Галівудскі леў з Беларусі

Кінааматары ўсяго свету сочаць за вынікамі розных кінематаграфічных прэмій. Напэўна, самай вядомай і каштоўнай з іх з’яўляецца «Оскар». Але ці ведалі вы, што яе заснавальнікам быў прадзюсар, які нарадзіўся ў Мінску?

f9eeebc640c36ddd1264e7573ef3e703.png

Ад зборшчыка адкідаў да ўласніка кінатэатраў

Лазар Маер, цяпер усім вядомы як Луіс Маер, нарадзіўся ў 1884 годзе ў Мінску. Сям’я эмігравала ў ЗША, калі яму было два гады, а неўзабаве пераехала ў Канаду. На новым месцы, каб зарабіць, маці працавала на птушкаферме, а бацька Луіса пачаў свой бізнес са збору і ўтылізацыі металалому і бытавых адкідаў. Пасталеўшы, хлопец таксама дапамагаў бацьку і першы час працаваў у ягонай фірме «Маер і сыны», якая дзякуючы яго намаганням і адміністрацыйным здольнасцям вырасла да некалькіх сотняў супрацоўнікаў.
У 19-гадовым узросце ён сышоў з бізнесу бацькі і пераехаў у ЗША, дзе неўзабаве ажаніўся і ўладкаваўся на працу ў кінатэатр. Натхнёны кінематографам, Маер у хуткім часе сабраў грошай, у тым ліку праз пазыкі, і набыў у горадзе Хайверыл тэатр на 600 месцаў, які адрамантаваў і перарабіў у кінатэатр «Orpheum». Ягоная камерцыйная канцэпцыя была настолькі слушнай, што ўжо праз некалькі гадоў Маер валодаў усімі кінатэатрамі ў горадзе.

4bf25580db72bb556bb3525f11d33688.jpg

Уласная кінакампанія і Галівуд

Паступова разам з партнёрам Маер стаў уласнікам і самай вялікай кінасеткі ў Новай Англіі. Але ён прагнуў не толькі паказваць кінастужкі, але і ствараць. Так, у 1914 годзе Луіс Маер заснаваў сваю першую кінастудыю «ALCO», праз два гады — кампанію «Metro Pictures», яшчэ пазней — «Louis B. Mayer Pictures». А ў 1924 годзе мільянер Маркус Лоў прапануе выкупіць і аб’яднаць «Metro Pictures», «Goldwyn Pictures», «Mayer Pictures» у кампанію Metro-Goldwyn-Mayer (MGM), якую і ўзначаліў Луіс Маер.
У 1925 годзе выйшла першая стужка MGM «Бен-Гур», якая адразу ж «выбухнула». Далей новыя стужкі выпускаліся штотыдзень, а Маер быў адзіным у ЗША, хто меў на сваёй пасадзе заробак у 1 мільён даляраў за год. Аб’яднаная кінакампанія пад ягоным кіраўніцтвам стала самай магутнай і прыбытковай. Варта таксама адзначыць, што Луіс Маер быў не толькі таленавітым менеджарам, але і адкрывальнікам будучых галівудскіх зорак, сярод якіх — Грэта Гарба, Кларк Гейбл, Элізабет Тэйлар, браты Маркс, Ава Гарднер.

1bbb3b01fb766bb959302bbd90e5dc41.jpg

Оскар

Акрамя непасрэдна вытворчай дзейнасці Луіса Майра турбавала пытанне адсутнасці парасонавай структуры, якая б займалася цэнтралізаваным развіццём, прасоўваннем кінематографа, вырашэннем унутраных спрэчак, падвышэннем іміджу сферы і займалася праблемамі саміх кінематаграфістаў. Так яшчэ адным значным для развіцця кінематографа стварэннем ураджэнца Мінска стала Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук і яе прэмія «Оскар». Але Маер адмовіўся ад ідэі ўзначаліць новую арганізацыю, каб пазбегнуць аслаблення яе іміджу праз асацыяцыі са звычайнай падструктурай MGM.
Цікава, што «Оскарам» прэмія, якая выглядала як рыцар з мячом, што стаіць на шпульцы з кінастужкай (а эскіз нібыта быў зроблены з мексіканскага рэвалюцыянера Эміліа Фернандэса), стала называцца значна пазней. Паводле адной з версій, гэта адбылося пасля выпадку, калі адна з супрацоўніц, якая ўбачыла статуэтку, адзначыла, што рыцар падобны да яе дзядзькі Оскара.

510ee0612a1c07d0d4e67d3453ed83d8.jpg

Знесеныя ветрам

У апошнія гады праз крызіс у кампаніі і ўнутраныя інтрыгі Луіс Маер страціў сваю пасаду і ў 1957 годзе памёр ад лейкеміі. Але кінематаграфічная лінія Маера тым ці іншым чынам працягвалася праз нашчадкаў. Так, ягоная дачка Маргарэт Шэнберг была жонкай Уільяма Гетца, які ўзначальваў «Universal Pictures». Другая дачка, Ірэн Гладыс, выйшла замуж за Дэвіда Селзніка, прадзюсара кінастужкі «Знесеныя ветрам», а іх сын стаў вядомым рэжысёрам.
Кірыл Стаселька, budzma.by