Радзіхоўскі: Пуціну важна, каб Лукашэнка быў паўзадушаны, паўдохлы, але заставаўся ва ўладзе

Калі Беларусь падасць расійцам сігнал: «Мы здолелі зрынуць свайго вечнага прэзідэнта» — для Пуціна гэта канец. Пуціну важна, каб Лукашэнка быў паўзадушаны, паўдохлы, але заставаўся ва ўладзе. Пра гэта распавёў расійскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі «Свабодзе»

Кіраўнікі Расіі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ.

Кіраўнікі Расіі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ.



Леанід Радзіхоўскі расказвае, чаму параза Лукашэнкі — гэта катастрофа для Пуціна, заяўляе, што ніякае сілавое ўмяшанне Расіі ў беларускія справы немагчымае, і кажа беларусам — «За нашу і вашу свабоду». 

— У Беларусі выбары, Беларусь кіпіць, два патэнцыйныя кандыдаты ўжо за кратамі (адзін з іх узначальваў «Белгазпрамбанк») — а ў расійскай прэсе, на асноўных тэлеканалах фактычна цішыня. Салаўёў ды іншыя тэлевядоўцы па-ранейшаму абмяркоўваюць Украіну і ЗША, пра Беларусь маўчок. Чым бы вы гэта патлумачылі?

— На самай справе Расію падзеі ў Беларусі вельмі цікавяць. Гэта настолькі хваравітая тэма, што начальства лічыць за лепшае пра яе маўчаць.

Усе ведаюць, што асабістыя адносіны Лукашэнкі і Пуціна — гэта адносіны сапраўдных ворагаў, гэта ніякая не таямніца. Апошняя знявага з боку Лукашэнкі Пуціну — парад у Мінску 9 траўня, гэта быў яўна шчаўчок па носе Пуціну, маўляў, ты баішся, а я не баюся. Акрамя таго, ніхто толкам не ведае, якія там былі планы аб’яднання, аншлюсу ці паглынання — але відавочна, што нейкія надзеі наконт гэтага ў Пуціна былі. І яны з трэскам праваліліся. Так што прычынаў мець асабістую нянавісць да Лукашэнкі ў Пуціна больш чым дастаткова. Яны ад пачатку, з першай сустрэчы адзін аднаго цярпець не маглі. А цяпер гэта набыло яшчэ горшы характар.

Але, з іншага боку, ёсць нешта значна больш важнае за асабістыя адносіны. Гэта класавая, ідэалагічная салідарнасць. «Дыктатары ўсяго свету, яднайцеся». Вядома, што Пуцін мае ірацыянальную з гледзішча інтарэсаў дзяржавы сімпатыю да самых розных дыктатараў і аўтакратаў, ад Асада да Эрдагана. І абсалютную нянавісць да дэмакратычных лідараў, асабліва лідараў краінаў СНД. З ніводным з іх у яго адносіны не склаліся, з некаторымі была вайна, з некаторымі проста паршывыя адносіны, але добрых стасункаў не было ні з кім.

Што тычыцца Беларусі, то гэта сапраўдная «скрепа» пуцінскай сістэмы. Можна як заўгодна сабачыцца з Лукашэнкам, ненавідзець яго, ставіць яму палкі ў колы. Але крах рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі — гэта пахавальны звон для рэжыму Пуціна ў Маскве. Пуцін разумее, што калі Беларусь (самая блізкая для расійцаў рэспубліка) падасць ім сігнал — вось мы здолелі зрынуць свайго вечнага прэзідэнта — для Пуціна гэта канец.

 

Леанід Радзіхоўскі

Леанід Радзіхоўскі


Таму логіка асабістых адносінаў, эканамічная логіка рэзка проціпастаўляе Пуціна Лукашэнку. Яны ворагі — у падманутых чаканнях, у эканоміцы і палітыцы. Але «скрепы» намёртва прывязваюць Пуціна да Лукашэнкі. Параза Лукашэнкі — для Пуціна катастрофа.

Таму расійскія СМІ і маўчаць, бо не хочуць надта яўна і надта груба ўлазіць. Яны разумеюць, што надта грубае ўвязванне спрацуе хутчэй супраць Лукашэнкі. Бо Лукашэнка разыгрывае адначасова дзве карты. З правага рукава дастае карту — я гарант незалежнасці, калі нехта да нас сунецца (а хто гэты «нехта»? Не Нямеччына ж, не Польшча — вядома ж, Расія), то мы іх сустрэнем як у 1941-м. З левага рукава ён дастае процілеглую карту — адзінства, братэрства, агульнае мінулае.

І задача Масквы — яму не перашкаджаць. Тое, што яго запрасілі на парад у Маскву і ён сядзеў побач з Пуціным — гэта выкарыстанне гэтых сакральных савецкіх струнаў.

— Стратэгічна палітыка Расіі ў тым, каб Лукашэнка застаўся пры ўладзе — і нават некаторыя апошнія падзеі «па прымірэнні» пацвярджаюць гэта. Але пры гэтым Масква, як падаецца, не супраць патузаць, аслабіць яго.

— Так, асабістыя прычыны, паўтаруся, будуць прысутнічаць. Пуцін — чалавек эмацыйны, помслівы, злапомны. Патузаць Лукашэнку за вусы і ўкалоць — гэта з прыемнасцю. Калі Лукашэнка застаецца прэзідэнтам, ні на якія прэферэнцыі ад Масквы ён можа не разлічваць. Пуціну важна, каб Лукашэнка быў паўзадушаны, паўдохлы, але заставаўся ва ўладзе.

Адзіная рэальная праблема для Пуціна — калі Лукашэнка сыдзе ў выніку мірнай рэвалюцыі. Бо тады ўвесь пуцінскі міф узлятае на паветра. Які гэта міф? Першае, рэвалюцыя — гэта кроў, хаос, разбурэнне. Няпраўда, няма гэтага ў Беларусі. Міф другі — усе дэмакратычныя рэвалюцыі супраць Расіі, там ненавіснікі і ворагі. Зноў няпраўда.

Але ў Пуціна, акрамя пракляццяў на адрас рэвалюцыі, за душой няма нічога. У яго павернутая глыбока ў мінулае псіхалогія, але яна, як спадзяецца Пуцін, знаходзіць водгук у мільёнаў людзей, якія таксама жывуць мінулым. І магчымае мірнае падзенне аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі — гэта крах і катастрофа ўсёй гэтай пуцінскай ідэалогіі.

— Мінск зараз фактычна адбірае «Белгазпрамбанк», дзе 20 гадоў быў старшынёй праўлення цяперашні апанент Лукашэнкі Віктар Бабарыка — але Масква глядзіць на гэта дастаткова абыякава. Што яшчэ Расія можа праглынуць у гэтай выбарчай кампаніі?

— Я цалкам дапускаю, што Бабарыка, які меў пэўныя адносіны з Газпромам, мог мець пэўныя размовы ў Маскве. Яму абяцалі падтрымку. Гэта было звязана з жаданнем трошку адпомсціць Лукашэнку, папсаваць яму нервы. Бо для Пуціна гэта вялікае асабістае прыніжэнне, што ён павінен дэманстраваць пяшчотныя і братэрскія адносіны з чалавекам, якога ён не выносіць. Гэта вечная неабходнасць двух людзей, якія ненавідзяць адзін аднаго, але вымушаныя выяўляць пяшчотнае сяброўства — яна яго дзіка злуе.

Таму я думаю, што нейкія намёкі, нейкая падтрымка Бабарыку была паабяцаная ў Маскве. Вядома, не на ўзроўні Пуціна, нават не на ўзроўні адміністрацыі прэзідэнта, але на ўзроўні Газпраму. Але ў межах. Папсаваць Лукашэнку імідж, кроў, а не ўсур’ёз пачынаць з ім барацьбу.

— А калі беларусам удасца зрабіць цуд і сваімі рукамі мірным шляхам адхіліць Лукашэнку ад улады — якой можа быць рэакцыя Масквы?

— Ніякай. Ніякага сілавога ўмяшання (ня толькі на ўзроўні войска, але нават на ўзроўні спецназаў, усялякіх ГРУ) не будзе. Наколькі я разумею Пуціна і расійскую палітыку — гэтага не будзе са стопрацэнтнай верагоднасцю. Ніхто ў Расіі не зразумее і не падтрымае сілавога ўмяшання ў Беларусь. Нават калі падключаць усю прапаганду і будуць тлумачыць, што мы хочам абараніць Беларусь ад ЗША, масонаў, ЦРУ — не пракоціць. Ніхто ў Расіі не зразумее ніякага ўмяшання ў Беларусь, гэта выклікала б дзікае раздражненне ў Расіі. І Пуцін не той, і народ не той.

— Дык што — Пуцін праглыне змену ўлады ў Беларусі моўчкі і нічога не зробіць?

— Абсалютна нічога. Пуцін надакучыў у Расіі. Магчыма, менш, чым Лукашэнка ў Беларусі — але надакучыў. У такой сітуацыі пачаць гучную кампанію супраць Беларусі — гэта атрымаць бумеранг. Таму, калі б Лукашэнку скалупнулі, — Масква б рыпела зубамі, але рабіла б добрую міну. Той жа Пяскоў казаў бы — гэта іхняя ўнутраная справа, мы ад пачатку ні ўва што не ўмешваліся, народ мае права вырашаць свой лёс.

А далей расіянам падавалі б інфармацыю ў такім стылі, што ў Беларусі стала горш, што беспрацоўе, што бардак — з падтэкстам: «Вось што бывае, калі мяняюць кіраўніка дзяржавы». Гэта адзіная лінія абароны, якая б засталася ў Расіі. Спрабаваць арганізоўваць нейкія хваляванні рукамі мясцовых жыхароў — гэтага я не выключаю, агентуры і ўплыву хапае. Але ніякага сілавога ўмяшання быць не можа.

У Маскве цяпер многія «хварэюць» за беларусаў, і стары лозунг «за вашу і нашу свабоду» сёння ў Расіі вельмі актуальны. Поспех беларускай рэвалюцыі, калі б ён адбыўся, акрыліў бы неверагодную колькасць людзей у Расіі.

www.svaboda.org