Міраслаў Кобаса

Калі я папрасіў Міраслава Кобасу распавесці пра сваё жыццё, ён пачаў не з даты свайго нараджэння, а з дня стварэння Асветніцкага грамадскага аб’яднання (АГА) «Фонд імя Льва Сапегі». За апошнія гады я задаваў гэта пытанне розным людзям больш за сотню раз, але такую храналогію адказу чуў упершыню…

Зорная мара



fdf1bc5669e8ff5ba45d02fded729feb.jpg

Калі я папрасіў Міраслава Кобасу распавесці пра сваё жыццё, ён пачаў не з даты свайго нараджэння, а з дня стварэння Асветніцкага грамадскага аб’яднання (АГА) «Фонд імя Льва Сапегі». За апошнія гады я задаваў гэта пытанне розным людзям больш за сотню раз, але такую храналогію адказу чуў упершыню…
Зорная мара
Сам жа Міраслаў Кобаса нарадзіўся 2 чэрвеня 1954 года ў райцэнтры Даліна Івана-Франкоўскай вобласці. Як і многія юнакі ў 17 гадоў, ён захапляўся фантастыкай і хацеў быць бліжэй да зорак, але астранамічныя ВНУ знаходзіліся ў Кіеве, Маскве, Санкт-Пецярбургу і некаторых іншых далёкіх гарадах. Міраслаў добра разумеў, што з правінцыйным школьным атэстатам (амаль усе выдатныя адзнакі) прабіцца туды практычна не магчыма, таму абраў «астраномію і геадэзію» Львоўскага політэхнічнага інстытута (ЛПІ).
Дарэчы, яго бацька, Уладзімір Дзям’янавіч, 35 гадоў быў нафтавіком. У непасрэдным сэнсе гэтага слова. Нямногія ведаюць, што сваёй нафтай і газам Украіна забяспечвае ўсе насельніцтва гэтай краіны, а купляе іх у Расіі толькі для прамысловасці. Ад роднага дома Кобасы да бліжэйшай буравой вышкі было ўсяго трыста метраў.
Маці, Марыя Сцяпанаўна, 12 першых гадоў жыцця Міраслава выхоўвала яго і сястру, пільнавала дамашнюю гаспадарку, а потым працавала качагарам на базе буравых трубаў.
У Мінск ён трапіў, можна сказаць, з дапамогай «Аэрафлоту». Размеркаванне было «ўсесаюзнае». Спецыяльнасць патрабавала пасля кожнага курса даволі працяглую практыку на вытворчасці. Пасля чацвёртага курса ён паўгода працаваў у беларускай геадэзіі. Там і прапанавалі пайсці пасля сканчэнне ЛПІ да іх. Было гэты напрыканцы кастрычніка 1975 года.
Так Міраслаў Кобаса і зрабіў. У маі 1976 года ён са Львова на некалькі гадзін прыляцеў у Мінск, забраў падрыхтаванае запрашэнне, вярнуўся і асабіста аднёс яго ў свой дэканат. Квіток у адзін бок пацягнуў 17 савецкіх рублёў, што было нямала, але мара каштуе значна даражэй.
Ён ніколі не пашкадаваў пра свой жыццёвы выбар, хаця той і меў да зорак даволі ўскоснае дачыненне. Новай прафесіі Кобаса ахвяраваў 14 гадоў жыцця, большая палова з якіх выпала на камандзіроўкі. Там яны жылі па прынцыпу «кожны сам сабе начальнік», і добра ўсведамлялі, што такое сапраўдная свабода.
Зразумела, такі рытм вытрымае не кожная жонка. І тут Міраславу яшчэ раз вельмі пашанцавала. Таццяна скончыла той жа самы факультэт, толькі па спецыяльнасці «інжынерная геадэзія», на два гады пазней за яго і добра ўсведамляла, што яе чакае.
Першыя шэсць гадоў Міраслаў Кобаса працаваў як кіраўнік брыгады, а астатнія восем быў кіраўніком геадэзічнай партыі. Можа, пазней гэта свабода дзеянняў і будзе падмуркам другой свабоды — думак.
Праз церні да зорак
Пачалося ўсё з таго, што ў 1990 годзе Міраслава Кобасу сярод іншых абралі дэпутатам Мінскага гарадскога савету. Зараз такога не можа быць па вызначэнню, але тады там існавала тры фракцыі — камуністычная, прадэмакратычная, якую ў большасці складалі прадстаўнікі БНФ, і «нейтральная» — тыя, хто ўжо расчараваўся ў КПСС, але пакуль не вызначыўся з палітычнымі прыярытэтамі.
 Кобасу абралі старшынёй камісіі па льготах і прывілеях. Там ён зразумеў, што адукацыі не хапае, і пайшоў вучыцца ў БДУ на юрыдычны факультэт. Больш за тое, стала абсалютна відавочна, што для таго, каб нешта змяніць у грамадстве, нельга думаць: «шапкамі закідаем», а ставіцца да ўсяго трэба больш грунтоўна. Менавіта для дасягнення апошняй мэты і было патрэбна нейкае апірышча.
26 чэрвеня 1992 года ініцыятыўная група, у якую ўваходзілі 18 аўтарытэтных для Беларусі (і не толькі) людзей (напрыклад, мастак Алесь Марачкін і пісьменнік Артур Вольскі), правяла ўстаноўчы з’езд адной з самых вядомых сёння арганізацый «трэцяга сектару». Пэўны час пайшоў на падрыхтоўку неабходных папер, і 11 ліпеня 1992 года яе зарэгістравалі ў беларускім міністэрстве юстыцыі.
Тады гэта быў Беларускі рэспубліканскі фонд падтрымкі дэмакратычных рэформаў. А знаёмае нам «імя Льва Сапегі» з’вілася значна пазней. Падчас чарговай перарэгістрацыі, якіх, дарэчы, за 18 гадоў існавання арганізацыі было аж шэсць. Амаль усе пры існуючай уладзе.
Як заўсёды, першапачаткова ў новай структуры былі пэўныя арганізацыйныя складанасці, але ўжо ў 1994 годзе з’явілася магчымасць здымаць офіс, утрымліваць невялікі штат і мець асабістага бухгалтара. Тыя, хто разбіраецца, скажуць, што гэта нямала.
Першым старшынёй праўлення быў вядомы юрыст Георгій Куневіч (былы дэпутат Мінгарсаветf), які сёння выкладае ў БДУ. Кіраваў ён арганізацыяй да 1997 года, калі на гэту пасаду абралі Міраслава Кобасу. А прыйшоў ён туды працаваць 5 мая 1994 года.
Не буду пералічваць усе накірункі дзейнасці арганізацыі, а звярну вашу ўвагу толькі на самыя галоўныя, бо гэта дапаможа зразумець, чаму ўлады лічаць АГА «Фонд імя Льва Сапегі» апазіцыйнай, хаця з самага пачатку падкрэсліваецца, што гэта цалкам апалітычная арганізацыя. Маюцца на ўвазе «развіццё мясцовага самакіравання» і «рэалізацыя правоў грамадзян у лакальнай супольнасці».
Ад зорак да церняў
Больш-менш нармальна яны працавалі да 1995 года. У той час было 55 дамоваў аб супрацоўніцтве з рознымі мясцовымі ўладамі. Існавалі нармальныя стасункі з камісіяй Вярхоўнага савета па мясцоваму кіраванню (была і такая) і рознымі дзяржаўнымі ўстановамі. А потым пачалі ствараць «вертыкаль».
У рэальнасці гэта адбывалася так. Спачатку ў саветаў розных узроўняў забралі падпарадкаванне выканкамаў і яны засталіся без выканаўчых органаў. Потым пачалося пераманьванне лепшых кадраў у выканаўчыя структуры. Паціху адбіралі асноўныя паўнамоцтвы або прымушалі «дэлегаваць» іх выканкамам. Словам, адбывалася тое, што і было абяцана ў сумна вядомай фразе не весці беларускі народ за цывілізаваным светам. Нічога падобнага нідзе няма. Наадварот.
Наўрад ці знойдуцца тыя, хто можа назваць гэтыя ўмовы спрыяльнымі для дзейнасці структуры, якая займаецца мясцовым самакіраваннем і, тым не менш, яны працавалі. Адбываліся стажыроўкі за мяжой, ажыццяўлялася шмат розных праграмаў. Выбары — канчатковая мэта, галоўнае іншае — зрабіць так, каб іх неабходнасць была рэальнай.
За час дзейнасці АГА «Фонд імя Льва Сапегі» ў іх мерапрыемствах прынялі ўдзел каля 8 тысяч чалавек, апублікавана звыш 30 кніг і брашур, каля 40 аглядаў і бюлетэняў, падрыхтаваныя больш 400 спецыялістаў па самакіраванню. Пагадзіцеся, такой працаздольнасцю можа пахваліцца далёка не кожная структура «трэцяга сектару».
Іх праекты былі патрыманыя такімі вядомымі структурамі, як фонд Сораса, TACIS, фонд Еўразія, MATRA, фонд Эберта, NED, фонд Адэнаўра, SIDA, USAID, Еўракамісія, але гэтымі гучнымі назвамі сёння цяжка каго-небудзь здзівіць. Па-сапраўднаму здзіўляе іншае. АГА «Фонд імя Льва Сапегі» з 2001 года з’яўляецца наглядальнікам на Кангрэсе мясцовай і рэгіянальнай улады Рады Еўропы. Іншымі словамі, працуе там, дзе па гэты дзень няма афіцыйнай Беларусі.
Але прынцыповы момант тут — апалітычнасць арганізацыі, якая не з’яўляецца часткай якой-небудзь партыі. Так, у яе шэрагах ёсць прыхільнікі розных палітычных партый, але гэта асабістая справа кожнага.
Такі расклад, на мой погляд, у першую чаргу і не падабаўся ўладам. З самага пачатку яны «не ляжалі» пад якой-небудзь «дзяржаўнай ідэалогіяй», але і дзейнічаць па прынцыпу «хто не з намі, той супраць нас» улады таксама не маглі, бо «супраць» не датычылася канкрэтных персаналіяў, а накірунку руху.
Не вельмі добра разбіраюся ў карыдзе, але ведаю, што для быка без розніцы, які колер мае тое, чым яго дражняць. Так і тут. Не важна, што нейкія сімвалы афіцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі. Галоўнае, што яны выйшлі з тых крыніц, якія нельга назваць падкантрольнымі. На практыцы гэта азначае «что хочу, то и ворочу» любога дзяржаўнага чыноўніка або амапаўца.
Калі заззяюць зоркі
Паэт Уладзімір Маякоўскі, напэўна, адказаў бы на гэта пытанне: «Калі гэта каму-небудзь будзе трэба». На жаль, сённяшняй уладзе пакуль гэта не патрэбна. Больш за тое, яны цалкам забаранілі ўдзел у мерапрыемствах АГА «Фонд імя Льва Сапегі» не толькі непасрэдным чыноўнікам ад самакіравання, але і тым, хто мае хоць якое-небудзь дачыненне да дзяржавы. Напрыклад, у 2006 годзе за ўдзел у іх семінарах звольнілі двух выкладчыкаў Эканамічнага універсітэта. Самае цікавае, што агучвалі яны тое, што чыталі сваім студэнтам на афіцыйных лекцыях, і ні да якіх рэвалюцыйных зменаў не заклікалі…
Яшчэ раз тлумачыць, чаму абрана менавіта імя Льва Сапегі няма сэнсу, бо амаль усе ведаюць пра дзейнасць канцлера Вялікага княства Літоўскага. А вось пра тое, як гэта імя з’явілася ў назве арганізацыі, ёсць сэнс распавесці больш падрабязна.
1997 год. Думаю, шмат хто ведае, што для таго, каб у любой назве з’явілася прозвішча выдатнага чалавека, пры пэўных умовах трэба дазвол яго нашчадкаў. Міраслаў Кобаса ведаў, што ў той час жылі мінімум двое з іх — у Польшчы і Кеніі. З апошнім і пашанцавала сустрэцца падчас Першага з’езду беларусаў свету. Кобаса патлумачыў сутнасць пытання і атрымаў згоду. Гэта і стала пераважным аргументам.
Нагадаем, розных перарэгістрацый было шмат. Калі прынялі новы Грамадзянскі кодэкс, які падрабязна рэгламентаваў дзейнасць недзяржаўных арганізацый, была ўстаноўлена розніца паміж статусам грамадскіх аб’яднанняў і статусам фондаў. Атрымлівалася, што брэнд давядзецца страціць. Ніхто гэтага не хацеў. Так і з’вілася назва Асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Фонд імя Льва Сапегі». І захавалася славутае імя, і сутнасць не змянілася.
Упэўнены, кожны сутыкаўся з тым, што чыноўнікі да нас — дакладней, да тых, хто іх корміць, — ставяцца, мякка кажучы, праз зубы. Пра тое, што так быць не павінна, тлумачыць нікому не патрэбна. А вось што трэба зрабіць? Адказ просты — мясцовае самакіраванне, якім і займаецца арганізацыя Міраслава Кобасы.