Юбілейны фэст Вольгі Грыцук

29 кастрычніка, слыннай беларусцы з Канады Вользе Грыцук з дому Дуброўскіх споўнилася 90 гадоў. Свой нарыс я пачну з верша. Яго нядаўна мне даслаў паэт, даследчык беларускай культуры, краязнавец Сяргей Панізьнік.



vol_ga_gricuk_napjaredadn_svajgo_jub_leju_logo.jpg

Верш прысвечаны Вользе Грыцук. Эпіграфам верша служаць радкі спадарыні Вольгі: «Мая радзіма — Дзісеншчына… І я не магу зразумець тых, хто лёгка забываецца на сваю зямлю, сваю мову, на ўсё, што робіць чалавека чалавекам». А верш гучыць так:

Жыла ў Дзісне з Дуброўскімі, Ластоўскімі,

Тут чула Жаўняровіча псалмы…

Дасюль Дзісна ні крыгамі, ні войскамі

Не змецена: тут Адзігітрыя і мы.

Да Друі, да Лявонпаля, да Браслава

Схіляюцца чупрыны курганоў.

І сёння ёй, Васільеўне, прыўкраснага

Тут вельмі многа для паромаў-сноў.

Дарожкаўскую вуліцу з каштанамі,

Муры, капліцу помніла дзяўчо…

…Пранесліся нягоды — ураганамі

І пад спадзеў падстаўлена плячо.

Каханейка пякучае не стоміцца

Збіраць сляды дзяцінства ля Дзвіны…

Ёй здзейсніцца Дзісна! Вярба памоліцца,

Каб наша суайчынніца-патомніца

Прыйшла на фэст пад родныя званы.

Вядома, прыйдзе спадарыня Вольга на фэст, на свой фэст юбілейны, на свой фэст вялікі, шчыры, светлы, беларускі — 29 кастрычніка ў яе дзень нараджэння. І прыйдуць на фэст усе беларусы Канады, Амерыкі, Бельгіі, Германіі, ЗША, Польшчы, Англіі, Беларусі, каб павіншаваць яе з гэтым слаўным юбілеем. А хто на фэст не патрапіць, дык ён абавязкова знойдзе Вольгу Грыцук у канадскім горадзе Кінгстане, каб абняць яе і пажадаць здароўя і толькі здароўя, а таксама падзякаваць за ўсё добрае, што яна зрабіла за сваё жыццё і што працягвае рабіць для беларускай культуры, нягледзячы на свой вялікі ўзрост.

Лісты ад Вольгі Грыцук, якія атрымліваю з Канады, пазнаю адразу па прыгожым, роўненькім почырку. Адкрываю канверт і чытаю: «Пра Вашу кніжку «З беластоцкай зямлі», якую выдала ў Беластоку Праграмная Рада Тыднёвіка «Ніва», я атрымала шмат добрых ацэнак і задавальнення ад беларусаў, для якіх я выслала Вашу кніжку. Доктар Вітаўт Кіпель з Нью-Ёрку прыслаў мне ліст, у якім піша, што шмат чытаў, але Ваша кніжка дапоўніла ягоныя веды. Казаў таксама, што такой кніжкі, добрай кніжкі ніхто яшчэ не напісаў. Пішыце больш, бо гэта вельмі важна і патрэбна для адраджэння нашай Бацькаўшчыны вольнай і незалежнай…».

У іншым пісьме спадарыня Вольга паведамляе: «Сёлета (маецца на ўвазе ў 2011 годзе. — С.Ч.) у красавіку ў Вербную нядзелю адведалі мяне з Таронта ўладыка Святаслаў, які прывёз з сабой спадарынь Наталлю Гардзіенка і Віялету Кавалёву. Наша беларуская арганізацыя Згуртаванне беларусаў Канады ў Таронта запрасіла спадарыню Гардзіенка напісаць кніжку пра Згуртаванне беларусаў у Канадзе. Спадарыня Гардзіенка прыехала ў Канаду на цэлы месяц. Ездзіла ў Манрэаль, Атаву, шукала матэрыялы на кніжку. Да мяне прыехала ў апошні дзень перад выездам у Беларусь. Калі кніжка будзе выдадзена, не ведаю. Усе паперы і дакументы яна сфатаграфавала…»

У пісьме пытаюся ў спадарыні Вольгі, а ці кантактаваў ваш муж, Алесь Грыцук, з беларусамі, калі вучыўся ў Варшаўскім універсітэце? Спадарыня Вольга хутка піша адказ, дзе яна паведамляе і пра Алеся Грыцука: «Мой муж у тым часе ў Варшаве не жыў. Ён у 1930-х гадах настаўнічаў у Браславе і завочна вучыўся ў Варшаўскім універсітэце на гістарычным факультэце. Скончыўшы навуку, ён атрымаў дыплом з тытулам магістра. Я пераглядзела ўсе ягоныя паперы і нічога не знайшла: ані дакументаў, ані лістоў і здымкаў з таго часу. Таксама не ведаю, ці мой муж меў якія-небудзь кантакты з беларусамі ў Варшаве. У 1939 годзе яго з Браслава мабілізавалі ў польскае войска і паслалі на фронт абараняць Варшаву. Там ён быў паранены і забраны ў нямецкі палон. Ляжаў у шпіталі ў Варшаве. Калі набраўся сіл і раны загаіліся, Алесь са шпіталю ўцёк дадому ў Плянту да бацькоў на Беласточчыну. У тым часе Беласточчына ўжо была акупавана Савецкім Саюзам...»

Ажаніліся Аляксей (Алесь) Грыцук з Беласточчыны і Вольга Дуброўская з Дзісеншчыны 1 лютага 1958 года. Як бачыце, у спадарыні Вольгі сёлета два юбілеі: 55 гадоў таму яна выйшла замуж за беластоцкага беларуса і свой уласны юбілей.

Шлях Вольгі Дуброўскай да Аляксея Грыцука быў няпростым і доўгім. Пра гэта яна вельмі дакладна і шчыра напісала ў сваёй кнізе «Мы стваралі сваю Беларусь» (Мінск, 2007). Кніга ўнікальная, цікава чытаецца, шмат фактаў з уласнай біяграфіі і з біяграфіі Аляксея Грыцука, з жыцця беларусаў у Канадзе.

На Захад Аляксей Грыцук з Беласточчыны паехаў у 1944 годзе. А ў Канаду ён дабраўся параходам з Італіі ў студзені 1948 года. Яго ўзялі ў гэтую краіну па кантракце, які трэба было адрабіць. Цэлы год ён працаваў лесарубам. Было яму нялёгка. Ён перапісваўся толькі з Міколам Ганько. І праз Міколу Алесь выйшаў на Згуртаванне беларусаў Канады, арганізаванае Кастусём Акулам. А калі скончыўся тэрмін кантракту, Аляксей Грыцук прыехаў у Таронта. І там уладкаваўся на фізічную працу і штодня вучыў англійскую мову. У Таронта ён актыўна ўключыўся ў беларускае жыццё. А Вольга Дуброўская ў гэты час ужо жыла ў Польшчы, яны сталі перапісвацца. Тым часам сябры Алеся Грыцука ў Канадзе пачалі паціху жаніцца, а ён чакаў сваю Вольгу. І вось той дзень наступіў. Вольга Грыцук успамінае: «Увечары са сталіцы Англіі я ляцела трансатлантычным самалётам у Манрэаль з перасадкай у Таронта. У цудоўны сонечны дзень, гадзіне 11-й мяне сустрэў з групай сяброў Алесь — дарагі, чаканы. Ён бег насустрач, схапіў у абдымкі, пакружыў некалькі разоў, аж закружыў мне галаву. Мы абое расплакаліся. Яго сябры апладзіравалі і казалі: «Горка, горка!». А там завезлі нас на кватэру, якую наняў ва ўкраінцаў Глушкоў. Алесь падрыхтаваў сюрпрыз: сам склаў з купленых ім дэталяў тэлевізар і паставіў яго ў пакоі. Тэлевізар тады яшчэ быў вялікай навіной, і мяне ўразіла, што Алесь змог яго сам зрабіць. Ён доўга нам служыў. Першы куплены тэлевізар мы займелі ўжо потым, калі пераехалі ў Кінгстан…».

1 лютага 1958 года Алесь і Вольга ўзялі шлюб. А 8 студзеня 1959 года ў іх нарадзілася дачка Юльяна.

Вольга Грыцук, натхнёная сваім мужам, стала ў Канадзе актыўнай дзяячкай беларускага руху. У 1965 годзе яна была адной з заснавальніц Згуртавання беларускіх жанчын Канады. А 6 снежня 1975 года яе абралі старшынёй Згуртавання беларускіх жанчын Канады. Гэту арганізацыю Вольга Грыцук узначальвала 18 гадоў — да 1993 года.

І 18 гадоў Вольга Грыцук пражыла з Аляксеем Грыцуком. Яго не стала ў траўні 1976 года. Перад смерцю ён казаў: «Беражы Юльянку і глядзі, каб не страціць дом. Я ведаю, ты моцная, ты ўсяму дасі рады».

І мужная жанчына-беларуска сапраўды аказалася моцнай. Яна дала адукацыю дачцэ, дачакалася ўнучку Сафію… Спадарыня Вольга жыла і за сябе, і за Алеся. І працягвае жыць і думаць пра лёс Беларусь і вельмі спадзяецца, што народ беларускі будзе шчаслівы.

У яе кнігу «Мы стваралі сваю Беларусь» увайшлі і ўспаміны пра Алеся Грыцука. Але ў гэтых успамінах ёсць і радкі-характарыстыкі пра Вольгу Грыцук. Барыс Аляксандрыў кажа пра яе так: «Оля — сціплая, разважная і чуйная». Раіса Жук-Грышкевіч напісала: «Любіў Алесь Грыцук прыгаство, і Бог надарыў яго прыгожай жонкай Вольгай і дачкой Юльянай». Вольга Іпатава шчыра апісвае: «Вольга Грыцук і цяпер захавала былую прыгажосць — сінія вочы, акварэльныя фарбы твару, стройную постаць, мілую ўсмешку і нейкую даверлівую чуллівасць».

Гляджу на фотаздымак спадарыні-беларускі Вольгі Грыцук і думаю, няўжо за плячыма гэта прыгожай і мужнай жанчыны дзевяць дзясяткаў гадоў. Шмат ёю перажыта, шмат пабачана, шмат зроблена. Хочацца верыць, што яе жыццёвы фэст будзе працягвацца да наступных юбілеяў, бо для беларусаў і Канады, і Беларусі, і Польшчы, спадарыня Вольга заўсёды з’яўлялася прыкладам, як трэба шчыра любіць сваю Бацькаўшчыну, свой народ, родную мову. Любіць, шанаваць, перажываць за беларускасць да апошняга дыхання, да апошняга імгнення. Са слаўным Вас юбілеем, спадарыня Вольга!