Уладзімер Кацора патрабуе ад МУС і Генпракуратуры ўзбудзіць крымінальную справу

Гомельскі грамадскі актывіст, лідар мясцовых дэлегатаў Канферэнцыі "За сумленныя, справядлівыя выбары для лепшага жыцця" Уладзімер Кацора 8 кастрычніка накіраваў заяву аб здзяйсненні крымінальнага злачынства міліцыянтамі на імя міністра МУС і Генеральнага пракурора Беларусі.



ul_kacora.jpg

Уладзімер Кацора

22 верасня на дарозе Гомель — Мінск супрацоўнікі ДАІ затрымалі прыватны мікрааўтобус, у якім знаходзіліся дэлегаты рэспубліканскай канферэнцыі па стварэнні кааліцыі "За сумленныя, справядлівыя выбары для лепшага жыцця".

Уладзімер Кацора ўжо звяртаўся з аналагічным патрабаваннем у Гомельскае УУС і пракуратуру Гомельскай вобласці — дэлегаты патрабавалі правесці службовую праверку, па выніках якой высветліць службовую асобу, якая вынесла загад на пераслед і неабгрунтаванае затрыманне дэлегатаў, і ў дачыненні да гэтай службовай асобы і супрацоўнікаў міліцыі распачаць крымінальную справу.

Але з абедзвюх інстанцый актывіст атрымаў звыклыя «адпіскі»: «Пракуратура прапанавала УУС даць адказ. УУС таксама самастойнай версіі незаконным дзеянням падпарадкаваных яму па службе супрацоўнікаў прыдумаць не змагло, прапанаваўшы даць адказ Рэчыцкаму РАУС, адкуль нам паведамілі , што «выкладзеныя факты не знайшлі свайго аб'ектыўнага пацверджання». Фактычна, палкоўнік міліцыі адобрыў удзел супрацоўнікаў міліцыі ў палітычным пераследзе апанентаў дзеючай улады, тым самым схаваў факт здзяйснення супрацоўнікамі міліцыі крымінальнага злачынства», — гаворыць актывіст. Ён не верыць у магчымасць аб'ектыўнага разгляду справы, таму мае намер падаць заяву ў суд.

Як паведамлялася раней, маёр міліцыі Ігар Лапацін і капітан Сяргей Васільчук першапачаткова прычыну пераследу і спынення мікрааўтобуса з дэлегатамі рэспубліканскай Канферэнцыі патлумачылі тым, што мікрааўтобус «падобны» на той, які з'яўляўся ўдзельнікам ДТЗ. Пасля прымусовай дастаўкі транспартнага сродку разам з дэлегатамі ў аддзяленне міліцыі Рэчыцы «версія» супрацоўнікаў міліцыі памянялася, цяпер ім «спатрэбілася» зняць адбіткі пальцаў у кіроўцы мікрааўтобуса.

Пасля таго, як супрацоўнікі міліцыі пераканаліся ў тым, што кіроўца раней праходзіў дактыласкапію, яны запатрабавалі ад яго прайсці запіс на відэакамеру. Урэшце, супрацоўнікі міліцыі пачалі вылучаць неабгрунтаваныя прэтэнзіі да нумара кузава транспартнага сродку, пасля чаго, прыкладна праз тры гадзіны пасля прымусовага затрымання, адпусцілі вадзіцеля без прад'яўлення якіх-небудзь прэтэнзій і без складання якіх-небудзь працэсуальных дакументаў.

«У выніку неабгрунтаванай перашкоды з боку супрацоўнікаў міліцыі дэлегаты не змаглі прыняць удзел у працы рэспубліканскай Канферэнцыі ў Мінску, тым самым у іх дзеяннях маецца склад крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 194 КК Рэспублікі Беларусь, а менавіта “перашкода законнай дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў альбо ўмяшальніцтва ў іх законную дзейнасць, якія пацягнулі істотнае парушэнне іх правоў і законных інтарэсаў», — піша ў заяве палітык.

 
spring96.org