Праваабаронцу Уладзіміра Лабковіча пакаралі штрафам. З чацвертай спробы

У судзе Савецкага раёна Мінска 8 кастрычніка нарэшце адбыўся перагляд адміністратыўнай справы сябра Рады ПЦ “Вясна” Уладзіміра Лабковіча.



uladzimir_labkovicz2.jpg

Уладзімір Лабковіч

Нагадаем, Уладзімір Лабковіч абскардзіў у Мінскі гарадскі суд пастанову пра штраф ад 6 жніўня 2013 года, вынесеную на падставе часткі 1 артыкула 23.34 КаАП (“парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства”) суддзёй Савецкага раёна Дзмітрыем Паўлючэнкам. Касацыйная інстанцыя пастанавіла скасаваць гэтую пастанову, накіраваўшы справу ў суд Савецкага раёна на перагляд да новага суддзі.

І вось з чацвёртай спробы суддзя Эдуард Якубоўскі, дапытаўшы ў якасці сведкі супрацоўніка міліцыі Смаляка, прыняў па сутнасці рашэнне ранейшага суду, і пакараў праваабаронцу штрафам у памеры 30 базавых велічынь, або 3 мільёны 900 тысяч рублёў.

Каментуючы судовае рашэнне, Уладзімір Лабковіч адзначыў: “Паказанні супрацоўніка міліцыі Смаляка, мякка кажучы, былі далёкія ад ісціны, а часам і проста ілжывымі. Напрыклад, ён сцвярджаў, што я разам з Рэвякай выкрыкваў нейкія лозунгі, агітаваў мінакоў за вызваленне Бяляцкага і нават працягваў гэта рабіць пад час затрымання.

Абсурд гэтай сітуацыі ў тым, што з гэтай справы быў створаны прэцэдэнт, калі раздачу паштовак суды расцэньваюць як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Зразумела, што падобнае рашэнне цалкам незаконнае, таму, безумоўна, будзе абскарджанае ў вышэйстаячай інстанцыі”.

Праваабаронцаў Уладзіміра Лабковіча і Таццяну Рэвяка затрымалі 5 жніўня каля сталічнага ЦУМу, дзе яны раздавалі паштоўкі з нагоды другой гадавіны арышту старшыні ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага.

 
spring96.org