Гары Паганяйла: Біўся, сашчапіўшы зубы

14 кастрычніка адвакату і праваабаронцу Гары Паганяйлу спаўняецца 70 гадоў. Прапануем фрагменты з успамінаў Гары Пятровіча, якія цалкам друкуюцца ў кнізе «Адвокатские хроники Гарри Погоняйло. Мемуары, документы, публикации».



1_pogonjajlo.jpg

Яшчэ ў дзіцячым доме я не імкнуўся быць паслухмяным і ўзорным. Колькі сябе памятаю, заўсёды быў вымушаны біцца. У невялікіх дзіцячых калектывах станаўленне асобы праходзіць няпроста: да няшчасця, моцныя падмінаюць слабых, а слабыя змушаны падпарадкавацца сіле старэйшага ці мацнейшага.

Гэтай практыкі я таксама на дух не пераносіў — я мог у горла ўчапіцца любому крыўдзіцелю, незалежна ад таго, маленькі ён быў ці вялікі. Я рос ваўчанём. У мяне з дзяцінства цвёрды характар. Можа, таму і займаўся адзінаборствамі: боксам, а калі зрок стаў слабець, захапіўся грэка-рымскай барацьбой. Неабходнасць пастаяць за сябе, не даць сябе ў крыўду была ў мне з дзяцінства.

Аднак і правілы ў нашым дзіцячым доме былі высакародныя: калі нейкае пытанне патрэбна было вырашыць з дапамогай сілы, так і казалі: «Пойдзем стукнемся». Ішлі кожны са сваім секундантам і адразу дамаўляліся: біцца «да першай слязінкі» ці «да першай крывінкі». Дамова добраахвотная. Калі заплакаў, значыць, пераможаны. Але асабіста я ніколі не дамаўляўся «да першай слязінкі» — біўся, сашчапіўшы зубы, «да крывінкі». Такую жорсткасць і злосць я праяўляў, напэўна, свядома, бо разумеў — інакш затопчуць…

* * *

…Першы раз матуля выйшла замуж у вельмі юным узросце за афіцэра Чырвонай Арміі, але, нарадзіўшы сына Дзмітрыя, у хуткім часе развялася, бо яе муж быў чалавекам дэспатычным, тыранам, і нават пабіваў яе. У другі раз маці выйшла замуж за Паганяйла Івана Фядотавіча, таксама чырвонага камандзіра. Сялянскага паходжання, ён яшчэ ў царскай арміі даслужыўся да звання капітана. Ваяваў у Грамадзянскую. У 1930-я гады камандаваў палком у Беларусі — па суседстве з Георгіем Жукавым, разам з ім скончыў Акадэмію пры Генеральным штабе РККА, а потым быў адпраўлены ў Беларускую ваенную акругу — пад камандаваннем легендарнага чырвонага камандзіра Убарэвіча.

Аднак у 1937 годзе, пасля арышту Убарэвіча і абвінавачвання яго ў шпіянажы і здрадзе, быў арыштаваны фактычна і ўвесь яго штаб, у тым ліку Паганяйла. Маці не верыла ў яго вінаватасць і паехала ў Маскву шукаць абароны ў Кліма Варашылава, які добра ведаў іх сям’ю і, бываючы ў Мінску, нават наведваў іх дом.

Выслухаўшы маму, Варашылаў выявіў на твары спагаду і паабяцаў ва ўсім разабрацца, але калі яна, акрыленая надзеяй, вярнулася ў Мінск, на вакзале яе ўжо сустракалі супрацоўнікі НКУС. Судовы вердыкт быў хуткім і бязлітасным: спачатку яе як жонку ворага народа прыгаварылі да расстрэлу, але потым карная машына «змілавалася» — вышэйшую меру пакарання замянілі пятнаццаццю гадамі пазбаўлення волі. Яе яшчэ абвінавацілі і ў шпіянажы, бо не саромелася размаўляць на польскай мове — мове яе сям’і, нават бравіравала гэтым: яе маці, мая бабуля Яцунская Ядвіга Уладзіславаўна — чыстакроўная полька.

Атрымаўшы таўро ЧСИР («члена семьи изменника Родины»), матуля апынулася ў адным з паўночных лагераў, што ў вялікай колькасці значыліся на карце Архангельскай вобласці. Ужо ў 1957 годзе, пасля смерці Сталіна і прыходу да ўлады Хрушчова, маці пісала запыты ва ўсе інстанцыі з патрабаваннем не толькі сваёй рэабілітацыі, але і мужа. І была нарэшце рэабілітавана — разам з Іванам Фядотавічам Паганяйлам. Між іншым, я таксама лічуся ахвярай сталінскіх рэпрэсій, бо беспадстаўна знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі. Першыя тры гады пасля нараджэння я правёў на тэрыторыі лагера, дзе адбывала свой тэрмін мая мама.

* * *

У 1954 году я нечакана апынуўся ў Крыму, дзе мяне сустрэлі пышныя сады, багатыя саўгасы і калгасы з заможнымі сялянамі… Я рос кволым, разоў шэсць хварэў на запаленне лёгкіх, мяне ўжо ледзь не на могілкі збіраліся адносіць, але тут па распараджэнні Мікіты Хрушчова, які прыйшоў да ўлады, нас, аслабленых дзяцей, адправілі ў Крым… Тут, у Крыму, я ледзь не загінуў. Там жа зімы практычна не бывае, але калі ўпадзе сняжок, калі дасць лёгкі марозік, мы, вядома, былі вельмі рады і тут жа станавіліся на канькі. Прычым канькі выраблялі самі: у дзеравяшцы прапальвалі жолаб, у які змяшчалі тоўсты дрот. Або каталіся яшчэ на санках — проста са стромкага беражка. Але ў той раз мы патрапілі з таварышам у прамывіну, якая ўтварылася з-за таго, што ў вадасховішча ўпадала рэчка Салгір.

Нашы санкі пайшлі пад лёд, а мы з таварышам апынуліся пад вадой. Я тут жа сцяміў, што трэба развярнуцца і плыць да палонкі, дзе мяне і чакалі астатнія дзеці, якія ўсё бачылі, — яны кідалі рамяні, палкі, каб выцягнуць мяне. А таварыш мой застаўся пад лёдам… Калі яго дасталі, высветлілася, што ён загінуў не ад таго, што вады нахапаўся, а ад разрыву сэрца. Ён аказаўся не гатовы да такога стрэсу і проста спалохаўся…

* * *

Тая акалічнасць, што мае бацькі несправядліва прайшлі праз сталінскія лагеры, і падштурхнула, відаць, мяне да выбару прафесіі юрыста: бо адвакат павінен абараняць людзей ад несправядлівасці, ад беззаконня, што ўчыняе ўлада. І калі яшчэ ў дзявятым класе мы пісалі сачыненне на тэму «Кім я хачу стаць?», я так і напісаў: «Хачу быць адвакатам»…

Выбар прафесіі юрыста быў, мабыць, падрыхтаваны жыццёвым досведам і ведамі, што і паўплывала на фарміраванне майго светапогляду, маёй філасофіі (няхай дзіцячай і наіўнай) і майго стаўлення да будучай прафесіі, да таго, чым буду займацца і дзе як асоба павінен буду адбыцца.

Вызначальную ролю тут, відавочна, мела тое, што я шмат чытаў, і ў першую чаргу — кнігі па гісторыі, філасофіі, з серыі «Жыццё выдатных людзей», бо многія выбітныя дзяржаўныя дзеячы па адукацыі былі юрыстамі: Аўраам Лінкальн, Джон Кенэдзі… Апроч таго, маю ўвагу прыцягвала гістарыяграфія пра вядомых расійскіх судовых аратараў: Коні, Аляксандрава, Пляваку…

Яны працавалі ў той надзвычайны гістарычны перыяд, калі ў Расіі адбылася так званая судовая рэформа, дзейнічалі суды прысяжных, і адвакатура, стаўшы незалежнай, магла, нарэшце, выявіць сябе ў публічных працэсах. У той час яна ўмела даказвала невінаватасць нават тых, хто замахваўся на цара, на кіраўнікоў горада, уключаючы генерал-губернатараў, — дастаткова ўспомніць вядомую пецярбургскую справу Веры Засуліч, якая страляла ў генерала Трэпава, і тым не менш суд прысяжных апраўдаў яе.

Дык вось, пад уражаннем прачытанага і жыццёвых назіранняў я разумеў, што юрыдычная прафесія дасць мне ў жыцці вельмі многае… Думалася, што, атрымаўшы прафесію юрыста, змагу рэальна дапамагаць людзям — каб яны не траплялі ў тыя непрыемныя сітуацыі, якія дзяржава, як капканы, расстаўляе ў нашым жыцці і з якіх выбрацца без дапамогі дасведчанага юрыста проста немагчыма.

Я лічыў гэтую прафесію і высакароднай, і карыснай адначасова. Карыснай не ў сэнсе фінансавага дастатку — проста гэтая праца прыносіла мне ўнутранае задавальненне. Да таго ж яна абяцала спаборнасць. Я ж яшчэ ў юнацтве выходзіў на дыван і змагаўся з супернікам, прыкладваючы ўсе намаганні, каб дасягнуць перамогі. І гадзінамі катаваў сябе фізічна, сотні разоў паўтараў практыкаванні, каб авалодаць адным-адзіным прыёмам ці контрпрыёмам, і ўсё дзеля адной мэты — я хацеў стаць прафесіяналам, я хацеў перамагаць у сутычках…

У юрыспрудэнцыі таксама прысутнічае дух спаборнасці: ёсць следчы, ёсць адвакат, ёсць пракурор-абвінаваўца і абаронца. Мне здавалася, што ў гэтых змаганнях, калі буду валодаць дастатковымі ведамі, калі набяруся досведу, я змагу рэальна дапамагаць людзям. Таму што канфлікты паміж грамадзянінам і дзяржавай былі, ёсць і будуць, прычым незалежна ад таго — таталітарны рэжым у дзяржаве ці дэмакратычнае кіраванне.

* * *

Звычайна я гавару: калі ў суддзі няма прафесійнай мужнасці кіравацца законам, яму неабходна сысці з прафесіі. А многім сёння не хапае і грамадзянскай мужнасці ажыццяўляць правасуддзе. І ўчыняючы несправядлівы суд — асуджаючы невінаватага, яны тым самым здзяйсняюць злачынства ў тым ліку супраць правасуддзя. Тыя ж справы па Плошчы 2010 года — гэта ўсё неправасудныя прыгаворы.

А колькі такіх неправасудных рашэнняў выносіцца ў Беларусі ў апошнія гады? Тысячы! Так судзейскі корпус і разлагаецца, бо перастае быць адказным за тое, што робіць, і спадзяецца толькі на тое, што калі ўжо пан-гаспадар загадаў вынесці несправядлівы прысуд, то яму за яго потым і адказваць.

Але не — адказваць будуць усе вінаватыя, у тым ліку і суддзі. Калі я некаторых з іх папярэджваю пра гэта, яны пачынаюць вохкаць: «Ну, вы ж ведаеце, Гары Пятровіч, у якіх умовах мы працуем, чаму мы прынялі тое, а не іншае рашэнне! У нас сем’і, дзеці, нас выкінуць з прафесіі — мы працу не знойдзем!» Я пытаюся: «Дык што, лепш злачынства здзейсніць у мантыі судзейскай?» Многія з іх носяць крыжы, ходзяць у царкву, ставяць свечкі перад абразамі і моляцца перад абліччам Хрыстовым!

Таму не магу трываць ханжаства, проста элементарна не магу іх паважаць. Ды і шматлікія мае калегі-адвакаты таксама даўно змірыліся з рэчаіснасцю і выдатна разумеюць, што ніякай спаборнасці ў нашай прафесіі няма і блізка, таму, маўляў, няма чаго бісер перад свіннямі сыпаць. Навошта напружвацца ў пошуках доказаў невінаватасці ці меншай вінаватасці? «Пракукарэкаў» такі адвакат штосьці ў судзе, а там хоць сонца не ўставай! Вось іх жыццёвая філасофія. Ганарар атрымаў — і дзякуй Богу. І што яму чужыя пакуты?!

Мы жывём у агідны час. І сам я ў прафесійным плане многае страціў і многага не зрабіў толькі таму, што часіна ліхая…

* * *

…Мяне ў прынцыпе немагчыма спыніць, калі я лічу, што праўда на маім баку, немагчыма заткнуць рот. І калі трэба заявіць публічна пра чарговае беззаконне — я абавязкова гэта зраблю. Няхай нават збоку гэта выглядае, быццам кідаюся на амбразуру, — гэта гучыць, вядома, гучна, але фактычна часам так і атрымліваецца. Свой выбар я кожны раз рабіў свядома і прынцыпова, па ўсіх без выключэння стратэгічных пытаннях свайго жыцця. Таму і шкадаваць мне няма пра што. Дый дарогі назад, як вядома, няма.