Мастак Алесь Пушкін

 Маё знаёмства з гэтым вельмі таленавітым і цікавым чалавекам адбылося ў 1994 годзе і адразу ўразіла. Упэўнены, многія ведаюць легенду пра тое, што падчас нейкай бітвы воін сваёй крывёй правёў па бялізне паласу і падняў над галавой тое, што пазней стане бел-чырвона-белым сцягам. Пушкін зрабіў крыху інакш. У медычнай установе ён здаў 250 грамаў сваёй крыві, а потым на белым палотнішчы (два на метр) правёў ёй чырвоную паласу. Больш крэатыўнага варыянта засведчыць для гісторыі свой маральны выбар і прыдумаць цяжка.

Малюнкі дзяцінства



3713bdda7149579475f3734e8bd0e14a.jpg

 Маё знаёмства з гэтым вельмі таленавітым і цікавым чалавекам адбылося ў 1994 годзе і адразу ўразіла. Упэўнены, многія ведаюць легенду пра тое, што падчас нейкай бітвы воін сваёй крывёй правёў па бялізне паласу і падняў над галавой тое, што пазней стане бел-чырвона-белым сцягам. Пушкін зрабіў крыху інакш. У медычнай установе ён здаў 250 грамаў сваёй крыві, а потым на белым палотнішчы (два на метр) правёў ёй чырвоную паласу. Больш крэатыўнага варыянта засведчыць для гісторыі свой маральны выбар і прыдумаць цяжка.
Малюнкі дзяцінства
На Божы свет я з’явіўся 6 жніўня 1965 года, а літаральна праз некалькі дзён, калі мяне збіраліся ў першы раз купаць, здарыўся вельмі цікавы і містычны выпадак. Да нас прыйшоў міліцыянер. Побач з мястэчкам здарылася нейкая аварыя, і ён высвятляў усе абставіны. Я даволі часта думаю пра гэты Знак. Шмат хто лічыць: пры першым купанні трэба ўважліва сачыць за ўсім, што адбываецца, бо нешта можа сведчыць пра далейшы лёс немаўля. Невыпадкова беларусы лічаць, што яго трэба праводзіць у прысутнасці дзеда і бабы. Класці залатую манетку ў ванначку. Альбо лажыць пад яе кніжку, каб дзіця расло разумным і цягнулася да ведаў. Гэта вельмі важная рэч.
Мабыць, той выпадак паказвае, што ўсё жыццё будзе супрацьстаянне дзяржаўнага чалавека і мяне.
Тата, Мікалай Іванавіч Пушкін, меў тады сорак адзін год. У мястэчку Бобр (Крупскі раён Мінскай вобласці) ён нарадзіўся ў 1924 годзе, а памёр у 2007-м. Пражыў тут усё жыццё. Дарэчы, адсюль усе нашы продкі па яго лініі. Дзед Іван Дамэнтавіч Пушкін жыў з 1898 года па 1978, прадзед Дамэнта Канстанцінавіч Пушкін таксама нарадзіўся і памёр у Бабры. Тут са сваімі дзецьмі цяпер жыву і я. Так што як мінімум пяць пакаленняў Пушкіных паходзяць з мястэчка Бобр.
Вельмі каштоўна, што, нягледзячы на дзве сусветных вайны, калектывізацыю, часы «чорных варанкоў», Курапатаў, паездак на цаліну і г.д. наш род жыве на адным месцы на працягу пяці пакаленняў. Ганаруся гэтым і цаню. Мне прыемна, што я хаджу па зямлі, па якой хадзіў мой прадзед, збіраю грыбы ў тым лесе, дзе мой дзед вязаў мётлы, гляджу на рэчку, дзе тата некалі лавіў рыбу.
Тата працаваў электрыкам на Бобраўскім лесапільным заводзе, які вырабляў дэталі для піяніна «Беларусь». Гэта быў філіял вядомага барысаўскага завода, а дрэвы для распілоўкі туды прывозілі з Усходняй Сібіры — цудоўныя елачкі, якія вытрымалі вельмі моцныя маразы. Вагонамі — у Беларусь, каб тут працягваліся «прыродныя спевы».
Маці звалася Ганнай Іпалітаўнай Пушкінай (дзявочае прозвішча — Сільмановіч). Яна з вёскі Ухвала, што ў 30-ці кіламетрах ад Бабра ў бок Бялыніч. Калі я нарадзіўся, яна ўжо не працавала. Інвалід другой групы.
Чаму? Адразу пасля вайны яна працавала ў падсочкі і збірала смалу. У вялікія снежныя пасляваенныя зімы хадзіла ў гумовых ботах. Яе бацькоў нават «да начальства» выклікалі за тое, што яна прыдумала і спявала ў школе частушку: «Слава Сталину-грузину, что он выдумал резину»…
Гумовыя боты, што яна надзявала на ногі, каб збіраць смалу, з якой потым на каніфольнай фабрыцы рабілі серпанціну, шкіпінар, каніфоль, і сталі прычынай поліартрыту. Мяне і сястру выхоўвала ўжо хворай.
Святлана, на год старэйшая за мяне, таксама жыве ў Бабры. Я вельмі рады, што мы часта сустракаемся ў бацькоўскай хаце, дзе зараз месціцца мая майстэрня, вечарамі разам п’ем гарбату і пра нешта гаворым. Для нашага часу гэта даволі рэдкая з’ява. Часцей бывае так, што адзін ва Уладзівастоку альбо Алма-Аце, а другі, скажам, у Брэсце.
У мяне быў яшчэ старэйшы брат Сяргей, які ў 37 год, на жаль, памёр ад гарэлкі. А яшчэ быў — Аляксандр Мікалаевіч Пушкін. Нарадзіўся ён у 1960 годзе і пражыў толькі адзін годзік. На нашых могілках ёсць магіла менавіта з такім надпісам.
Праз чатыры гады яго імя далі мне. Цяпер трэба пражыць «за дваіх».
Першыя фарбы
Прыкладна з 6-ці гадоў я пачаў маляваць. І быў такім дзіцём, якое не вельмі цягнецца да кампаній. Усе дзеці хадзілі на рэчку альбо ў кіно, а я заставаўся дома і маляваў. Калі мне было 13 гадоў, у нашым раённым цэнтры праходзіў нейкі конкурс, куды прыехаў мастак з Мінску. Дакладней, са школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Ахрэмчыка, што зараз называецца Рэспубліканскім каледжам мастацтва. Звалі яго Пётр Пятровіч Шарыпа. Тады ён быў у нашым раёне ў камандзіроўцы. У райцэнтр сабралі таленавітых дзяцей з вясковых школ, і ён праводзіў тэсты — мы рабілі кампазіцыі, нацюрморт, малявалі алоўкам, акварэллю, а з тыльнага боку пісалі свой хатні адрас і асабістыя дадзеныя.
У траўні 1978 года мы атрымалі запрашэнне прыехаць у Мінск на Валгаградскую, 5 (зараз вуліца Макаёнка) і прайсці другі тур экзаменаў на паступленне. Заснаваў гэтую школу-інтэрнат знакаміты Рыгор Шырма, а мэта — сабраць туды з усёй краіны таленавітых дзяцей. Спачатку яна месцілася пры Оперным тэатры, а ў другой палове шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя пабудавалі асобны будынак. У ім яна размешчана і сёння. Жывапіснае месца, парк Чэлюскінцаў, пяць карпусоў, якія пераходамі злучаюцца паміж сабой. Гэта побач з дзіцячай чыгункай і насупраць шпіталя КДБ.
Школа была закрытага тыпу, дзе нас выпускалі за яе межы толькі з дазволу выхавальніцы. Як салдат у арміі.
Бацька мой паступіў мудра — магчымасць вучыцца ў сталіцы ён вітаў вельмі шчыра. Так пасля пяці класаў сярэдняй школы вёскі Бобр я стаў працягваць вучобу ў Мінску.
Да таго ж мой тата бачыў, што ў нашым раёне ёсць адзін мастак-афарміцель, які малюе леніных-марксаў, атрымлівае шмат грошай і можа купляць тыя ж цукеркі «Мішка на поўначы» амаль кілаграмамі альбо піць самы дарагі каньяк. Ён марыў, каб такім жа багатым, заможным стаў і я. Ён так і казаў — навошта табе ўсё жыццё цягаць дошкі на станок на нашым лесазаводзе, вывучышся, будзеш пісаць нешта накшталт «Слава КПСС!» і зажывеш вельмі добра.
Мы паспяхова здалі тры экзамены, а жніўні прыйшоў ліст, дзе пісалася, што я залічаны ў гэтую вучэльню. Не скажу, быццам бы для маёй маці гэта было нечым асабліва радасным. У нашым мястэчку «школа-інтэрнат» выклікала пэўныя асацыяцыі з «неблагополучными семьями», і ёй не вельмі хацелася аддаваць туды свайго сына. Аднак бацька на гэты конт быў непрыступны — вучыцца.
Пётр Пятровіч Шарыпа стаў маім першым настаўнікам. Дзякуй Богу, ён жывы і сёння і дагэтуль там выкладае. Не так даўно мы бачыліся на пасяджэнні суполкі «Пагоня» і дамовіліся ў будучым кантактаваць рэгулярна.
Вучыўся я да 1983 года, і калі была абарона маёй дыпломнай працы («Вясковыя ганчары» паявіліся пасля паездкі ў Івянец), менавіта ён быў маім кіраўніком і даў характарыстыку на паступленне ў тагачасны Беларускі Дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, які зараз стаў Акадэміяй мастацтваў Беларусі.
Адвучыўся там восем гадоў. Капітальныя адукацыя. Мы малявалі там цэлымі днямі і начамі. У класе было 16 чалавек — шэсць хлопцаў і дзесяць дзяўчат. За межы школы-інтэрната выходзілі даволі рэдка. Думалі толькі пра мастацтва.
Палітра жыцця
Мая вучоба цягнулася там сем гадоў. Чаму так доўга? Таму што ў іх уваходзяць два гады вайсковай службы. Пасля першага курса мяне прызвалі ў знакамітую 40-ю агульнавайсковую армію, якая ваявала ў Афганістане. Дакладней, у 181 верталётны полк, што месціўся ў Кундузе. Служыў з 1984-га па 1986 год.
Адразу пасля звальнення ў запас аднавіўся на другі курс. Гэта ўжо быў час (сапраўдны росквіт) перабудовы. У 1990 годзе я зрабіў дыпломную работу «Гісторыя сваёй школы», якая там вісіць і сёння. Больш за 20 гадоў. Дарэчы, менавіта за яе мяне прынялі ў Саюз мастакоў СССР. Чырвоная скураная кніжачка захавалася дагэтуль.
Беларусь быццам бы ачнулася ад сну і пачала хутка адраджацца. Гэтая хваля свабоды літаральна захліснула мяне. Я ездзіў на выставы ў Рыгу, Вільню, Маскву, Санкт-Пецярбург. Першыя вальныя соймы маладзёжных суполак. Паяўленне «Талакі», «Майстроўні», святкаванне «Гукання вясны» ў парку Янкі Купалы. На базе чацвёртага курса я стварыў першую суполку БНФ.
На гэты ж час прыходзіцца і першая «адсідка». Арыштавалі мяне за ўлёткі, якія клеіў на фасадзе нашага інстытута перад «Дзядамі» 1988 года. 15 сутак. Колькі іх будзе потым, я нават і не лічыў. Затым было святкаванне 25 сакавіка 1989 года 71-ай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі. Я стварыў Дэкларацыю сацарту. Асабіста напісаў 12 плакатаў, якія мы хацелі несці на плошчу Леніна, але дайсці далі толькі да Дома Друку. Там і пахапалі. Арыштавалі 130 чалавек. За гэта мне тады далі два гады ўмоўна і пяць гадоў «поражения в правах», але вучоба працягнулася.
Тата гэтага зразумець не мог. У іх час мяне б у лепшым выпадку адправілі ў Сібір «валіць лес», а тут такая дэмакратыя. Словам, на сваім лёсе я адчуў, што ў краіне нешта змянілася.
У 1990 годзе мяне размеркавалі ў Віцебск і адразу ўзялі на ўлік у мясцовай міліцыі. Працаваў там у мастацкім камбінаце, рабіў персанальныя выставы. Напэўна, цяпер такой адноснай свабоды ў Беларусі ўжо няма. З вучэбнай установы выключылі б адразу…
Чаму абраў менавіта гэты горад? Таму што ў Віцебска цудоўная гісторыя. Там працавалі Малевіч і Шагал. Спачатку я там уладкаваўся на працу ў мастацкі камбінат і нават атрымаў інтэрнат. Потым знайшоў сабе майстэрню, купіў мальберт і пачаў рыхтаваць першую выставу, якая называлася «Сацарт. Дэкларатыўнае мастацтва». Напісаў адпаведны Маніфест і зрабіў перфоманс: сеў на асла і з голубам у руцэ 25 сакавіка (Дзень Волі) пад гукі духавога аркестру праехаўся па Віцебску. І адразу са словамі: «Ён прынясе нам свабоду!» гэтага голуба адпусціў. Ніякіх «дазволаў» на такія мерапрыемствы з боку ўлады тады не існавала. І ўвогуле — час быў іншы.
Мне дазволілі адкрыць першую ў горадзе, і адну з першых у краіне, прыватную галерэю. 50 квадратных метраў. Недалёка ад музею Марка Шагала. Лабараторыя эксперымента «У Пушкіна» праіснавала да 1997 года, калі цэнзура вярнулася зноў.
Паралельна некаторы час працаваў мастаком у Віцебскім акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа. І чатыры з паловай гады ездзіў кожны тыдзень у Магілёў. Тры гадзіны язды на цягніку. Туды мяне запрасіў Фелікс Янушкевіч. Дакладней, Беларуская каталіцкая грамада, якую ён узначальваў. Гэта быў час адраджэння храмаў — каталіцкіх і праваслаўных.
Я рэстаўрыраваў і аднаўляў там катэдру Святога Станіслава, цяпер гэта Кафедральны касцёл Небаўзяцця Святой Дзевы Марыі. Велічэзны.
Тыдзень працаваў у Магілёве, а на выходныя ехаў у Віцебск. Сілаў хапала на ўсё.
Магілёў — прыгожы горад, і час тады быў вельмі цікавы. У горадзе рэстаўрыравалі каля двух з паловай тысячы квадратных метраў фрэсак, стварылі фестываль «Магутны Божа», правялі шмат выстаў. У тым ліку і маіх.
Дарэчы, менавіта там я пазнаёміўся з будучай жонкай Янінай Дэмух. Яна працавала настаўніцай у сваім Стаўбцоўскім раёне і прыехала ў наш касцёл на вакацыі. Жонка — каталічка, муж — праваслаўны. Вельмі ўласціва нашай Беларусі.
Мы бралі шлюб у 1997 годзе. Выхоўваем дваіх дзетак.
Колеры будучыні
Мястэчка Бобр паходзіць з 1516 года. Гэта афіцыйнае ўзгадаванне ў летапісе. Думаю, з’явілася яно крыху раней. У Бабры «да камуністаў» было дзве сінагогі, касцёл і праваслаўная царква. У 1936 годзе яе разабралі і прадалі на дровы.
Зараз у нашым мястэчку жывуць 1100 жыхароў, з якіх 78% — пенсіянеры. 50 чалавек раней былі асуджаныя. У школе вучыцца 160 хлапчукоў і дзяўчынак, а ў дзіцячы садзік ходзіць усяго 30 дзяцей. І адзін — мастак. Прыемна.
Невыпадкова тата, калі там адрадзілі царкву, з гонарам сказаў: «Яе будзе распісваць мой сын». Так і павінна быць у жыцці. Прызначэнне чалавека ў тым і заключана, каб вяртаць «даўгі» зямлі, якая яго нарадзіла і выхавала.
На жаль, менавіта з гэтай царквой звязана найбольш сумная падзея апошніх 15-ці гадоў майго жыцця. Яна з’яднала мой з Янінай лёс. Там я хрысціў сваіх доўгачаканых дзетак (Міколку — чакалі шэсць год). Адпяваў маму і тату… З таго, што я зрабіў у сваім жыцці, гэта работа была самай важнай.
17 лютага 2011 года, з двух да чатырох гадзін раніцы, яе не стала. Калі ў 8 гадзін я туды прыйшоў, убачыў адны галавешкі і тры званы, якія засталіся на званіцы. Усе абразы згарэлі, а фрэскі абсыпаліся. Мароз тады быў — мінус 25. Пажарныя палівалі са шлангаў, усё цякло па сценах і замярзала, а потым разбуралася і абсыпалася. Уявіце — на гарачыя сцены льецца ледзяная вада…
Патрэскалася нават падлога, хаця і была зроблена з керамічнай пліткі.
Мабыць, такой была Божая воля. Нават калі пажару «дапамаглі» нейкія спецслужбы, без жадання Яго нічога б не адбылося. Як кажуць, факт застаецца фактам. Гэтую царкву адраджалі ўсёй вёскай. Прастаяла 15 гадоў.
Зараз усяго гэта зноў няма. Трэба пачынаць з нуля. Быццам бы ўсім нам нехта кажа — калі вы любіце сваю краіну, мястэчка і верыце ў Бога, рабіце ўсё наноў. Атрымліваецца своеасаблівая «перазагрузка».
Так, былі памылкі. Так, царква распісвалася і ў 1996 годзе, калі я эмацыйна рэагаваў на падзеі. Канешне, было і лукаўства, калі ў «Судным дні» намаляваў пэўных людзей. Паказваў гэта журналістам, якія зубаскалілі і задавалі складаныя пытанні бацюшку. Той чырванеў і не ведаў, што адказаць.
Вакол кіпела шмат страсцей. Была рацыя. На фрэсцы па правым баку ад Хрыста стаялі праведнікі, па левай — грэшнікі. Анёл трубіў у трубу і пад ёй — людзі. Адзін, барадаты мітрапаліт, прыкрываўся крыжам, другі з зачосам і вусамі, бараніўся вялікімі кулакамі. За імі амапаўцы. Усё было вельмі пазнавальным. Дзякуючы таму, што дакументы былі ў парадку, а эскіз зацвердзілі, сем гадоў яе ніхто не чапаў. Пасля таго, як у 2005 годзе яе паказалі «Вести», літаральна на наступны дзень, у Бобр прыехалі протаярэй Мінскай епархіі Мікалай Кожыч і з ім два невядомых чалавека (не магу знайсці іх прозвішчы). Фрэску замалявалі валікамі.
Цікава, як я ўвогуле пачаў там працаваць. 1995 год. Пасля слоў таты, я зрабіў і прынёс на пасяджэнне царкоўнага камітэта (зараз іх ўжо няма) праект на трох планшэтах. «Дваццатка» (колькасць чальцоў) усё гэта ўважліва разглядзела, бабулі пасадзілі мяне ў машыну (тры селі побач) і павезлі на споведзь да благачыннага айца Івана Місіюка, які тады быў галоўным у нашай акрузе. Споведзь, як у першых хрысціян, была публічнай, і калі я нешта спрабаваў замаўчаць пра сваіх дзяўчат, бабулі адразу задавалі адпаведныя пытанні. Толькі пасля гэтага Благачынны даў блаславенне і зацвердзіў яго пячаткай. Гэта потым выратавала і дазволіла фрэскам пасля існаваць да «цэнзарскіх валікаў».
…Зразумела, што пасля таго, як царква згарэла, людзі казалі — з-за Пушкіна, таму што там быў намаляваны Лукашэнка. Магчыма, і так. Але менавіта яны вырашылі, што адраджаць фрэскі буду таксама я.
Жартую, што пасля пажару ў мяне было тры шляхі.
Першы. Спіцца, паламаць пэндзлі, выкінуць палітру, бо такая Божая воля і яму не да спадобы такое мастацтва.
Другі — з’ехаць у эміграцыю, бо ў Беларусі працаваць мне не даюць.
Трэці шлях. Зноў брацца за работу па аднаўленні нашай царквы.
Яго і абраў.