У педыятара з Жыткавічаў адбыўся ператрус

У Ірыны Цішкоўскай, доктара-педыятара з Жыткавічаў, прайшоў ператрус. Пра гэта паведаміла на фб Маўлюда Атакулава.

На судзе. Фота: «Радые Свабода»

На судзе. Фота: «Радые Свабода»


Ператрус праводзіў падпалкоўнік міліцыі Віннікаў Васіль Васільевіч. "Шукалі ўлёткі пра суддзю А. Воўка. Сумнавядомы палітычнымі выракамі суддзя родам з Жыткавіч. Ніякіх улётак не знайшлі. Знайшлі адно вольнага і нескаронага чалавека", — напісала Маўлюда.
Нагадаем, за апошні час Ірыну Цішкоўскую двойчы судзілі за ўдзел у акцыях, пакаралі штрафамі.
23 верасня жыхары Жыткавічаў, як і многія беларусы, вырашылі "адзначыць" таемную інаўгурацыю Лукашэнкі. Прыйшлі 12 чалавек і 10 міліцыянтаў. Кагосьці затрымалі, а кагосьці пазней запрасілі ў РАУС і склалі пратакол. Сярод такіх людзей была і ўрач-педыятр Ірына Цішкоўская.
Міліцыянты на судзе сцвярджалі, што Ірына Цішкоўская ўдзельнічала ў «несанкцыянаваным мерапрыемстве». Яны распавялі, што лекар трымала ў руках бел-чырвона-белы сцяг, іншыя ўдзельнікі махалі надзіманымі шарыкамі і рукамі аўтамабілям, якія сігналілі, уключалі ліхтарыкі на тэлефонах і «рухаліся ў адным кірунку».
"У Жыткавічах вечарамі нас збіраецца няшмат — калі 10, калі 16 чалавек. У дзень інаўгурацыі нас было 12 і 10 міліцыянтаў. Дваіх з "нашых" затрымалі і павезлі ў РАУС, мы пайшлі следам. Там каля РАУС былі і начальнік міліцыі, і яго намеснікі. Потым міліцыянты мне патэлефанавалі на працу, патрабавалі прыйсці да іх. А ў мяне як раз на прыёме куча дзяцей, прышчэпкі робяць. Я адмовілася так тэрмінова ісці. Яны прыходзілі дадому пазней, стукалі ў дзверы " — распавяла лекар.
Суд пакараў лекара штрафам у 30 базавых велічынь (810 рублёў)
Раней, 2 верасня жанчыну ўжо судзілі за ўдзел у мірных мітынгах і далі штраф у памеры 135 рублёў.
Ірына працуе ў дзіцячай паліклініцы вось ужо 35 гадоў. На акцыі стала выходзіць з 11 жніўня.