«Гадзіны праз дзве ў камеру завялі мужыка ў наколках»

«Вырашыў занатаваць свой досвед першай крымінальнай справы і першага траплення на Акрэсціна. Хацелася б, каб гэта была для мяне апошняя такая гісторыя, але ў нашай краіне гарантыі не дасць ніхто», — напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбук галоўны рэдактар «Нашай Нівы».

120427955_3337245426329534_5285449115318189989_o.jpg

Публікуем тэкст са згоды Ягора, практыча без зменаў:

Перадгісторыя

МУС праводзіць праверку па гісторыі Барсукова-Сакалоўскага ўжо з месяц. Тыдні два таму я схадзіў і даў тлумачэнні па гэтай сітуацыі. І вось у аўторак, 22 верасня, мне пазваніў аперупаўнаважаны упраўлення ўласнай бяспекі (УУБ) МУС Андрэй Бадзькоў, той самы, што браў тлумачэнні. Кажа, прашу пад'ехаць заўтра ў МУС, трэба азнаёміцца з "лінгваэкспертызай". Я яшчэ падумаў, якая нафіг экспертыза? Але не было часу на доўгую размову з разборкамі, сказаў, што пад'еду. Цікава ж даведацца, чым скончылася праверка. Дамовіліся, што раніцай Бадзькоў мяне набярэ і вызначым дакладны час.

Затрыманне і шлях на Акрэсціна

Ранішні званок ад Бадзькова: пад'язджайце ў 10:30 у МУС, сустрэну вас. Ну ок. Выйшаў на прагулку з сабакам, іду ўздоўж дома. Каля суседняга пад'езда стаіць нейкі шкет ростам 165 см. Праходжу міма, раптам ён навальваецца на мяне, падцягваецца і шэпча на вуха нешта накшталт "не дзёргаемся, мабільнікам не карыстаемся, працуе міліцыя". І тут падыходзіць яшчэ адзін такі самы, таксама без формы. Кажуць, што я затрыманы, і зараз прыедзе начальства. Ну затрыманы дык затрыманы, але сабаку ж выгуляць трэба. Таму я хаджу па коле вакол кустоў, а гэтыя двое наварочваюць колы ўслед за мной.

Падышоў Бадзькоў з калегамі - Васіль Лапко, Канстанцін Клішэвіч, усе ў касцюмах, кажуць, што будзе ператрус у рамках крымінальнай справы аб паклёпе, а пасля допыт у СК. Маўляў, пад'едуць іх панятыя і будзем пачынаць. Які мой прававы статус? Пакуль ніякага.

Я паспеў паведаміць пра затрыманне калегам, таксама з кватэры ў пошуках мяне спусцілася Адар'я. Яна ходзіць, перапісвае іх дакументы. Бо яна фармальна хто ў гэты момант? Ніхто, проста жыхар дома. І гэта трохі зламала іх сцэнар, міліцыянеры спадзяваліся, што ўсё будзе ціха і без увагі журналістаў. А калі мы праз гадзіну выходзілі пасля ператрусу з кватэры, у пад'ездзе і каля дома стаялі дзясяткі чалавек. Яшчэ раз, карыстаючыся выпадкам, дзякуй усім, хто перажываў і падтрымліваў.

Мы прапанавалі сваіх панятых замест прывезеных імі - проста паклікалі суседзяў. Бадзькоў паморшчыўся, але пагадзіўся. Пакуль правяралі іх дакументы, паспеў прыехаць адвакат Сяргей Іваноў. Яго не хацелі пускаць, маўляў, хай едзе адразу ў СК. Але ён аргументавана патлумачыў, што яны парушаюць закон - прыйшлося пусціць яго. Ператрус быў даволі акуратны, іх цікавіла тэхніка і нейкія дыскі з флэшкамі. Пад шумок забралі нават відэакасеты з ранішнікаў Адар'і і нейкі дыск са стаматалагічнай клінікі. А вось дыскі з курсаў англійскай мовы пакінулі. Яшчэ забралі тры мае старыя ануляваныя пашпарты. Я заўсёды пакідаў іх сабе ў калекцыю, шкада аддаваць! Цікава, ці сказалі ў Панараме, што знайшлі россып пашпартоў.

Ператрус доўжыўся гадзіны паўтары, пад канец ён надакучыў самім міліцыянерам. Шафы з адзеннем яны пераглядалі ляніва, не надта ўглядаючыся ў яго. Калі мяне выводзілі з кватэры, тыя два шкеты ішлі за мной. Гэта адзін з іх зладзіў істэрыку ў машыне: "Я забыў насунуць маску, мяне пазнаюць!" Ён жа ў машыне спрабаваў справакаваць мяне на нейкую рэакцыю ідыёцкімі размовамі кшталту "Во журналісты дармаеды! 20 чалавек сабралася каля дома!" ці "Калі вы ўсе такія за закон, то трэба з сябе пачынаць. Фатографы бегалі курыць на балкон, я ім казаў, каб не рабілі гэтага, а яны ўсё адно курылі. Вось бы пратаколаў 20 на іх скласці!" Найлепшае - не рэагаваць, хай размаўляе сам з сабой.

Калі прыехалі да СК, міліцыянеры ў касцюме хацелі проста прайсці са мной да будынка - усё адно нікога вакол няма. Але шкеты-гопнікі асеклі іх: стаім і чакаем. Не ведаю, адкуль яны, магчыма, з ГУБАЗіКа.

У СК маю справу вядзе 32-гадовы следчы Андрэй Даўжонак. Калі мы прыйшлі ў яго кабінет, міліцыянер адправілі яго пагуляць, пакуль запоўняць усе свае паперы. Аформілі пратакол затрымання, я пытаюся: ну а далей што? Адказваюць, паедзеш на Акрэсціна. Тэарэтычна такое рашэнне мог прыняць следчы па выніках допыту, але хлопцы за яго ўжо вырашылі.

"У цябе мабільнік заблакаваны?" - "Ну канечне" - "Скажаш пароль?" - "Э.. Канечне, не" - "А чаму?" У залежнасці ад сітуацыі звярталіся то на "ты", то на "вы", то "Ягор", то "Аляксандравіч".

Нарэшце пусцілі ў пакой следчага, пад'ехаў адвакат. Абвесцілі, што я цяпер падазраваны па крымінальнай справе. Але што мяне дапытваць, калі я не даю паказанні? Акрэсціна дык Акрэсціна.

Я на ўсялякі выпадак узяў з дома заплечнік з рэчамі, але Даўжонак забараніў яго браць з сабой у ізалятар. Схапіў толькі нумар "Нашай Гісторыі" ў кішэню. Калі адбяруць, то адбяруць.

Цікава, што Даўжонак хацеў узяць у мяне падпіску аб неразгалошванні. Адвакат яму: з падазраванага такую распіску браць нельга. Следчы не разумее: а чаму? Адвакат яму называе пункт у законе, следчы лезе ў стол, знаходзіць кодэкс, чытае яго і здзіўлена кажа: "Рэальна нельга... А я заўсёды браў..."

Падчас допыту ў пакоі па-ранейшаму сядзяць работнікі УУБ, слухаюць. Часам нават задаюць нейкія пытанні, хоць фармальна яны тут ніхто. Правялі "праверку", перадалі матэрыял у СК - ідзіце працуйце далей.

Я думаў, што мяне адразу павязуць на Акрэсціна, але работнікі УУБ спачатку закінулі мяне ў Цэнтральны РУУС. Пасядзеў трохі ў клетцы, атрымаў маску, здаў адбіткі пальцаў, пафоткаўся ў фас і ў профіль, як у фільмах. Міліцыянер пытаецца: вы тут за што? "Паклёп на намесніка міністра Барсукова" - "На Барсукова?!" Артыкул "паклёп" рэальна здзіўляе ўсіх, з такімі затрыманымі ніхто ніколі не сутыкаўся.

Урэшце на мяне нацягнулі кайданкі і павезлі ў Газелі на Акрэсціна. Калі б месяц таму не пасядзеў бы пару сутак у Жодзіне, можа, было б больш нервова. А так усё ўжо як роднае - ногі па шырыні плеч, рукі за спінай, глядзіш у сцяну.

Пры афармленні на Акрэсціна медыцынскі агляд. Жанчына пытаецца: "Сінякоў, слядоў збіцця няма"? - "Няма". Канваір збоку: "Будуць! Гы-гы-гы!" Медсястра яму: "Ну ты дэбіл..."
Іншы канваір стаў вывучаць часопіс з загалоўкам "Гі-бель Ку-па-лы": "А дзе Купала згубіўся"? Медсястра зноў глядзіць як на дурняў: "Загінуў ён, а не згубіўся!" - "А-а-а..." З часопісам прапусцілі ўнутр, так што было што пачытаць у першы дзень.

Выдалі прастыню і навалачку, паднялі на чацвёрты паверх і завялі ў камеру 37. Яна маленькая, на двух чалавек. Не ведаў, што на калідоры трэба пакідаць свой абутак і браць тапкі без носа з намаляваным нумарам камеры. Прыкольна, у Жодзіне такога не было.

Я апынуўся ў камеры адзін, але не мог зразумець, ці майго суседа адвялі на допыт, ці ўвогуле нікога няма - на стале некалькі буханак хлеба, савецкая кніга з фантастыкай, нейкая бутэлька з мутнай вадкасцю. Вырашыў класціся на ніжнія нары і абжывацца. Сяджу, чытаю часопіс.

Ніякіх "правілаў паводзінаў" на сцяне не вісіць, спрабуеш зразумець сістэму сам. Я ад некага чуў, што кагосьці з палітвязняў адправілі ў карцар за тое што спаў пасярод дня. Таму на ўсялякі выпадак не ўкладваўся. Але пасля аказалася, што гэтых праблем няма, калі хочаш, спі хоць цэлы дзень.

Гадзіны праз дзве ў камеру завялі мужыка ў наколках. "Міша. Восем судзімасцяў. А ў цябе што? Першаход?", —  спытаў ён і палез на верхнія нары. Тады я яшчэ не ведаў, што гэта падсадная качка.

Працяг будзе, абяцаў Ягор Марціновіч. Будзем чакаць.