Кіроўца, які піша на грудзях пра Лукашэнку
Гомельскі «Рэмба» на сваіх грудзях і спіне некалькі год носіць месіджы кіраўніка дзяржавы. Барадаты дзядзька працуе звычайным кіроўцам і зусім не падобны да героя Сталонэ знешне, але і ён — адзін у полі ваяр.
Юрый Рубцоў набыў папулярнасць у СМІ праз лістападаўскае затрыманне на «Дзяды» ў Мінску. Метадам барацьбы з рэжымам абраў вопратку ў выглядзе цішотак з надпісамі: «Лукашенко, уходи!», «Долой царя-самозванца», «Где обещанная в 2010 году зарплата в 500 долларов?», «Девальвация — грабеж народа властью» і шэрагам іншых. Шчыра прызнаецца, што першыя некалькі дзён трэсліся каленкі, потым страх сышоў.
Карэспандэнт НЧ Алена Барэль пагутарыла з Юрыем Рубцовым пра тое, што ім рухае, і як да «смс»-вопраткі ставяцца мінакі, міліцыянты, калегі ды сваякі.
«Якая розніца, хто цябе гвалтуе?»
— Што прымушае звычайнага кіроўцу насіць вопратку з рызыкоўнымі надпісамі?
— Так, амаль усё жыццё я працую кіроўцам і не ўваходжу ні ў якую палітычную партыю, але браць удзел у акцыях і насіць цішоткі са зваротам да прэзідэнта прымушае бездапаможнасць апазіцыйных сілаў, — тлумачыць Юрый. — У барацьбе з рэжымам апазіцыянеры падобныя да ваўкоў, на якіх палююць з дапамогай чырвоных сцяжкоў. У чарговы раз апазіцыя збіраецца браць удзел у выбарах, якіх насамрэч няма. Пры наяўнасці ў краіне палітзняволеных — гэта глыбока амаральны ўчынак, ускоснае прызнанне права Лукашэнкі прэтэндаваць на яшчэ адзін тэрмін.
— Колькі сутак арышту маеце на асабістым рахунку?
— Пасадзілі на трое сутак толькі нядаўна, на «Дзяды». Афіцыйна я быў асуджаны не за цішотку, а за непадпарадкаванне АМАПу, — удакладняе Юрый. — У пастанове суда ёсць цікавы факт: амапаўцы так і не здолелі зразумець, ці ўтрымліваюцца ў надпісах на цішотцы абразы на адрас прэзідэнта. Такім чынам, суд засведчыў «кемлівасць» супрацоўнікаў АМАПу. Дарэчы, хачу падзякаваць усім, хто быў на судзе, рабіў перадачы і сустракаў мяне.
Да гэтага выпадку мяне толькі двойчы спынялі ў Гомелі супрацоўнікі ППС, тлумачылі, што нельга насіць такую цішотку. Я адказваў, што жыву не ў турме, каб жыць па паняццях, ды ішоў сабе далей.
— Ці збівалі вас падчас затрымання?
— Не, ніхто не біў. Але па дарозе ў пастарунак, у аўтобусе, уразілі словы чалавека ў цывільным. Ён звярнуўся да мяне з наступнай прамовай: «Ці ведаеш ты, што любая ўлада — гвалт? Дык якая розніца, хто цябе гвалтуе?» Вось на якой ідэалогіі выхоўваюцца нашы сілавыя структуры…
— Змагары-адзіночкі ў нас звычайна трапляюць на лякарны ложак ці за краты. Не баіцеся «падараваць» здароўе «нябачнікам» у цывільным?
— Канешне, баюся наконт здароўя! Нічога не баіцца толькі ідыёт. Але я свядома на гэта іду, таму што разумею: нехта мусіць гэта пачаць рабіць, дык чаму не я? А вось страху, ад якога першыя пяць дзён трэсліся каленкі, ужо няма. Я не парушаю ніякіх законаў. І з уласным меркаваннем маю права азнаёміць людзей спосабам, які не забаронены ў нашай дзяржаве. У адрозненне ад распаўсюду ўлётак, якія забараняе цэнзура, цішоткі не трэба наляпляць на сцены будынкаў, ты нічога не сапсуеш клеем. І гэта падштурхнула мяне да думкі пра вопратку. Шкада, што ў 2011 годзе ў Маскве, дзе я ўпершыню апрануў цішотку «Лукашенко, уходи!», мяне не заўважылі людзі каля беларускай амбасады.
Фота odnoklassniki.ru
За анекдот пра Лукашэнку сяляне задарылі садавіной
— Як мінакі, суседзі, сваякі ды калегі ставяцца да «праменадаў» у адмысловых цішотках?
— Некаторыя асцерагаюцца адкрыта выказаць падтрымку, але многія робяць гэта. Не ўхваляюць маё супрацьстаянне ўладзе ўсяго трое знаёмых. Сын цалкам салідарны са мной, а жонка не перашкаджае, хаця і не ўхваляе мае дзеянні, — зазначае Юрый. — Я быў шакаваны, калі першыя два тыдні насіў цішотку па Гомелі, і людзі адводзілі вочы ўбок, каб не бачыць надпіс. Зараз большасць незнаёмых людзей ухваляюць, а многія ўвогуле прапануюць змяніць надпіс на больш рэзкі… Я падлічыў, што супраць надпісаў выказаліся мне ў твар 25 чалавек. Але яны складаюць меней 0,1% ад усіх, хто выказваў свае меркаванні. Я шмат езджу, у тым ліку ў самыя аддаленыя куткі Гомельскай вобласці, ведаю настроі людзей, бачу іх страх і нянавісць да гэтай улады. У адным з куточкаў у адказ на мой анекдот пра Лукашэнку людзі задарылі мяне вінаградам, яблыкамі ды грушамі!
Фота odnoklassniki.ru
Закатаць у бетон «дойную карову грантасмокаў»
— Ці пагражалі вам неяк за грамадскую дзейнасць?
— Цікава, што пагрозу ў свой адрас я чуў толькі аднойчы — ад падпалкоўніка мінскай міліцыі. Я тады вызваліўся, мяне сустракалі добрыя людзі, а потым усіх нас завезлі ў аддзяленне Маскоўскага раёна. Дык вось гэты падпалкоўнік забраў у мяне цішотку з надпісам «Четырежды президент? Нет! Это не президент, а царь-самозванец» і сказаў, што забетанаваў бы такіх, як я.
Апрача пагрозы з бетонам, была спроба ціску з боку кіраўніцтва прыватнай арганізацыі, дзе я працую. Кіраўнік спачатку хацеў, каб я здымаў цішоткі. Тады я растлумачыў яму, што ён не мае права загадваць мне, па якім графіку спаць з жонкай. Неўзабаве ён стаў пагражаць звальненнем. Але я адказаў, што ў маёй торбачцы можа апынуцца ніт памерам 27, разьбу на якім буду правіць аб ягоную галаву. Усе пытанні зняліся.
— Жорстка, але дзейсна… На фотаздымках з сацыяльных сетак вы стаіце побач з Уладзімірам Мацкевічам. Гэта сяброўства ці супраца?
— Я шмат дыскутаваў з ім у сеціве, браў удзел у ягонай перадачы «Размова», дзе пакінуў адну са сваіх цішотак, каб нехта мог апрануць і весці ў ёй размову са спадаром Мацкевічам. На жаль, ягоныя госці пакуль гэта засцерагаюцца рабіць…
— Чарговым ідалам для пашаны апазіцыі і нават «дойнай каровай грантасмокаў» ахрысцілі вас гомельскія ідэолагі на сайце gomelbest.com. Ці паступалі вам прапановы ад кіраўнікоў палітычных партый гуляць за іхнія каманды?
— Не, бо лідары ведаюць маю пазіцыю не браць удзел у выбарах. Я свядома не належу да палітычных сілаў, мяне гэта не вабіць. На мой погляд, палітычная партыя — нешта накшталт інстытута, дзе мусіць праводзіцца навучанне эканоміцы, праву, гаспадарчай дзейнасці. І менавіта гэтыя інстытуты павінны спаборнічаць за ўладу. На жаль, у нашай краіне палітычныя партыі і рухі ствараюцца пад чалавека, і я з гэтым пагадзіцца не магу.
Я ўпэўнены, што калі на вуліцы беларускіх гарадоў выйдзе хаця б два мільёны чалавек у цішотках з надпісам «Лукашенко, уходи!», то яму ва ўладзе застануцца лічаныя дні. Трэба дзейнічаць самім, а не чакаць дапамогі з боку Еўрасаюзу. Самі людзі мусяць зразумець, што маўчанне — знак згоды з уладамі, і нават цішоткай магчыма выказаць сваю незадаволенасць рэжымам. Добра, калі нехта вынайдзе лепшы спосаб, але галоўнае — не маўчаць!