Малы ўспамін пра вялікага чалавека

Не стала айца Аляксандра Надсана. Калі верыць, усе мы, хто сёння жыве на зямлі, з’яўляемся злучвом паміж пакаленнямі, якія былі да нас, і тымі, што прыйдуць пасля. Мы — тое жывое кола, якое звязвае ланцуг у народ, і з гэтага кола выйшаў, адышоў да папярэднікаў а. Аляксандар. Ён пайшоў да тых, хто яго чакаў: а. Язэпа Германовіча, а. Уладзіслава Чарняўскага, кс. Вінцэнта Гадлеўскага і многіх іншых папярэднікаў-беларусаў.



aliaksandr_nadsan.jpg

Мне пашчасціла пазнаёміцца з айцом Аляксандрам асабіста, пагаварыць і памаўчаць разам.
Была позняя восень, лістапад 2008 года, я прачуў пра тое, што а. Аляксандар Надсан прылятае ў Беларусь і будзе выступаць у лёхах Чырвонага касцёла. На імправізаванай сцэне з’явіўся мілы сівенькі дзядок з добрымі вачыма.
Чорная марынарка, на якой былі прышпілены два значкі — сцяг і над ім крыж. Мова чыстая, самабытная, мова-песня для вуха студэнта першага курса філалагічнага факультэта.
Пачаў сваю прамову Аляксандар Надсан з падзякі за падарункі да свайго юбілею. Умела жартаваў, чым развесяліў сабраных, а пасля перайшоў да рэчаў больш важных, грунтоўных.
Казаў пра тое, што Хрыстос прыйшоў на зямлю не каб яму служылі, а каб служыць іншым, пра тое, што мэта нашага зямнога вандравання — здабыццё вечнага жыцця. Таксама згадаў, што, будучы чалавекам, кожны з нас мае сваю Бацькаўшчыну, для якой ён хоча шчасця, бо Бацькаўшчына — гэта пашыраная сям’я.
Вельмі важныя, фундаментальна важныя, словы прагучалі з вуснаў а. Аляксандра: святы Павел, апостал для ўсіх народаў, паходзіў з жыдоў і казаў, што, калі б гэта было карысным для яго народа, адрокся б ад Хрыста. Зразумела, што не адрокся, бо карысным гэта не было, але наколькі моцна трэба любіць свой народ, каб сказаць такое.
Узгадаў Надсан і Францішка Скарыну. У прадмове да Псалтыра першадрукар пісаў, што выдае кнігу дзеля дабра і пажытку свайго народа, «бо з гэтага языка Бог мяне і паклікаў».
«Гэтыя словы павінны быць прыкладам», — казаў Надсан. Калі Бог зрабіў нас беларусамі, то меў для нас пэўную мэту.
Так выйшла, што айцец Сяргей Гаек прапанаваў мне асабіста сустрэцца з айцом Аляксандрам. У капліцы грэка-каталікоў, што на вуліцы Арджанікідзэ, было ціха і светла.
Халодны восеньскі ранак быў скупым на цяпло, але досыць яркім сонцам заліваў драўляную падлогу. Сярод цішыні сядзеў сівенькі дзядок і ўзіраўся ў абраз у алтары, пад якім тлела шэрым дымком чырвоная лампадка. Я падышоў да чалавека ў чорнай сутане і размясціўся побач, колькі хвілін мы сядзелі моўчкі і ўзіраліся ў абраз.
Айцец Аляксандар няспешліва, але са шчырай, добрай усмешкай паглядзеў на мяне.
— Пахвалёны Езус Хрыстус! — кажу я.
— На векі вечныя амэн, — адказаў айцец.
Мы ўсміхнуліся адзін аднаму.
— Гэта ты той самы хлапец, які хацеў са мной пагаварыць?
— Так, ойча, гэта я. Мяне завуць Дзяніс.
— У цябе добрыя вочы, Дзяніс.
— Дзякуй, — няёмка адказаў я.
Мы гаварылі пра розныя рэчы: пра маю вучобу, пра пакліканне ў жыцці, пра гісторыю і літаратуру.
— У цябе прыгожая беларуская мова, Дзяніс. Мне досыць рэдка апошнім часам даводзіцца чуць харошую беларускую мову.
— Для мяне гэта самы прыемны камплемент — пачуць такое ад Вас. Вашай мовай я насычаюся, слухаю яе з вялікім замілаваннем, нібыта акамулятар, зараджаюся ад яе.
— У цябе беларускамоўная сям’я?
— Бацька заўсёды стараўся, каб мы з сястрою гаварылі, чыталі, навучаліся па-беларуску. Прыкладам сямейнай беларушчыны быў для нас брат майго прадзеда а. Уладзіслаў Чарняўскі.
— Бач ты, во яно як. Чаму ж, ведаю я твайго сваяка. А хочаш яшчэ пра аднаго з тваіх продкаў раскажу?
— Буду бязмежна ўсцешаны, дзякуй!
— Звалі яго Францішак Чарняўскі. Пазнаёміўся я з Франуком у Лондане, ён там таксама з беларусамі працаваў, пасля ў Парыжы з беларускімі студэнтамі апекаваўся. Памёр у Амерыцы. Добры быў чалавек. Мг, дык у цябе, кажаш, славуты род, — усміхнуўся.
Мы яшчэ з паўгадзінкі гаварылі пра розныя рэчы, але святара паклікалі па пільных справах, і мы вымушаныя былі развітацца.
Сем гадоў прайшло з тэй сустрэчы. Пасля меўся запісаць айца Аляксандра на відэа, як той чытае верш для платформы Litara-A, ужо нават дамовіліся пра здымкі, мае лонданскія сябры павінны былі ў гэтым дапамагчы, але не паспелі.
Што ж, светлая памяць вялікаму беларусу.
Дзяніс Бурко, nn.by