Не даць абнуліць Ваўка!

Напярэдадні рэферэндуму ў Расіі шматлікіх расіян значна больш, чым папраўкі ў Канстытуцыю, хвалюе лёс Ваўка з культавага мультсерыяла «Ну, пачакай!».

9484161_900.jpg

Справа ў тым, што ўжо ў гэтым годзе «Саюзмультфільм» рыхтуецца да перазапуску мульціка пра прыгоды Зайца і Ваўка. У другой палове года мы зноў пабачым знакаміты серыял — прычым, у фармаце 3D. Усяго ў новым сезоне нас чакае ажно 52 выпускі новага «Ну, пачакай!». Калі верыць аўтарам, гэта будзе твор, годны прадукцыі Галівуду. Ужо былая віцэ-прэм’ерка расійскага ўраду Вольга Галадзец напрыканцы мінулага года назвала перазапуск мультфільма «падарункам малодшаму пакаленню».

Нягледзячы на велізарную папулярнасць мультсерыяла (у свой час Воўк і Заяц нават патрапілі на памятныя манеты), навіна пра хуткі рымейк не выклікала ў аўдыторыі эйфарыі. Зусім наадварот. Саму ідэю эксплуатацыі спадчыны «Саюзмультфільма» многія лічаць апрыёры асуджанай на няўдачу. Не дзіўна, што лейтматыў 99 працэнтаў каментараў на інфармацыю пра новы «Ну, пачакай!» гучыць так: «Прыбярыце свае брудныя рукі ад класікі!»

Акрамя таго, на «Саюзмультфільме» ўжо надавалі новае дыханне іншым вядомым стужкам. Самай гучнай перазагрузкай стаў серыял пра новыя прыгоды герояў з Прастаквашына, які ў дадатак быў адаптаваны пад сучасныя расійскія актуаліі. Гледачы да гэтага часу вельмі холадна ставяцца да новых Шарыка, ката Матроскіна і Печкіна.

Асабліва негатыўную рэакцыю выклікала спроба выкарыстаць мульцік для крамлёўскай прапаганды. Вялікае абурэнне выклікаў эпізод, у якім паштальён Печкін хваліць вельмі непапулярную ў Расіі пенсійную рэформу. У адной са сцэнаў персанаж заяўляе, што ў гэтым годзе ён «памаладзеў» на восем гадоў. «У мінулым годзе мне да пенсіі адзін год заставаўся, а з гэтага года — ужо восем. Пенсійная рэформа называецца!» — тлумачыў герой.

Зрэшты, персанажы новага Прастаквашына хаця б знешне падобныя на савецкі аналаг. Што тычыцца Ваўка і Зайца з новага «Ну, пачакай!», то іх выгляд вырашылі мадэрнізаваць. У пачатку чэрвеня ў інтэрнэце з’явіліся магчымыя варыянты вобразу Ваўка. Цяпер ён выглядае як сучасны тынейджар з адпаведным гардэробам: завужаныя джынсы, белыя красоўкі, футболка і гэтак далей. Прычоска ў Ваўка таксама цалкам сучасная.

Кампанію Ваўку ў новым серыяле складзе не толькі Заяц, аднак і новыя персанажы. Яны таксама нагадваюць чальцоў сучасных моладзевых тусовак: падобны на рэпера барсук Ціма, тэхналагічна падкаваны Вожык Шу і вясёлая казуля Уля. Як патлумачыла прэсе генеральны прадзюсар студыі, новыя героі патрэбныя, каб дзіця на фазе развіцця бачыла на экране пазітыўны прыклад.

Наконт дзяцей сказаць цяжка, а вось дарослая публіка ніякага пазітыўнага прыкладу ў новых героях не ўбачыла. Асабліва абураюцца ў сем’ях, дзе растуць дзяўчынкі. Ім не падабаецца вельмі хударлявая казуля. «Чаму няма персанажа-дзяўчынкі з нармальным целаскладам? Жаночыя героі з ненатуральнай хударлявасцю — гэта менавіта тое, што трэба дзецям 6–8 гадоў, каб займець комплексы адносна свайго цела», — абураецца адзін з бацькоў.

Яшчэ больш тых, каму не падабаецца падобны да хіпстара Воўк. Антыпатыю можна растлумачыць тым, што стары вобраз Ваўка шмат у чым быў пародыяй на імідж дагэтуль мегапапулярнага Уладзіміра Высоцкага, створаны ім у жыцці і песнях. Таму, напэўна, многіх таксама засмуцілі словы дырэктара студыі Барыса Машкаўца пра тое, што ў новых серыях глядач ужо не ўбачыць Ваўка з цыгарэтай — адзін з самых пазнавальных сімвалаў старога «Ну, пачакай!». «Добра, што яшчэ не зрабілі Ваўка неграм», — супакойвае сябе ў сеціве адзін з фанатаў кананічнай версіі.

Паколькі прэзентацыя новага праекта мела месца на фоне агітацыйнай кампаніі за ўдзел у рэферэндуме па папраўках у Канстытуцыю Расіі, тэма новага «Ну, пачакай!» імкліва палітызавалася. На форумах прапануюць замацаваць у мадэрнізаванай Канстытуцыі мультфільм «Ну, пачакай!» як саюз Ваўка і Зайца. Новы варыянт мульціка, акрамя таго, называюць «абнуленнем» Ваўка. Для лакалізацыі спробаў палітычнай дэстабілізацыі заклікаюць зрабіць у новым серыяле Ваўка лібералам-няўдачнікам, якому супрацьстаіць паспяховы Заяц — верны прыхільнік Пуціна.

Між тым, хіпстар Воўк (і ўсе яго сябры ў перазапуску) не спадабаліся не толькі дарослым, але і сучасным дзецям. На пачатку тыдня шасцігадовая жыхарка Пермі Дар’я вырашыла сабраць подпісы супраць новага вобраза Ваўка і адправіць іх у Мінкульт Расіі. Наўрад ці гэты ліст будзе мець наступствы. У свой час Эдуард Успенскі ў асабістым лісце да Пуціна таксама беспаспяхова спрабаваў заблакаваць запуск у вытворчасць новага варыянту Прастаквашына.

У такой сітуацыі надзея, падаецца, толькі на ўсёмагутнага чачэнскага лідара Рамзана Кадырава. За забеспячэнне лаяльнасці Чачні на адрас цэнтру, ён мае магчымасць уваходзіць у самыя высокія крамлёўскія кабінеты. Кадыраў можа лёгка заблакаваць рэліз «Ну, пачакай!», скарыстаўшыся ідэалагічнымі напрацоўкамі Джахара Дудаева — лідара чачэнскіх сепаратыстаў пачатку 1990-х гадоў. Пішуць, што тады Дудаеў забараніў паказваць на чачэнскім тэлебачанні мультсерыял, паколькі, на думку генерала, у ім абражаўся вобраз ваўка — сімвалу чачэнскага народа.