннямі, і завочна закончыла Партыйную школу пры ЦК ПАРП.
У 1956–1957 гадах гісторык працавала ў рэдакцыі часопісу «Zycie partyi». А калі перайшла на пенсію, то пачала самастойна займацца навукова-даследчыцкай дзейнасцю.
Пражыла Аляксандра Рыгораўна Бергман амаль сто гадоў, яна памерла ў 2005 годзе, пакінуўшы нам у спадчыну звыш 40 артыкулаў і дзве фундаментальныя манаграфіі — пра беларускія справы Рэчы Паспалітай і пра Браніслава Тарашкевіча. Усё, што напісана ёй пра Беларусь і яе славутых сыноў, даўно просіцца пад адну вокладку самастойнага выдання.