Казус Калабка
За апошні час Аляксандр Лукашэнка сотні разоў сказаў словы «незалежнасць» і «суверэнітэт». Але ў гэтай «халвы» ялкавы прысмак.
![f_75546.jpg f_75546.jpg](/img/v1/images/f_75546.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ужо даводзілася пісаць: існуе немалая колькасць людзей, упэўненых у тым, што «суверэнітэту Беларусі нішто не пагражае, паколькі Лукашэнка не пагодзіцца на абмежаванне сваёй абсалютнай улады».
Прайшло нямала часу, і аргументаў у прыхільнікаў версіі аб «гаранце суверэнітэту» аб’ектыўна дадалося. Многае паказвае, што мінулай зімой кіраўнік Беларусі адбіў сур’ёзную атаку свайго расійскага калегі, які спрабаваў вырашыць праблему «абнулення тэрмінаў» праз аб’яднанне Расіі з нашай краінай.
Цяпер Лукашэнка рэгулярна выступае з такімі заявамі, што часам задаешся пытаннем: хто ў 1999 годзе падпісаў дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы? Ці не Зянон Пазьняк? Але не: пад дакументам, які прадугледжвае ўвядзенне адзінай грашовай адзінкі, стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра і яшчэ шмат чаго адзінага, стаіць аўтограф цяперашняга кіраўніка Беларусі.
Так што Лукашэнку даводзіцца расхлёбваць кашу, якую ён сам жа калісьці і заварыў. І тут трэба быць непрадузятым: пакуль кіраўнік Беларусі спраўляецца з гэтай задачай. Больш за тое, не раз даводзілася чуць ад людзей, крытычна настроеных у адносінах да цяперашняга кіраўніка краіны, што, калі б у 1994-м перамог Вячаслаў Кебіч, паглынанне ўжо даўно адбылося б.
Увогуле, калі праецыраваць бягучы трэнд на будучыню, то можна прыйсці да высновы, што суверэнітэту Сінявокай сапраўды нічога не пагражае. Але сітуацыя не развіваецца лінейна.
Інтэграцыйны сюжэт ужо меў, як мінімум, адзін круты паварот: ініцыятар «абдымашак» раптам пачаў ухіляцца ад абдымкаў пасля таго, як на змену Барысу Ельцыну прыйшоў Уладзімір Пуцін. Адпаведна, сапраўды гэтак жа можа здарыцца віраж ужо ў іншы бок — на збліжэнне. І не ўсё ў гэтай гісторыі залежыць ад Лукашэнкі.
Прычынай многіх праблем бывае тое, што мы забываемся звычайныя дзіцячыя казкі. У прыватнасці, сумную гісторыю Калабка.
Гэты персанаж, як вядома, паспяхова сышоў ад зайца, ваўка і мядзведзя, з чаго можна было памылкова зрабіць выснову пра яго непаражальнасць. Аднак падарожжа Калабка скончылася сумна, бо з лісой гэты фокус не прайшоў.
Калі, умоўна кажучы, тры спробы Крамля праглынуць Беларусь скончыліся няўдачай, гэта не азначае, што ў чацвёртай будзе той жа вынік. І цяперашняе развіццё падзей аптымізму дакладна не дадае.
Аляксандр Лукашэнка зноў выправіўся ў Маскву, і застаецца толькі гадаць, з якімі сюрпрызамі ён вернецца на гэты раз (або ў адзін з наступных). Той факт, што Пуцін знайшоў магчымасць застацца ва ўладзе пасля 2024 года іншым шляхам, не азначае, што Расію перастала цікавіць далучэнне нашай краіны.
У найбліжэйшыя тыдні рызыкі для суверэнітэту Беларусі асабліва высокія. Спадзявацца можна на лепшае, але варта быць гатовым да ўсяго.
Аляксандр Старыкевіч, gazetaby.com
Пераклад НЧ