Тамара Чыкунова: «Пасмяротнае апраўданне не вяртае да жыцця нявінна пакаранага...»
З 1 студзеня 2008 года ва Узбекістане было адменена смяротнае пакаранне. Праваабарончая супольнасць Узбекістана зрабіла свой унёсак у гэтую справу, але, напэўна, больш за ўсіх — Тамара Чыкунова, якая заснавала праваабарончую арганізацыю "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў", пасля таго, як у Ташкенце расстралялі яе адзінага сына.
Тамара Чыкунова ля стэнду беларускіх праваабаронцаў на 5-м Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання (Мадрыд, 2013)
Прынцыповая пазіцыя Тамары Чыкуновай у барацьбе за адмену смяротнага пакарання атрымала заслужаную павагу — за сваю праваабарончую дзейнасць у гэтай галіне яна стала лаўрэатам шматлікіх міжнародных прэмій, у тым ліку ўзнагароджана французскім нацыянальным Ордэнам Ганаровага Легіёна.
Тамара Чыкунова гаворыць пра смяротнае пакаранне, якое для яе — не абстрактная праблема, а трагедыя: «Пасля пакарання смерцю майго адзінага сына Дзмітрыя, я два гады
не спала... не магла спаць — ад адчаю і жаху, ад бяссілля ... Мяне ўвесь час мучыла пытанне: чаму такая жорсткасць і за што? Лёс ударыў мяне аб зямлю, разбіў маё жыццё і адабраў
будучыню... Самае страшнае пры выкананні смяротнага пакарання — судовая памылка! Сапраўды, смяротны прысуд, калі ён вынесены памылкова, па агаворы, па злым намеры, сам робіцца
страшным злачынствам. Акрамя таго, усе судовыя сістэмы не выключаюць дыскрымінацыі і памылак. Ніводная сістэма ў свеце не здольная гарантаваць справядлівае і беспамылковае рашэнне пра тое, каму варта
жыць, а каму — памерці. Любы іншы прысуд можа быць кампенсаваны, зроблены больш мяккім, але не пакаранне смерцю! Пасля пакарання смерцю не можа быць вяртання. Мой сын Дзмітрый быў
асуджаны па неправасудным выраку ў лістападзе 1999 года. 10 ліпеня 2000 года ён быў таемна расстраляны ў Ташкенцкай турме. У сакавіку 2005 года мой сын рэабілітаваны пасмяротна, прызнаны
невінаватым, а суд над ім — несправядлівым. Але смяротнае пакаранне незваротнае ... незваротнае не толькі жахам самой кары, незваротнае ў прынцыпе — пасмяротнае
апраўданне не вяртае да жыцця нявінна пакаранага...»
На сённяшні дзень Цэнтральная Азія вольная ад смяротнага пакарання.
Туркменістан — смяротнае пакаранне адмененае ў 1996 годзе.
Казахстан — смяротнае пакаранне адмененае 20 ліпеня 2009 года.
Таджыкістан — двухбаковы мараторый на вынясенне і выкананне смяротнага пакарання, дзейнічае з чэрвеня 2004 года.
Кыргызстан — 25 чэрвеня 2007 года падпісаны закон аб адмене смяротнага пакарання.
У гэтым вялікая заслуга Тамары Чыкуновай, якая цяпер жыве ў Італіі, дзе супрацоўнічае з арганізацыяй «Супольнасць святога Эгідзія » і змагаецца супраць смяротнага пакарання ў тых
краінах, дзе яно яшчэ існуе.
У 2010 годзе Тамара Чыкунова была ў Беларусі, яна сустракалася са Святланай Жук — маці расстралянага Андрэя Жука і актывістамі кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".